Я адразу здагадаўся, што гэта Надзейка паклала, а сама, мабыць, схавалася недзе паблізу і будзе назіраць за мной, што я зраблю з яе вянком. А што я зраблю? На галаву, канешне, не надзену, не хлапечая гэта справа вянкі насіць на чупрыне сярод белага дня. А ў ру-ках патрымаць можна. І патрымаю, чаго ж. Не ўкусіць. А ён не такі і лёгкі. Пахне хораша.
Я пашукаў вачыма Надзейку, але нідзе не заўважыў яе, павесіў вянок на галінку, узваліў на плечы зноў вязанку лазы і, пакуль нёс яе, чамусьці пашкадаваў, што не ўзяў вянок. Спатрэбіўся б. Ці мне, ці дзеду Грышку. Ён бы яго, канешне, павесіў у хаце на вялізны цвік. Калі прыгожы вянок, чаму б не павесіць? І ў нашай зямлянцы з дзядзькам Хвядосам можна было б... Добра глядзеўся б. Над сталом, калі запаліш капцілку. Толькі што гэта я ўсё пра вянок ды пра вянок! Вось-вось торф капаць трэба, а ў нас і каша няма.
Не быў бы дзед Грышка вясковым філосафам. Перш чым узяцца рабіць кош, ён пасядзеў на зэдліку, пакрактаў, а потым расказаў пра сон.
– Як думаеш, Колька, к чаму б я палец парэзаў? – глядзеў стары на мяне і чакаў адказу. – Во гэты. Як цяпер помню... і кроў кап-кап-кап... на белы пясок.
– Пясок белым не бывае, – запярэчыў я.
На што дзед Грышка нахмурыўся:
– Мне лепш ведаць, які бывае пясок у маім сне.
– Жоўты пясок.
– У тваім – можа і жоўты, а ў маім белы быў, як з мелу. У чым і загваздка. Дык не падкажаш, к чаму б сон прысніўся, а?
Я пра гэтыя сны дык нічога толкам і сам не ведаю. Што я скажу яму? Паціснуў адно плячыма раз, другі... Старому такое не падабалася, ён усміхнуўся сам сабе, хехекнуў і прызнаўся:
– Ведаю, к чаму сон, я і сам, дзетка. Пецька мой вернецца з вайны. Жывы будзе. Магу паспрачацца.
– А на што?
– На жменю семак.
– Давай! – я ахвотна пагадзіўся, бо даўно не лузаў семкі, хоць і не падумаў, перш чым перабіць рукі, што аддам, калі прайграю: дужа закарцела семак. Але я паглядзеў на Грышкаў твар, і мне адразу захацелася прайграць яму тую жменю – не параўнаць і мех, і нават два мяхі семак з вяртаннем ягонага сына Пятра.
Тады я і сказаў:
– Я хачу прайграць табе, дзед.
– А семак я табе і так насыплю. Дзе кішэня? Адтапырвай.
– Не трэба, дзед! – заўпарціўся я, бо паглядзеў на лазу, якая сіратліва ляжала перад намі і ўспомніў пра кош, якога пакуль няма. – Та-ды семкі. Пазней. Як зробім.
– Тады дык тады. Ну, дзе лаза? Падавай мне па адной – перабяром спярша, адсартыруем, што адкінем, а як ты думаў... рабіць кош – дык надоўга... вам торф вазіць яшчэ ды вазіць... А ў мяне кош ёсць... ёсць кош у мяне... у пуні ляжыць... такі ж стары, як і сам... Цікава, а гэта мой Пецька ўмее кашы рабіць ці не? Вучыў, вучыў... Але за вайну мог і забыцца. Але калі ўмеў што рабіць, тое аднавіць лёгка. Кажу табе па сакрэце.
Лаза была раскладзена па ўсім двары, і калі хто недасведчаны паглядзеў бы, што мы тут робім, падумаў бы, не інакш, што развялі цэлую арцель. І тут лаза, і там лаза... няма куды нагу паставіць. А пасярод двара падымаецца, бы расце з зямлі, кош. Пляту і я. Бяру лазіну, і як вучыць дзед Грышка, прасоўваю паміж «рэбраў», якія ён назы-вае каркасам. Потым другую, трэцюю...
Дзед Грышка склаў нарэшце рукі на каленях, назірае толькі за мной, падхвальвае, а калі і заўвагу зробіць, што не так у мяне атрымліваецца.
– Такі кош як паставіш на калёсы, то ён як пан будзе на іх! – хіт-ра ўсміхаецца стары. – Колькі торфу ўлезе ў наш кош, Колька, дык і не падлічыш! Што багата, то багата. Процьму тарфін памесціцца. Як піць даць. Галоўнае, каб конь пацягнуў. Калі ж коні цяпер дохлыя. Дыстрофікі. Хоць у калгас прыгналі быццам чатырох каняк добрых. Але ж торф высушыцца, то ён лёгкі будзе. Ну што, хлапец, пара абедаць. А тады і закончым наш карабель. Бяжы, бяжы дадому. У мяне дык і няма нічога такога, каб цябе пачаставаць. Суп адзін. Варка згатавала, дзякуй ёй. То не прападу. А ты збегай дахаты, падсілкуйся. Расцеш, цягнешся ўгору, то апетыт павінен быць. Ну, давай, давай... няхай цябе Хвядос пакорміць.
– А яго няма. Я сам знайду, што з’есці.
– І адразу прыходзь. На заўтра не будзем адкладваць тое, што можна зрабіць сёння.
Я пабег да сябе, а дзед застаўся сядзець на зэдліку. Калі я вярнуўся назад, ён спаў у хаце на ложку і ўсміхаўся ў сне. І я не стаў яго будзіць. А раптам ён бачыць зноў той белы пясок ці яшчэ што-небудзь такое, што яму прыемна бачыць? Кош я і сам магу дарабіць. Што там засталося. Дробязі. А калі кош быў амаль што гатовы, я залез у яго і таксама заснуў. Мяне разбудзіў дождж – ён так секануў, знянацку і спорна, што я падскочыў, бы апараны. А дзед Грышка глядзеў на мяне з клеці і смяяўся:
Читать дальше