І ўсё адно знішчаны, здавалася б, горад уставаў, аздабляўся садамі, гудзеў па рацэ параходамі, на сушы — цягнікамі, выцягваўся ў вышыню, прыгажэў будынкамі. Віцебск умеў не толькі пратэставаць, не толькі — пры патрэбе — паўставаць. Віцебск, перш за ўсё, з самага пачатку, умеў працаваць і ствараць. Менавіта ў гэтым была ягоная неадольная сіла. Менавіта таму ніякім каралям, біскупам, царам і фюрарам ніколі не ўдавалася нічога з ім зрабіць.
Нават тады, калі праца была замаскаваным сродкам рабунку.
Ёсць у беларусаў такі не дужа разумны (а можа, і разумны ў вышэйшым сэнсе) звычай: ставіцца да сябе, да сваёй вёскі, да свайго горада з некаторай іроніяй (гэта пакуль той горад не зачэпіць нехта іншы).
Дзед мой, са слоў свайго бацькі, казаў, што калі праз Віцебск была пракладзена першая чыгунка, то ў першым буфеце на гэтай першай станцыі на ўсіх сталовых прыборах было выгравіравана: "Украдено на станціи Витебскъ".
Ну і няхай сабе не дужа разумна. Але ж затое яшчэ тады, у даўнія часы, горад звязаў сябе сеткаю чыгунак з Рыгай, Арлом, Масквой, Пецярбургам, Кіевам, Брэстам.
І яшчэ тады рукі яго грамадзян умелі плавіць шкло, ліць чыгун, спускаць на ваду параходы і шліфаваць лінзы. Дый ці мала яшчэ чаго?
І, амаль адначасова з гэтым, горад стварыў тое, што маглі сабе дазволіць вельмі нешматлікія гарады: сваю мастацкую школу, якая заняла неаспрэчнае месца не толькі ў гісторыі мастацтва Беларусі. Якія б назвы яна не насіла: "Школа Ю. Пэна", "Народна-мастацкая школа", "Віцебскае мастацкае вучылішча" — школа гэтая была месцам, дзе выкладалі сапраўдныя мастакі і дзе такія ж сапраўдныя мастакі выхоўваліся. І калі гавораць пра ілюстрацыі М. Дабужынскага да "Белых начэй", або пра "Здраўнеўскі цыкл" І. Рэпіна, карціны К. Малевіча або М. Шагала — усім нам трэба памятаць, што гэта не толькі сусветная вядомасць, але гэта яшчэ і Віцебск.
Віцебск 17 кастрычніка 1905 года вывеў на плошчу перад ратушай дваццаць тысяч сваіх грамадзян (загінула ад куль — васемнаццаць). А наступнага дня выйшла на вуліцы ўжо сорак тысяч. І была ўшчэнт разнесена турма і вызвалены палітзняволеныя.
1 сакавіка 1917 года вулкамі і плошчамі Віцебска пракацілася вестка аб звяржэнні самаўладства.
4 сакавіка бальшавікі правялі сход і стварылі на ім Савет рабочых дэпутатаў і прафесійныя саюзы.
Адначасова (6–7 сакавіка) быў створаны Савет салдацкіх дэпутатаў. Пазней абодва Саветы аб'ядналіся, сталі Саветам рабочых і салдацкіх дэпутатаў.
Калі падыдзеш да дома № 2 па вуліцы Пушкіна, то ўбачыш мемарыяльную дошку, устаноўленую ў памяць аб дзейнасці першага Савета, які ўвёў васьмігадзінны рабочы дзень, шмат зрабіў для паляпшэння становішча самых бедных працоўных, стварыў народную міліцыю і г. д.
У тым жа "доме першага Савета", па Пушкінскай, адбылася (з 1 па 3 кастрычніка) І Віцебская губеранская канферэнцыя бальшавікоў. Заслугаю віцебскіх бальшавікоў было тое, што ўсяго праз два дні пасля перамогі ў Петраградзе рэвалюцыя перамагла і ў Віцебску.
Віцебск ляжаў на шляху, які вёў ад стаўкі на Петраград. Стаўка і штаб Заходняга фронту паслалі каля 20 тысяч войска (салдаты і казакі), каб затаптаць у сталіцы агонь рэвалюцыі. За 11 дзён (з 28 кастрычніка па 7 лістапада) віцебскія бальшавікі і чырвонагвардзейцы раззброілі ўсе гэтыя 20 тысяч.
Пачаўся новы этап: грамадзянская вайна, у якой жыхары Віцебска таксама прынялі актыўны ўдзел. На ўсіх франтах. Ад Архангельска да Крыма і ад Варшавы да Уладзівастока.
У чэрвені 1919 года прыбыў у Віцебск з агітацыйным цягніком "Кастрычніцкая рэвалюцыя" М. І. Калінін. Ён выступіў тут на пасяджэнні партыйных, прафсаюзных і заводскіх камітэтаў, на мітынгу воінскіх часцей, перад рабочымі фабрык і заводаў горада, на шматтысячным мітынгу чыгуначнікаў. Радзіма ў небяспецы. Усе — на адпор. Чыгуначны транспарт павінен дзейнічаць бесперабойна. Таму што рабочыя галадаюць, таму што ў арміі цяжка з ежай, таму што гарады і прамысловасць замярзаюць, паміраюць без паліва.
Ужо 14 чэрвеня прыйшлі і сталі пад ружжо першыя шэсцьсот жыхароў Віцебска.
Скончылася перамогаю вайна. Паўсюль яшчэ віраваў бандытызм, успыхвалі сям-там мяцяжы. Але самым страшным ворагам была разруха, амаль поўнасцю знішчаная гаспадарка, мёртвыя заводы, іржавыя рэйкі чыгунак. Віцебск у гэтым сэнсе не быў выключэннем. Невядома было нават, з чаго пачынаць, з якога канца прыступіцца. Але горад, як і ўся краіна, хацеў хутчэй забыць старое, цягнуўся да ведаў і працы, да новага.
Горад пачаў з асветы. 1 кастрычніка 1918 года адкрыліся дзверы педагагічнага інстытута. Новаму грамадству перш за ўсё быў патрэбны новы, адукаваны чалавек.
Читать дальше