А так — у студэнта Ігната Мазура ўсё ішло без асаблівых прыгод. Абкарнаны Казімірам Шахто яго сюжэт урэшце прайшоў па праграме літаратурнадраматычных перадач, і дырэктар Кухарчук падпісаў Мазуру паперы і характарыстыку.
***
Дзяржаўных іспытаў было няшмат. Шанцаў здаць іх без асаблівых намаганняў таксама пабольшала — у дэканаце няблага ставіліся да студэнтаў на апошнім этапе, бо ўсіх, хто не хацеў і не мог вучыцца, адлічылі на першым і другім курсах.
На іспыце па савецкай публіцыстыцы, які прымала «Агеньчык», студэнт Ігнат Мазур упершыню пакарыстаўся шпаргалкамі. Сам прадмет — публіцыстыку — ён не любіў, як і многія іншыя дысцыпліны. Літаратуру — аўтэнтыкі і дапаможнікі — амаль не чытаў, дый бракавала часу. Тое-сёе з праграмы чытаў раней, але гэтага для іспыту не хапала.
Шпаргалкі, вядома, былі не яго. Іх пакінулі ў нішы стала дзяўчаты, пра што паведамілі яму перад іспытам. Але, як толькі ён палез туды, каб адшукаць адказы на пытанні ў білеце, пільная выкладчыца Спіркіна кінулася да яго, выхапіла з рук вузкія стужкі паперы, складзеныя гармонікам, і радасная пабегла з імі да свайго стала.
Сядзець далей і прасіць яе, каб дазволіла пераздаць менавіта цяпер, не выпадала, студэнт Ігнат Мазур забраў залікоўку і пайшоў з аўдыторыі. Настрой быў сапсаваны.
— Ты, Ігнат, не бяры ў галаву, а то яшчэ прычэпіцца радзімец, — у сваёй манеры жартавала ўвечары Юля Маракова. — Спіркіна, яна ж «Агеньчык» — незамужняя, векавуха. А яны з комплексамі па Ясперсу. Ёй, пэўна, штоноч здаецца, быццам у яе пад ложкам хаваецца мужчына. Здаць ёй табе будзе цяжка. Але не хвалюйся, я, пры нагодзе, закіну слова. І, магчыма, гэта апошняе, што я для цябе зраблю, бо ты, як мне далажылі, стаў заходзіць да Конкінай. Яна, канешне, дзеўка выбітная, як кажуць, на аматара, але звычайная німфаманка. Дарэчы, яе ўлюбёнае прыслоўе «зашмат гонару» раней не перашкодзіла ёй і з Ванем Гужыным пашаптацца.
Паўза.
— Дзякуй за клопат, Юля. Ты ўвогуле — мой анёл-ахоўнік, — сказаў Ігнат Мазур, раптам адчуўшы сябе так, быццам прапусціў удар пад дых.
Ваня Гужын? Са Святланай Конкінай? І калі гэта — раней? На першым, другім курсе? Яго, Ігната, тут тады не было. Што дакладна ведае пра ўсё гэта Юля Маракова? Але ж дарэмна пытацца — яна нічога не скажа, і тут справа не толькі ў жаночай салідарнасці. Ісці высвятляць да самой Святланы Конкінай? Але гэта ўжо зусім глупства. Ды, можа, нічога такога і не было. Гужын, Ганабец... Яна ж сама з іх перадусім смяялася. Хоць — чаму «з іх»? З Ганабца — сапраўды кпіла. А пра Ваню Гужына — ні слова.
Можа, упершыню ў сваім небагатым на вопыт маладым жыцці ён задумаўся пра так званыя гендарныя адносіны. «Роля жанчыны ў грамадстве толькі на першы погляд даволі сціплая, а на самай справе гэта своеасаблівая прыхаваная плынь, часам мутная, незразумелая, але якая ўплывае на ўсіх нас, — думаў ён. — Жанчыны нараджаюць дзяцей, выхоўваюць іх, закладваюць ім у голаў матрыцу мовы, спакушаюць мужчын, і зноў нараджаюць, але апошнім часам у адладжанай стагоддзямі сістэме пачалі адбывацца збоі».
Не вельмі схільны да аналітычных высноў студэнт Ігнат Мазур прыпамінаў цяпер некаторыя факты і выпадкі, пра якія неяк чытаў у газетах альбо часопісах, ці чуў па радыё.
Асабліва зацікавіла яго гісторыя адной даволі забяспечанай еўрапейскай жанчыны з сярэдняга класа, белай, якая пасялілася ў адсталым афрыканскім племені ў якасці адной з жонак нейкага чорнаскурага. Яе так званы муж зрэдку авалодваў ёю, але, каб у яго ўзнікла жаданне блізкасці, націраў жанчыну тухлым свіным тлушчам. Але, якая ў яе была матывацыя — вось што цікава?
З гэтай нагоды ён зрабіў адпаведны кароткі запіс у нататнік.
«Якая матывацыя рухала белай жанчынай, што пасялілася ў афрыканскім племені? Гэта даволі цікава. Магчыма, гэта сведчыла пра яе нейкія псіхічныя адхіленні? Нават захворванні? Дык, на маю думку, людзі, як і прыматы, пэўна, мала звяртаюць увагі на шкадобу ці спачуванне да блізкіх. Тым больш, блізкія да антрапафагаў. Яны адразу вылучаюць псіхапатаў і пазбаўляюцца ад іх. Варта пачытаць Стэнлі, Лівінгстона і іншых. Хоць дастаткова і выключэнняў. Людства не мурашнік і не вулей, у якіх захоўваецца спрадвечны парадак. Розум — вось дзе, мяркую, прычына».
Між тым аб’явілі кароткія вакацыі, пасля якіх студэнты мусілі абараняць дыпломныя работы.
На курсе ўсе разбегліся хто куды. Некаторыя засталіся ў Мінску. Урэшце, усё гэта мала цікавіла студэнта Ігната Мазура. Цалкам пагружаны ў свае пачуцці, ён перадусім неабачліва наведваў семінары, кансультацыі, заканчваў дыпломную.
Читать дальше