Школа стаяла не пры самай вуліцы Бярозаўкі, а наводшыбе, за фізкультурнымі пляцоўкамі, паміж якімі да ганка вяла абсаджаная каштанамі і кустамі алея. Да школы ззаду, нібы ножкі літары «П», былі прыбудаваны дзве залы: злева - спартыўная, справа - актавая зала са сцэнай. За школаю справа цягнулася футбольнае поле, злева - сад і агарод. І Алег Максімавіч маршыраваў вакол будынка, прадзіраючыся скрозь кусты, топчучы пышныя астры на клумбах. За кожны рог і выступ школы ён паварочваў па ўсіх правілах ваеннай навукі, нават камандаваў сам сабе: «Нале...во-о! Раз, два!» Даходзіў да чарговага павароту, прыстаўляў нагу. «Раз-два! - і рэзка круціў убок. - З левай!» Правая рука рабіла рашучыя ўзмахі. Левая не махала, левая трымала цяжкі партфель з вучнёўскімі сшыткамі.
У расчыненыя вокны першага і другога паверхаў навысоўвалася многа галоў хлопчыкаў і дзяўчынак - з малодшых класаў і старшакласнікаў. Усе сачылі за настаўнікам здзіўленымі позіркамі. А тыя, што падыходзілі на заняткі ў другую змену, ажно спыняліся ад такога дзіва або асцярожна ішлі следам: што ён вытварае?
Празвінеў званок, трэба пачынаць урок, а Алег Максімавіч усё маршыруе вакол школы. На трэцім вітку ён крочыў ужо без партфеля - пакінуў дзесьці ў кустах. Махаў заўзята абедзвюма рукамі, а потым перастаў махаць, ашчаперыў аберуч галаву, як Лёня Гардзей. Крокі настаўніка сталі блытаныя, ён ажно стагнаў. Рукі то расціскаў, то зноў хапаўся за галаву, потым пачаў вадзіць далонямі над патыліцай, над цемем, нібы хацеў прыхаваць іх ад пякучых промняў сонца. Калі праходзіў каля металічнай, з труб, мачты, на якой піянеры ўздымаюць сцяг перад урачыстаю лінейкаю, спыніўся. Паглядзеў на мачту, паглядзеў... Ухапіўся за яе аберуч... Потым адну руку задраў да патыліцы, а другою яшчэ мацней схапіўся за мачту. І, мабыць, яму палягчэла, бо ён крута развярнуўся, бягом ускочыў на ганак школы, нібы ад кагосьці ўцякаў, ірвануў адны дзверы, другія... А тут цётка Магда працірае швабраю з анучаю вестыбюль.
Спатыкнуўся на цётчына вядро, перакуліў, на падлозе расцяклася вялізная лужына бруднай вады. Стаў як укопаны, утаропіўся вачыма ў гэтае вядро, у лужыну.
- Прабачце, калі ласка, - папрасіла прабачэння цётка Магда.
- Вы мне даруйце... - прамармытаў Алег Максімавіч.
І раптам схапіў гэтае вядро, перавярнуў дагары дном. Яшчэ не ўсе брудныя кроплі сцяклі, а ён ужо надзеў вядро сабе на галаву.
- А-ах! - выпусціла швабру з рук цётка Магда. Потым падняла, адступіла на крокі два і ўжо са страхам шпурнула швабру і анучу, прыпусцілася да лесвіцы, што вяла на другі паверх. Мо ў настаўніцкую хацела, мо да дырэктара.
А тут ужо і сам дырэктар спускаецца, за ім некалькі настаўнікаў і вучняў-васьмікласнікаў. Вучні вядуць пад рукі Лёню Гардзея, а той увесь час вырываецца і крычыць: «Пусці-іце, ёлупы! Куды вы мяне?! Яшчэ ўрокі не кончыліся!» І яшчэ нешта крычаў на замежных мовах, але хлопцы трымалі моцна, вялі да выхаду. І дырэктар, і настаўнікі, і вучні спяшаліся, бо бачылі праз акно другога паверха, што каля школы спынілася «хуткая дапамога», што па алейцы крочаць да школы дакторка з сумкаю ў руках і два здаравенныя дзядзькі - усе ў белых халатах.
- Во!.. І ён... І яго бярыце!.. І Алег Максімавіч не ў сваім розуме! - паспешліва гаварыла цётка Магда. Яна спачатку ўсплёсквала рукамі, а потым прыціснула іх да грудзей, каб не трэсліся ад страху.
Алег Максімавіч стаяў ужо каля акна. Адною рукою падтрымліваў на галаве вядро, каб можна было з-пад яго бачыць, а другою моцна ўчапіўся за трубу паравога ацяплення - «зазямліўся», нібы зрабіў сам сабе громаадвод. Твар у яго ўжо не быў пакутліва скрыўлены, на ім была ўсмешка ад палёгкі і задавальнення.
Дырэктар працягнуў да яго трымцячыя рукі:
- Галубчык, Алег Максімавіч... Што з вамі?!
Нічога не адказаў настаўнік. Усмешка знікла з твару, вочы зноў сталі невідушчыя. Ён нібы прыслухоўваўся, што робіцца ў галаве.
(Гэта быў якраз той момант, калі Ваня лаяў Эрпіда: «Што ты нарабіў, вар'ят?! Які ж ён нядобры?!», і Эрпід вырашыў уздзейнічаць на Алега Максімавіча інакш.)
У вестыбюль зайшлі людзі ў белым - дакторка і два санітары.
- Што ў вас здарылася? Хто захварэў? - адразу спытала дакторка.
Адказаць хацелася ўсім, таму адразу ўзняўся гармідар.
- Ды вось гэты хлопец, да яго выклікалі, - паказаў дырэктар на Лёню. - Але пакуль вы ехалі, яшчэ і настаўнік захварэў. Проста эпідэмія нейкая!
- Эпідэ-эмія?! - у дакторкі сеў голас, і яна прасіпела: - Хворых зараз жа ў машыну! Ізаляваць! Дзе ў вас тут тэлефон? Трэба выклікаць санэпідстанцыю для дэзінфекцыі.
Читать дальше