Але ладу і спакою не было і на нашай зямлі.
На сваіх землях багатыя і вяльможныя людзі — магнаты трымалі ўласныя войскі
і нярэдка вялі з асабістымі ворагамі сапраўдныя войны, ад чаго пакутаваў найперш просты народ.
На соймах абмяркоўвалі шмат карысных пастановаў, аднак зацвердзіць іх было вельмі цяжка. Існавала недарэчнае правіла, згодна з якім сойм мог прыняць пастанову толькі тады, калі за яе прагаласуюць усе дэпутаты. Які-небудзь падкуплены шляхціч мог крыкнуць са свайго месца “Забараняю!”, і патрэбны дзяржаве закон не праходзіў.
Нярэдка на соймах разгараліся такія спрэчкі, што шляхціцы хапаліся за шаблі і маглі проста ў зале пасяджэнняў адправіць праціўніка на той свет.
Усё гэта падрывала магутнасць нашай дзяржавы. Рэч Паспалітая слабела, а суседнія краіны набіралі сілу і ўмешваліся ў яе справы.
Падзелы Рэчы Паспалітай
Ужо з часоў Пятра I расейскія войскі вельмі часта без усялякага дазволу ўрываліся на беларускія землі. З дапамогаю сваіх салдатаў цары садзілі на трон нашай дзяржавы патрэбных ім людзей і рыхтаваліся да захопу Беларусі.
У 1772 годзе тры краіны — Расея, Аўстрыя і Прусія — дамовіліся паміж сабой падзяліць Рэч Паспалітую.
Кожная з гэтых дзяржаваў адарвала сабе частку чужой зямлі. Расея захапіла ўсходнюю Беларусь з гарадамі Віцебскам, Магілевам, Воршай, Мсціславам, Гомелем...
Новая мяжа, якая праходзіла па Дзвіне, разрэзала на дзве часткі Полацак. Сафійскі сабор апынуўся ў Расейскай імперыі, а старажытны Бельчыцкі манастыр, дзе некалі жылі полацкія князі, застаўся ў Рэчы Паспалітай.
Лепшыя людзі Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы спрабавалі выратаваць сваю дзяржаву ад пагібелі. Тут было створанае першае ў свеце міністэрства народнай асветы — Адукацыйная камісія, што адчыняла школы і навучальні.
Сойм зацвердзіў першую ў Еўропе канстытуцыю — асноўны закон краіны. Канстытуцыя забараняла магнацкія ўсобіцы і ўмацоўвала ў краіне парадак.
Але час быў страчаны.
На абшары Рэчы Паспалітай зноў уварваліся расейскія войскі. У 1793 годзе Расея захапіла цэнтральную Беларусь разам з Менскам, а яшчэ праз два гады — астатнія землі былога Вялікага Княства Літоўскага.
Так здзейснілася даўняя мара маскоўскіх уладароў. Наша Бацькаўшчына страціла сваю самастойнасць і надоўга трапіла ў расейскую няволю.
Пад прымусам чужынцаў
На захопленых землях царскія ўлады ўводзілі свае парадкі.
Імператрыца Кацярына II і яе сын Павел раздалі паўмільёна беларускіх сялянаў сваім памешчыкам. Прыгнёт у Расейскай імперыі быў больш цяжкі. Раней прыгонныя сяляне разлічваліся са сваімі гаспадарамі грашыма. Цяпер яны мусілі ледзь не кожны дзень ад світання да змяркання працаваць на панскім полі.
У беларускіх гарадоў адабралі ўсе даўнейшыя правы і вольнасці. Каб хутчэй сцерці памяць пра той час, калі наша Бацькаўшчына была незалежная, новая ўлада забараніла нават старадаўнія гербы.
Падаткі на беларускіх землях былі ў пяць разоў цяжэйшыя, чым на расейскіх. Маладых здаровых мужчынаў пад прымусам забіралі ў царскую армію. Родныя развітваліся з імі так, быццам праводзілі на той свет, бо салдаты павінны былі служыць цару ўсё жыццё. Потым гэты тэрмін зменшылі да дваццаці пяці гадоў, але пасля такой доўгай службы ўсё роўна амаль ніхто не вяртаўся дадому жывы.
Царскія ўлады не прызнавалі беларусаў за народ і змагаліся з нашай мовай. Вучыцца на ёй было забаронена. Нашых продкаў пазбаўлялі права нават на свае імёны і прозвішчы. Адразу пасля захопу ўсходніх беларускіх земляў царскія пісарчукі перарабілі Міхасёў у “Михаилов”, Язэпаў у “Иосифов”, а Тамашоў у “Фомы”. Жукі ператварыліся ў “Жуковых”, Кавалі — у “Ковалевых”...
Новыя гаспадары ўчынілі з паняволенага народа яшчэ адзін здзек. Большасць беларусаў была тады вуніятамі, якія добра ведалі, што яны не расейцы і не палякі. Каб хутчэй ператварыць беларусаў у расейцаў, царская ўлада забараніла народную вуніяцкую веру, якая была апірышчам беларускай мовы.
Тых, хто не хацеў ісці да праваслаўных царскіх папоў, усяляк каралі і часам збівалі да смерці. У адной з тагачасных газетаў расейскі пісьменнік Аляксандр Герцэн расказаў пра выпадак, калі хлопчыку-вуніяту, які адмаўляўся прыняць чужую веру, царская паліцыя загадала даць дзвесце бізуноў.
Трапіла пад забарону не толькі беларуская мова, але і сама назва Беларусь. Адмысловым указам цар загадаў ва ўсіх дзяржаўных дакументах называць нашую Бацькаўшчыну “Северо-Западным краем”. Расейскія ўлады хацелі, каб беларусы забылі пра сваю былую незалежнасць. Каб забылі нават найменне сваёй зямлі.
Читать дальше