Калі ён загаварыў пра Ленінград, я ўспомніў Саныча, які ўжо паехаў дадому і сказаў неяк нам з Петрыкам, каб прыязджалі, толькі прасіў напісаць, і ён тады сустрэне на вакзале і дапаможа паступіць у любую школу фабрычна-заводскага навучання. Пакінуў і адрас. Аднак пакуль яшчэ ехаць, трэба не адзін пуд солі з’есці. А каб не гэты пуд, мы б хоць і сёння.
– Натансона які сабака не ведаў, не кажучы ўжо пра нас, людзей, – працягваў далей Гірша Моцкін. – Боты шыў лепш, чым у Крамлі для Сталіна... Прабач, госпадзі, дурному Моцкіну, не хацеў я ўспамінаць Крэмль і Сталіна, але што ты возьмеш з дурнога Моцкіна, акрамя аналізаў? То сын яго, Барыс, у Амерыцы жыве. Яго тады людзі схавалі, калі яўрэяў немец расстрэльваў у сасонніку. Мог бы і Натансон уцалець, каб уцёк, як уцёк я. Не, кажа, не можа быць, каб нас немец неўзлюбіў, мы ж яму нічога не зрабілі кепскага. А калі надумаўся бегчы, то было ўжо позна.
– Гады! – сказаў нехта.
– Не курыце, людзі добрыя, а то ў Гіршы Моцкіна ўсе лёгкія ат-ручаны каніфолем і кузняй, далібог.
Глядзі ты, паслухаліся. Нават Тамаш, на што ўжо неслух, і той прыдавіў у гільзе з-пад зенітнага снарада акурак. Праўда ж: не прадыхнуць. У Гіршы Моцкіна такія фокусы не пройдуць. А то ж: расказвай ім, твары добрае, і за гэта яшчэ нюхай смярдзючы самасад. Не, не атрымаецца.
– Якраз Восіпу пашыў ён боты. Ведаеце Восіпа. Той і кажа: колькі табе, Натансон, за работу грошай? Гавары, не саромся. За такія боты не шкада. А Натансон і слязы нават не ўраніў, такі мужны чалавек быў, і адказвае: грошай мне, брат Восіп, не трэба тваіх аніякіх, а калі нашу сям’ю немец расстраляе, то закапаеш... і будзем у разліку. Такая мая просьба. І неўзабаве Восіп выканаў просьбу беднага Натансона. Дзе цяпер яго душа, гаротніка? І няхай хто паспрабуе пашыць лепшыя боты, чым шыў іх бедны Натансон. Няма такога ўмельца. І няскора будзе.
– Няма, гэта ты, Гірша, праўду кажаш, – пагадзіўся Тамаш.
У тую ноч я доўга не мог заснуць. Чамусьці думалася і думалася пра Натансона, які шыў цудоўныя боты, і хоць ніводнага разу я не бачыў яго, аднак перад вачыма стаяў такі ж зарослы шчэццем яўрэй, як Гірша Моцкін, толькі без сажы на лбе і вушах, бо ён, відаць, не быў жартаўніком і не званіў сваёй жонцы ў комін...
20. ПРЫВІТАННЕ, ПЯХОТА!..
Кастусь жыў шумна, навідавоку. Калі ён каго клікаў, то далёка было чуваць: яго голас каціўся рэхам, як хваля. Калі смяяўся – таксама роўных не было. І борацца мастак. Мікіта казаў, каб быў ён маладзейшым, то паклаў бы яго на лапаткі. А так – даруйце: не той узрост. Калі Кастусь рабіў нешта – паспрабуй паспей за ім. І ўсюды з жартамі, прыпеўкамі. Ведама ж, гарманіст. Я разумеў, што вясковыя жанчыны зайздросцілі Раісе, хіба ж не відаць. Заставалася радавацца за яе і мне. А маленькі Сцяпанка яшчэ ляжыць у люльцы і толькі лыпае вачыма, а мне нават адзін раз усміхнуўся і памахаў маленькай рукой, нібыта павітаўся. Я забег да цёткі Раісы, калі, вядома ж, не было ў хаце танкіста. Захацелася маленькага Сцёпку пабачыць. Не ведаю, чаму, але ў нас з танкістам па-ранейшаму не было дружбы, і я стараўся менш сутыкацца з ім твар у твар: калі ўзяў Раісу ў жонкі, то хай асабліва не зазнаецца. Гэта яму пашанцавала, што я пазней нарадзіўся, а то б яшчэ паглядзелі, хто каго. Што тут незразумелага!
А неяк Раіса папрасіла мяне, каб я з’ездзіў з Кастусём у лес і дапамог яму прывезці дроў, бо не хапіла, не разлічылі крыху. Яшчэ і папытала, строга так і нават, як падалося мне, крыху здзекліва, ці што: «Зможаш? Ці дзядзька Хвядос не адпусціць?» Гэта толькі жанчына і можа апусціцца да такога, каб папытаць, адпусціць мяне ў лес дзядзька Хвядос ці не. Ды яшчэ цётка Матруна. Тая дык і зусім кроку не дае ступіць самастойна. Два боты – пара. А хто яму, калі на тое пайшло, дзядзьку Хвядосу, у лесе цэлы арсенал зброі пера-даў? Не сам жа з неба той зваліўся. А калі мы зброю шукалі, то мяне з Петрыкам ніхто за руку не вадзіў. Трэба ж дадумацца: а ці адпусціць дзядзька! Ды яшчэ з танкістам, які мне і нялюбы чамусьці... ды вядома ж – чаму. І я паабяцаў Раісе, што дапамагу прывезці дроў, каб было чым паліць у печы і гатаваць Сцяпанку ежу, яна падзякавала, а назаўтра за мной заехаў Кастусь на калёсах, паляпаў у шыбу:
– Пад’ём, пяхота!
Калі ўжо сам танкіст, то ўсе астатнія для яго, бач ты, пяхота. Гэта мы яшчэ паглядзім. Можа, мяне і зусім на флот возьмуць служыць. Ці ў лётчыкі. Ды і мог бы не ляпаць у шыбу, бо калёсы так тарахцелі, што толькі глухі не здагадаецца, хто сядзіць на іх і паганяе каня. Танкіст, канешне ж! Ён танк, не інакш, пераблытаў з калёсамі.
Читать дальше