Але ж я адхіляюся. Урэшце, усё гэта думкі сваёй гадоўлі, не больш. Вось сястра Ані Балтас Ларыса лічыць, што сямейнае шчасце ў многім залежыць ад таго, ці была нявеста ў першую шлюбную ноч нявінніцай. А ў яе самой, якую не будзе раўнаваць муж, адбудзецца шчасце ў сям ’і? Цікава б спытаць у яе гадоў праз дзесяць».
***
На другі дзень пасля таго, як выкладчыца замежнай літаратуры Нэла Ліцвінава прыняла іспыт у студэнта Ігната Мазура і паставіла яму ў залікоўку і ў ведамасць адзнаку «выдатна», яго выклікалі да дэкана факультэта Парэцкага.
Дэкан быў строгі, сядзеў за сталом і перакладаў на ім нейкія паперы. Ігнат Мазур ведаў, што студэнты пабойваліся яго, але падсвядомае слабае пачуццё зараз гаварыла яму, што дэкан, былы баявы лётчык, хоць і строгі, але справядлівы. А студэнт Ігнат Мазур не разумеў, чаму яго выклікалі. Запазыкі па заліках і іспытах ён здаў, ніякіх дысцыплінарных учынкаў не меў. Дык у чым справа? — губляўся ў пытаннях Ігнат Мазур.
Урэшце дэкан Парэцкі адклаў у бок паперы, кінуў позірк на студэнта і сказаў:
— Сядайце.
Студэнт Ігнат Мазур нерашуча прысеў у крэсла.
— Скажыце, хто вам дазволіў не прысутнічаць на лекцыях і здаваць экзамены датэрмінова? — спытаў дэкан Парэцкі.
— Ніхто, — пасля паўзы неакрэслена адказаў Ігнат Мазур.
— Вынікае, што вы самі сабе дазволілі?
— Бадай што так.
— Вы так шмат ведаеце? Не жадаеце пачуць што-небудзь новае?
— Жадаю. Вашыя лекцыі я наведваю рэгулярна, — стрымана зманіў студэнт Ігнат Мазур.
Паўза.
— Гэта я яшчэ праверу, — відавочна памякчэў дэкан Парэцкі. — А з вас на экзамене спытаю напоўніцу. Дысцыпліна павінна быць адна для ўсіх і парушаць нельга. Вам гэта зразумела?
— Так.
— Ідзіце.
«Хто ж мог данесці?» — думаў Мазур, выйшаўшы ад дэкана.
***
Адносна цёплае надвор’е нечакана перапыніў паўночна-ўсходні вецер, ён прынёс зацяжныя халодныя дажджы.
У інтэрнаце таксама пахаладала, ноччу на коўдру даводзілася зверху накідваць балоневы плашч, каб захоўваць цеплыню.
У адзін з такіх халодных дзён у сваёй аднапакаёвай кватэры засіліўся Мазураў аднакурснік Язэп Г арай. Апошнія месяцы ён амаль не паказваўся ў аўдыторыі, прапускаў заняткі, не здаваў залікі і ў выніку не быў дапушчаны да іспытаў.
Але, як яшчэ казалі, асноўнай прычынай суіцыду Гарая была не заваленая сесія, а праблемы з псіхікай. Казалі, быццам ведаючы гэта, яго каварна выкарыстала нейкая жанчына, якую ён, цяжарную ад іншага, прытуліў у сябе. Казалі, нібыта тая жанчына пачала цягаць яго па судах, каб адабраць кватэру, альбо нейкія грошы.
Усё гэта стала вядома на факультэце, трагедыя ўсхвалявала ўсіх: і студэнтаў, і выкладчыкаў, Мазура таксама, і ён запісаў у нататнік некалькі сваіх меркаванняў пра здарэнне:
«Язэпа Гарая я ведаў параўнальна нядоўга, і ён рабіў уражанне ўпэўненага і самадастатковага, але вельмі нервовага чалавека. Выключна здаровы фізічна, займаўся, як аматар, цяжкай атлетыкай (выціскаў лежачы сто кілаграмаў, прысядаў са стапяцідзесяццю), жыў у сваёй кватэры і не меў патрэбы ў грашах. Што падштурхнула яго да суіцыду, дакладна невядома нікому. Калі самае вялікае няшчасце ў жыцці — смерць, то чаму ён выбраў менавіта гэта? Ніхто на курсе не ведаў і той жанчыны, якую ён прывёў да сябе. Думаю, асноўная прычына ў ёй. Як я дзесьці вычытаў, псіхолагі сцвярджаюць, что чалавеку ўласцівыя тры асноўныя інстынкты: палавы, нянавісць да сябе падобных і імкненне да смерці. Ахвярай якога ці ўсіх разам стаў Язэп Гарай? Невядома. Дарэчы, засіліцца лічыцца ў свеце даволі ганебным».
***
Экзамен па палітэканоміі здавалі з раніцы. Студэнт Ігнат Мазур, які перадусім нават не раскрываў падручніка і ведаў, што гэта бессэнсоўна, бо ўсё роўна ў галаве нічога не застанецца, ён толькі згубіць час на дарэмную вычытку — тым не менш прыйшоў у вучэбны корпус, слаба спадзеючыся, што выкладчык і галоўны экзаменатар Гавін захварэў, альбо трапіў пад трамвай, увогуле атруціўся якім-небудзь нясвежым прадуктам ці падавіўся курынай косткай. Але яго спадзяванні аказаліся марнымі. Хоць на іспытах прысутнічаў і Пятро Мацкевіч, які сядзеў у аўдыторыі за сталом збоку, апытваў усіх, як ужо стала вядома, чамусьці выключна Гавін.
Студэнт Ігнат Мазур убачыў Ваню Гужына і Іосіфа Зялёнку, якія, нібы два слупы стаялі ў кутку калідора ля аўдыторыі, падышоў да іх.
Якраз у гэты момант дзверы аўдыторыі расчыніліся і адтуль, хістаючыся, паволі выйшаў Віктар Г анабец. Ігнат Мазур ведаў, што той родам з няблізкай Малдавіі, вучыцца яму тут было цяжка: далёка ад дому, ды і ўвогуле, нейкі ён нібы затарможаны.
Читать дальше