- Свеце мілы! Як свой да свайго горнецца, як воля вабіць усіх... Здаецца, чаго ёй у нас не хапала, не крыўдзіў ніхто, але ж не - там лепей...
Вясною, калі з выраю птушкі ляцелі, адна качка разы са два над нашай хатай пракружылася. Можа, хворая якая, а можа, і наша Шэрачка прызасталася прывітаць нас. Хто ж цяпер скажа...
Што расце на жабінай скуры?
У ліку дзвюх найлепшых школ дарэвалюцыйнай Віленшчыны была Мядзельская. Дзякуючы шчасліваму збегу сямейных акалічнасцей, давялося і мне два гады вучыцца ў гэтай школе. Усе прадметы ў чацвёртым і пятым класах вывучаліся паводле гімназічных падручнікаў. Асабліва матэматыка і прыродазнаўчыя навукі. Усе вучні імкнуліся вучыцца як мага лепш, не заставацца ззаду ад сваіх сяброў. Кожны марыў аб тым, каб пасля гэтае школы пайсці вучыцца далей. Ва ўсякім разе ўсім было добра вядома, што век непісьменных скончыўся. Усюды, куды не паткнешся, перавагу аддавалі пісьменным людзям. Адзін іраз на год, звычайна вясной, прыязджаў у школу з Вілейкі, з нашага павятовага горада, інспектар. Такімі інспектарамі былі збольшага настаўнікі гарадскога чатырохкласнага вучылішча. Былі яны людзі добра адукаваныя, паканчалі настаўніцкія інстытуты або ўніверсітэты. Насілі настаўніцкую форму: сінія сурдуты з пятліцамі і залатымі гузікамі. Для нас, вясковых дзяцей, якія не бывалі далей свайго мястэчка, не бачылі ні чыгункі, ні, тым больш, аўтамашын, а начальства бачылі толькі на пошце - прыезды інспектара былі вялікай падзеяй. Усе хваляваліся: у такія прыезды строга правяраліся і нашы веды.
Вясной 1914 года стала вядома ў нашай школе, што да нас едзе інспектар і будзе дакладна праз два дні. Перад гэтым была праведзена вялікая падрыхтоўка, а больш правільна сказаць - праверка. Наш настаўнік бегла сам экзаменаваў усіх вучняў і па ўсіх прадметах. Здавалася, што ведаем мы ўсю праграму на «выдатна». Настаўнік нас папярэдзіў, каб мы не палохаліся, бо ў выпадку чаго сорамна будзе яму, настаўніку. Школу прыбралі, аздобілі зелянінай. Урэшце інспектар прыехаў. Быў гэта вельмі вясёлы, жвавы, малады яшчэ чалавек. Правяраў ён нас нават з меншай прыдзірлівасцю, чымсьці наш настаўнік. Спачатку мы крыху хваляваліся, а пасля другога ўрока асвойталіся і адказвалі дужа добра і спакойна. Інспектар не ўтрымаўся, каб не сказаць пра ўсё добрае ў нашай прысутнасці. Такое бывае рэдка.
- Дам я вам яшчэ адно-аднюсенькае пытанне, - звярнуўся інспектар да нашага выпускнога класа. - Што расце на жабінай скуры - воўна або пух?!
Калі на кожнае папярэдняе пытанне ўзнімалася дваццаць - трыццаць рук, дык на гэтае не ўзнялося ні аднае. Мы ўсе задумаліся: нібыта на жабе, апрача слізкае скуры, нічога няма, ні воўны, ні пуху, але ж такі паважны чалавек пытаецца...
- Дык што ж вы, гэткія выдатнікі, не ведаеце такой простай рэчы? - запытаўся ён зноў.
І тады падняў руку адзін наш хлопец, Амброжы, заікасты.
- Скажы!
- П-п-п-пух! - выціснуў ён пры абсалютнай цішыні ў класе.
Засмяяліся ўсе без выключэння. Бедны Амброжы пачырванеў, збянтэжыўся.
- Сядай, хлопча. А цяпер хто дасць правільны адказ: чым пакрыта жаба?
Усе паднялі рукі. Адказ задаволіў інспектара. А для нас, як пасля тлумачыў настаўнік, гэта быў урок на ўсё жыццё: трэба добра вывучаць усе навукі, каб змагчы самастойна адрозніць праўду ад няпраўды.
Не спакушай двойчы свой лёс
Калі хто-небудзь з нашай сям'і хадзіў з мястэчка Мядзела ў старое Мядзела, дзе была пошта, мядзельскія крамнікі прасілі ўзяць і за адным заходам аддаць на пошту іхнія грошы, якія яны пасылалі пад тавары. Грошы былі па тым часе вельмі немалыя: па дзве-тры сотні рублёў. Мы не адмаўляліся, бо цяжкага ў гэтым нічога не было. Але вось здарылася такое.
Мой самы старэйшы брат Ваня, які з Вільні прыехаў на зімовыя вакацыі, падвязаўшы канькі, накіраваўся на пошту. Па дарозе яго папрасіў адзін крамнік, каб ён узяў заадно і адправіў семсот рублёў. Брат узяў і - гайда праз возера. Грошы з торбачкай паклаў за пазуху. Прыкаціў на пошту, не адвязваючы канькоў, заходзіць, кладзе на бар'ер бланк пераводу. Палез па грошы - грошай няма. А грошы, на тыя цэны, - паўсотні кароў дойных купіць можна. Ні слова не кажучы, выйшаў ён з пошты ды на каньках тым жа следам праз возера. А ехаў ён не па наезджанай дарозе, а па чыстым лёдзе. Праязджае палову дарогі - ляжыць торбачка, грошы ўсе цэлыя. Падняў ён яе ды, не кладучы нікуды, у руках трымаючы, - на пошту і аддаў у належным парадку, пад квітанцыю. Прывёз ён квітанцыю старому Моўшу.
Читать дальше