Нядаўна яе не стала. Без Косціка пражыла Яна месяц. Пляменнікі пахавалі цётку па ўсіх правілах. Справілі памінкі. А потым дзве ночы ў хаце гарэла святло – сваякі шукалі грошы. Знайшлі, прызналіся, дваццаць адзін мільён. Падзялілі. Надвычай хутка прадалі жыўнасць і хату. А Косцік, праходзячы міма знаёмага двара, успамінае, як сытна было яму ў гэтай цёткі… “І навошта браў тыя грошы! Жыў жа як пры камунізме…”
6.
На імянінах было весела, па-хатняму ўтульна. Яна, віноўніца ўрачыстасці, сядзела на куце, пад абразамі, прыгожая і такая абаяльная, што мала б хто сказаў, што сёння ёй споўнілася столькі год. Віншаванні сыпаліся на кабету з усіх бакоў, людзі хвалілі жанчыну за гасціннасць, дабрыню і вернасць мужу. Хто-хто, а яны ўсё бачаць, усё ведаюць. Яе мужу было прыемна слухаць такія словы пра жонку, і ён вяртаўся назад, у далёкае мінулае…
Было гэта напачатку шасцідзесятых гадоў дваццатага стагоддзя, калі ён вучыўся ў Маскве на апошнім курсе ў інстытуце. Вось там упершыню і сустрэў яе, кволенькую, з пасмачкай русявых валасоў, што звісала раз-пораз на лоб, і яна тут жа папраўляла іх тонкімі пальчыкамі, не зводзячы з яго дапытлівага, па -дзявочы пранізлівага і наіўнага позірку. Яны сустрэліся ўсяго некалькі разоў, і яму пара было ў Беларусь, а потом па размеркаванні ў г.Петрапаўлаўск Казахскай ССР. Здавалася б, разбегліся сцежкі-дарожкі. А не. Яна ведала толькі горад, куды паехаў чалавек, у якога закахалася з першага позірку. Так сталася, што Яна не запісала нават адрас… А дзявочае сэрца прагла кахання. І Яна адважылася на пошук свайго любага. Не збегла з дому, як гэта нярэдка бывае сёння, а сказала бацькам, што едзе ў Петрапаўлаўк да каханага. Каб не трывожыліся. Каб не шукалі. Канешне ж, бацькі спярша заўпарціліся, паднялі крык - гвалт, а потом зразумелі яе, дачку, далі дазвол. “ Едзь. Што з табой паробіш? Толькі звані, як і што”,– папрасілі яны.
Сёння Яна і сама здзіўляецца такому свайму кроку – трэба ж было адважыцца паехаць у белы свет. У кішэні ні адраса, ні прадпрыемства, на якім будзе працаваць каханы. Ды і наогул, ці паехаў ён па размеркаванні, можа, махнуў рукой і застаўся дома? Усялякае ж магло быць.
Думаў, відаць, пра яе і ён, бо як магло так атрымацца, што увечар выглянуў з акна на двор, на якім шалёна гуляла завіруха, і ўбачыў дзяўчыну, падобную на яе… Яна тупацела боцікамі, захінуўшыся ад сіверу рукавом: сагравалася. Адразу мільганула думка: “Яна?! Не, не, адкуль Яна можа тут узяцца? Ці не памроілася мне?” І ён выпырхнуў, у чым быў, з інтэрната на двор… То была Яна! Дзівосы ды і толькі. Пазней ён прызнаўся: вельмі таксама шкадаў, што не ўзяў тады яе адрас. А на пытанне, як ты мяне знайла, Яна тады пакруціла галавой, прызналася: «Я і сама не ведаю».
Там жа, у Петрапаўлаўску, у іх нарадзілася двое дзяцей. Пазней вярнуліся ў Беларусь, пабудавалі дом, абзавяліся і трэцім дзіцём, а як жывуць – пра тое ўсе, хто не ведаў, мог пачуць на імянінах.
Яе, дарэчы, муж пяшчотна, ласкава называе іншы раз:”Масквічка мая”. Толькі, прызнаўся мне неяк, нікоднага разу не папытаў у жонкі, ці сумуе па белакаменнай? Усё збіраецца зрабіць гэта, аднак Яна пакуль не дае падстаў… Увесь час калі ж вясёлая, радасная… Таму яно і так усё зразумела.
7.
Звычайна ўвесну і восенню Яна стаяла каля ўваходу ў прыгарадныя касы чыгуначнага вакзала і прапаноўвала дачнікам саджанцы пладовых дрэў. Там я і сустрэў яе. Але падышоў, каб павітацца, не адразу – не хапала духу: ведаў, якія высокія пасады займала раней, то як адрэагуе, калі застану яе за такім вось заняткам? Ці варта лезці на вочы? Усё д аднойчы набраўся смеласці. Яна, убачыўшыя мяне, і сапраўды адразу ўся запунсавелася, крыху нават разгубілася, адчула сябе няёмка… Ёй у той момант, падалося мне, перашкаджалі саджанцы, Яна не ведала, куды іх падзець. Замітусілася, паглядала то на мяне, то на дрэўцы. Трэба ж так сустрэцца! Я заўважыў гэта, і пастараўся суцешыць яе, а калі адыходзіў, набыў для сваёй дачы саджанцы яблыні і грушы.
Яна – мая аднакласніца, высокая, прыгожая. Вучылася добра, таму школу закончыла без троек, а ў інстытут народнай гаспадаркі не паступіла. На другі год пабаялася ісці туды зноў, паехала ў Горкі, паспяхова здала ўступныя экзамены ў акадэмію, пасля чаго атрымала размеркаванне ў мой абласны горад. Сустракаліся мы рэдка, хоць і жылі паблізу. Неяк не атрымоўвалася.
Прыехаўшы на дачу, я адразу ж пасадзіў саджанцы, што набыў у аднакласніцы. Тады ж і пашкадаваў, што забыўся сказаць ёй самыя галоўныя словы, якія трэба было сказаць: “Сёння ты, як і раней, да выхаду на пенсію, робіш не менш карысную справу – дапамагаеш людзям ствараць прыгажосць вакол сябе. Не саромся гэтага, мая аднакласніца. Будзь вышэй над абставінамі”.
Читать дальше