Калі Касцюшка вярнуўся дадому, у Беларусі адбываліся трывожныя падзеі. Расея, Аўстрыя і Прусія ўжо дзялілі Рэч Паспалітую і ўводзілі на захопленых землях свае парадкі. Беларусы, палякі, летувісы — усе, хто любіў Бацькаўшчыну, не маглі змірыцца з гэтым здзекам.
Пачатак паўстання
Збройнае змаганне за свабоду пачалося ў сакавіку 1794 года ў старажытнай сталіцы Польскага Каралеўства — Кракаве. Касцюшку абвясцілі начальнікам паўстання. Змагары хацелі выгнаць захопнікаў са сваёй зямлі і аднавіць незалежную Рэч Паспалітую ў яе ранейшых межах.
Неўзабаве ўзялася за зброю і Беларусь. У адну з красавіцкіх начэй паўстанцы вызвалілі ад расейскіх войскаў сталіцу Вялікага Княства Літоўскага Вільню.
Разам з іншымі змагарамі біліся з царскімі войскамі ўзброеныя косамі беларускія сяляне. Іх называлі касінерамі.
Паўстанцы спявалі «Песню беларускіх жаўнераў»:
Помнім добра, што рабілі,
Як нас дзёрлі, як нас білі.
Докуль будзем так маўчаці?
Годзе нам сядзець у хаце!
Нашто землю нам забралі?
Пашто ў путы закавалі?
Дочкі, жонкі нам гвалцілі.
Трэ, каб мы ім заплацілі!
Коней нам пазаязджалі,
Што хацелі, то і бралі.
Пойдзем жыва да Касцюшкі,
Рубаць будзем маскалюшкі!
Маскалюшкамі або маскалямі называлі звычайна расейскіх салдатаў-карнікаў.
Да паўстанцаў перайшла ўлада ў Горадні, Берасці, Наваградку, Слоніме, Пінску, Ваўкавыску, Браславе, Лідзе, Ашмяне ды іншых беларускіх гарадах і мястэчках. У сярэдзіне траўня былі вызваленыя ўжо амаль усе землі Вялікага Княства.
Якуб Ясінскі
У Беларусі паўстаннем кіраваў палкоўнік Якуб Ясінскі, якому тады было трыццаць тры гады. Ён хацеў вызваліць сялянаў ад прыгону, пісаў па-беларуску адозвы, дзе заклікаў змагацца за свабоду, роўнасць і братэрства. Ясінскаму верылі простыя людзі. Пад час бою з царскімі войскамі каля вёскі Паляны да яго далучыліся семсот сялянаў-касінераў.
Пад камандаваннем Якуба Ясінскага ў Беларусі дзейнічалі некалькі дзесяткаў
паўстанцкіх аддзелаў. На чале аднаго з іх стаяў наш зямляк кампазітар Міхал Клеафас Агінскі. Кожны беларус ведае ягоны славуты паланез. Сярод твораў Агінскага ёсць і «Марш паўстанцаў 1794 года».
Сам Ясінскі ўзначальваў аддзел з чатырох тысяч ваяроў. Ён атрымаў над расейскімі карнікамі некалькі важных перамогаў. Касцюшка прысвоіў паўстанцкаму камандзіру чын генерала.
Царскія карнікі
Расейская царыца Кацярына II паслала супроць паўстанцаў вялікае, добра вымуштраванае войска. Яго вёў генерал Аляксандр Сувораў.
Вы, напэўна ж, шмат чулі пра гэтага чалавека. Ён сапраўды быў здольны палкаводзец. Але ўсё сваё жыццё Сувораў аддана служыў расейскім царам. Ён не ўдзельнічаў ні ў воднай справядлівай вайне — толькі ў захопніцкіх.
Сувораў заліў беларускую зямлю крывёю. Ён загадваў расстрэльваць палонных паўстанцаў, паліць вёскі, якія ім дапамагалі. Таму для Беларусі Сувораў — карнік і камандзір захопнікаў. За здзейсненыя тут ягонымі салдатамі крывавыя подзвігі ён атрымаў ад царыцы 13 з лішнім тысяч беларускіх сялянаў.
Паўстанцы не маглі доўга змагацца з расейскай арміяй, якая была выдатна ўзброеная і загартаваная ў захопніцкіх паходах. Апрача таго, царскім генералам удалося падмануць беларускіх сялянаў, паабяцаўшы ім адабраную ў “паноў-бунтаўнікоў” зямлю.
Улада паплечнікаў Якуба Ясінскага пратрымалася ў Вільні ўсяго толькі тры месяцы. Беларускія паўстанцкія аддзелы пачалі адыходзіць у Польшчу. Быў разбіты і аддзел Міхала Клеафаса Агінскага.
Перад тым як надоўга пакінуць родныя мясціны, Агінскі напісаў у сваім маёнтку Залессе пад Смаргонню свой знакаміты паланез. Гэты музычны твор так і называецца — «Развітанне з Бацькаўшчынай».
Апошні бой Касцюшкі
У кастрычніку паўстанцкі камандзір прыняў свой апошні бой. Гэта здарылася ў Польшчы пад Мацяёвіцамі. Там калона паўстанцаў, якую Касцюшка вёў на Варшаву, сустрэлася з царскім войскам.
Бітва доўжылася цэлы дзень. Гарматны агонь ворагаў рассеяў паўстанцкую кавалерыю. Мужныя, але дрэнна абазнаныя ў вайсковай справе касінеры палеглі ад куляў і штыкоў царскай пяхоты.
Касцюшка ў роспачы ездзіў на кані сярод параненых і забітых. Ён таксама хацеў загінуць са сваімі паплечнікамі па барацьбе. Нейкі салдат стрэліў па ім, але трапіў у каня. Тадэвуш Касцюшка вылецеў з сядла на дол, і да яго кінуліся царскія казакі. Каб не трапіць у рукі ворагам, ён хацеў застрэліцца, аднак пісталет даў асечку. Расейскі афіцэр выцяў бяззбройнага паўстанца шабляю па галаве.
Читать дальше