— ...А што я магу зрабіць? — гаварыў камендант інтэрната Грук, — тут летам — прахадны двор. Асабліва, калі абітурыенты панаедуць. І што на першы погляд дзіўна, але характэрна — дзе больш дзяўчат, там і неспакойна.
— У якім сэнсе? — спытаў яго адзін з суразмоўцаў — хударлявы, з зачэсанымі па-плябейску назад сівымі валасамі.
— У прамым. Распуства пачынаецца. Не прымеш меры адразу, не выселіш адну-другую на вуліцу — чорт ведае што будзе. Некаторыя здаюць дакументы, а потым паводзяць сябе як хочуць. Ведаюць жа, што ўсё роўна не паступяць. Бывае, што студэнты і студэнткі таксама паводзяць сябе не вельмі...
У нас тут гады два таму хлопцаў з Захаду падсялілі. Дык дзяўчаты — за імі. Адна, як памятаю, з шэсцьдзясят шостага кутняга пакоя на трэцім паверсе, дык адразу, як мне далажылі, дваіх прывяла: у мяне, кажа, дзень нараджэння — дык запрашу я парачку чужых. І што ёй зробіш?
Студэнт Ігнат Мазур не стаў далей слухаць, а прыадчыніў дзверы і папрасіў у каменданта Грука ключ ад душавой.
— Вазьмі, — сказаў камендант інтэрната Грук, даючы ключ, — вернеш праз гадзіну.
Праз паўгадзіны студэнт Ігнат Мазур замкнуў душавую і панёс ключ у каменданцкую. Камендант інтэрната Грук, забіраючы ключ, спытаў:
— Ты чаму не пры справах?
— Адпусцілі са збораў. На два дні.
— Ну, служы. Я вось дваццаць пяць год, лічы, форму не здымаў. (Мазур ведаў, што да гэтага Грук служыў у міліцыі.) Вам што? Прысвояць лейтэнантаў і раз у пяць год на вучэбныя зборы. А я...
— Паслухайце, — перавёў гутарку на іншае Ігнат Мазур. — Вы тут, я краем вуха пачуў, пра студэнтку з шэсцьдзясят шостага пакоя ўспомнілі, тую, што з чужымі дзень народзінаў спраўляла. А як яе звалі? Яна і цяпер тут жыве?
Паўза.
Камендант Мікола Грук пакрывіў вусны ў незразумелай усмешцы.
— Ты, Мазур — так здаецца тваё прозвішча, — зашмат хочаш ведаць. А гэта не на дабро. Задумвацца пачнеш. Захварэеш. Дзяўчына тая нядаўна сышла на прыватную кватэру. Сама не з мясцовых. Ці то з Рыгі, ці то з Таліна. А ў цябе які ўвогуле інтарэс?
— Ды ніякага.
Студэнт Ігнат Мазур зманіў. Яго пасвядомасць падавала ўжо яўны сігнал небяспекі, які пагрозліва разрастаўся ў чорную, дэпрэсіўную і атрутную расліну.
Ён пакінуў каменданта Міколу Грука, вярнуўся ў свой пакой, старанна апрануўся, рукі ў яго чамусьці пахаладзелі, і праз вахту выйшаў на вуліцу.
***
Гаспадыня кватэры, дзе здымала пакойчык студэнтка Святлана Конкіна, сустрэла яго даволі ветліва. Але ветлівасць была робленай — жанчыну выдавалі вочы.
— Святланы пакуль няма, — сказала яна. — Пачакаеце, дык я вам гарбаты налью.
— Не турбуйцеся, — адмовіўся Ігнат Мазур. — Я, можа, пасля зайду.
— Ды хіба што ёй перадаць? — упарта цікавілася гаспадыня.
— Дзякую. Нічога.
Студэнт Ігнат Мазур выйшаў з кватэры. У яго чамусьці з’явілася адчуванне, што гаспадыня нешта падазрае: магчыма, нават чула, як ён колькі дзён таму залазіў у кватэру праз акно.
Лаўка ў двары насупраць пад’езда была не занятая, ён прысеў на яе і запаліў цыгарэту.
У галаве было пуста, чыста і светла, толькі ў грудзях нарасталі трывога і злёгку ванітавала ад тытуню, і ён пашкадаваў, што дасюль не набыў у краме бутэльку віна.
Постаць дзяўчыны і яе дзіўнаватую хаду ён пазнаў здалёк. Як заўсёды, някідка апранутая — чорная спадніца, белая кашуля, вятроўка, — дзяўчына, блізарука прыжмурыўшыся, ішла да свайго часовага жытла.
Студэнт Ігнат Мазур падняўся з лаўкі, зрабіў некалькі крокаў ёй насустрач і паклікаў.
Яна здзіўлена спынілася, а потым з радаснай усмешкай кінулася да яго, абняла.
— Ігнат! Ты тут! Зборы хіба скончыліся? — І паведаміла: — А мне свабодны дыплом выдалі. Дзе захачу — там і ўладкуюся.
Але ўжо адчула штучнае напружанне паміж імі, спытала:
— Што-небудзь здарылася, Ігнат? На зборах?
— Нічога такога. Усё нармалёва.
— Ну, не нам з табой у хованкі гуляць.
— Давай прысядзем. Ёсць размова.
Паўза.
Студэнт Ігнат Мазур зноў запаліў, услухаўся ў роўны шум матораў, шорах шын па вуліцы, і зноў яго няўлоўна пацягнула на ваніты. Ён быццам не хацеў гэтай размовы, але і хаваць у сябе тое, ад чаго пакутаваў, не жадаў і не мог.
— Хочаш? — спытаў ён і працягнуў дзяўчыне пачак цыгарэт.
— Не палю на вуліцы. Я, быццам, не шлюха.
— Паслухай, Света — ты гады два таму дзе жыла на час вучобы?
— Што за пытанні? Ды кажы прама, Ігнат!
— У вуглавым шэсцьдзясят шостым пакоі — на трэцім паверсе?
— Ну, пражывала. Што з таго? — у кутках яе натурыстага рота з’явілася знаёмая іранічная ўсмешка.
Читать дальше