А пакуль няма яшчэ тых і снапоў, толькі заўтра выйдуць жанчыны з сярпамі на палетак. Горш за ўсё – чакаць. Не, каб прама сёння і пачаць, што там адзін ужо той дзень вырашае, але ж дзядзьку Хвядосу хіба што дакажаш? Як старшынёй стаў, дык зусім не слухаецца.
– Заўтра, бабы, на жніво! – бы наўмысна яшчэ, каб паказаць мне, хто тут камандзір, гучна гаварыў кожнай стрэчнай жанчыне ён. – Не спазняцца! Выходзім дружна – як на бой! Усе чулі?
Ды чулі, чулі! Тут і глухі пачуе. Дзед Грышка і тое ўжо ведае, што заўтра жаць пачынаюць, і шаркае напілкам па сярпу і, відаць жа, скардзіцца, што зрок зусім слабы, а ён, дзівак, не захапіў у тым баі з немцам у лесе акуляры. Трэба было адабраць. Спатрэбіліся б. Хоць і на чужым носе віселі, а прыжыліся б і на ягоным – савецкім.
А пазней нехта з дарослых пусціў па вёсцы пагалоску, што воўк задраў кабылу, і гэтая бяда сабрала людзей каля Хвядосавай печы, які, перш чым выцягнуць з падпечча ружжо, загорнутае ў анучыну, паківаў галавой:
– Ах ты, гора, гора. Як жа нам цяпер без яе, без Маруські?
І дзед Грышка тут як тут – прыскакаў з сякерай, махае ёю ў павет-ры, бы шабляй:
– На ваўка, на гада! Вы што гэта, Хвядос, мяне хочаце абмінуць, галоўнага, можна сказаць, паляўнічага? На паляванне – і без мяне? З якога часу? Я павінен з тым ваўком сустрэцца твар у твар, вока ў вока!
Нехта пырснуў смехам:
– А падштанікі запасныя ёсць?
– Ёсць! Знойдзем! За гэта, грамадзяне, не хвалюйцеся. Ша! Я за такую кабылу таму ваўку галаву звярну на бок. Я ж яе – хіба не пом-ніце? – жарабём выхадзіў, калі яна нагу падвярнула. Для чаго – каб ваўку дасталася? Во яму! – і ён варсануў дулю ў паветра. – Я ўжо за вайну і забыўся, што ваўкі гэтыя ёсць – страшнейшыя звяры іх захінулі, пахавалі. А яны, шэрыя, ёсць, аказваецца.
Хвядос пагадзіўся:
– На наш з табой век іх яшчэ хопіць.
Вылучыўшы момант, папрасіўся на паляванне і я. Дзядзька Хвядос, каб адчапіцца ад нас, хіба ж не вядома, паабяцаў даць нейкае іншае, але не менш адказвае і важнае заданне, а дзед Грышка, падлабуньванец стары, хехекнуў:
– Гэта, брат Колька, табе не лемяхі ў кузні падаваць! – І да дзядзькі Хвядоса: – Калі думаеш будавацца, старшыня?
Я ж і кажу: такі падлабуньванец! Каб на паляванне ўзялі, дык, бачце вы яго, здалёку пачынае... пра хату. Можна падумаць, што і ты дапаможаш. Калі толькі языком. А дзядзька Хвядос яшчэ і адказвае яму, бы няма больш чаго рабіць:
– За восень трэба. Куды ж яшчэ больш цягнуць? Только спярша ў арцелі трэба парадак навесці. У зямлянцы начуем. А што? Там цёпла. Хай вунь Колька скажа...
Я кіўнуў, бо ўсе паглядзелі на мяне, і мне больш нічога не заставалася, як пацвердзіць.
Дзед Грышка, хітраван стары, памеўся дапамагчы паставіць зруб, яшчэ і сказаў:
– Вось падрамантуюся трошкі... А то яно не зусім зручна ат-рымліваецца: старшыня, першы чалавек у калгасе, і жыве ў зямлянцы. Дзе б гэта бачана такое? Бяздомны, адным словам.
Дагаварыўся! Пачаў за здравіцу, а скончыў за ўпакой. Добра, штопрыйшоў нарэшце Мікіта, і дзядзька Хвядос загадаў нам, хлопцам, і дзеду Грышку сядзець дома, а самі яны – бач ты, начальнікі! – па-даліся, не аглядаючыся нават, у бок лесу... Дзед Грышка доўга скар-дзіўся нам на «калгаснае начальства, якое далей свайго носу нічога не бачыць», таму і дапусціла яно немаведама якую памылку, што не ўзяло яго на паляванне, і што ўсё гэта ім некалі вылезе бокам. «Шалапуты!» Ён думае, што і нам не крыўдна? Аднак скардзіцца мы не прывыклі – усе хлопцы, у тым ліку і я з Петрыкам, неўзабаве шуганулі ўслед за паляўнічымі – варта ім было толькі схавацца ў лесе. І мы не лыкам шытыя. Так проста нас не аб’ягорыце.
А дзед Грышка зусім разгубіўся, доўга яшчэ таптаўся на адным і тым жа месцы, а тады патупаў дахаты... Але перш чым пайсці, шпурнуў перад сабой сякеру. Злосна так, ажно вылаяўся. А куды яму, старому і нямогламу, было падзецца? За паляўнічымі не паспееш, а за намі – тым больш! Не галопам жа бегчы яму? Пайшоў зноў, відаць, серп вастрыць сваёй Антосі.
У лесе было так, як заўсёды. Ціха і хораша. Спявалі птушкі, шасталі з галінкі на галінку, і толькі былі чуваць крокі вяскоўцаў – яны ішлі крыху наводдаль, але мы іх з поля зроку не гублялі. Зрэдку быў чуваць голас то дзядзькі Хвядоса, то Мікіты. Астатнія больш маўчалі. Але што за дзівосы?! Кабыла, Маруська, жывая! Яна пасвілася на ўскрайку, і цяпер яе вёў за аброць Мікіта. Нічога не разумеем. Калі жывая кабыла, то чаму не паварочваюць нашы паляўнічыя назад, а прадзіраюцца ўсё далей і далей у лес? Якога ваўка яны шукаюць? І кім, а галоўнае для чаго прыдумана ўсё гэтае паляванне? Я пачынаў здагадвацца. Шапнуў Петрыку: «Відаць, Міцьку хочуць зацапаць?» Петрык адказаў: «Так яму і трэба, здрадніку!» І мы, каб не адстаць ад дарослых, клубкамі каціліся ўслед за імі – ад дрэва да дрэва, ад хмызу да хмызу. Апынуліся паблізу ад нашай схованкі, але зрабілі выгляд, што яе ўвогуле не існуе, таму стараліся не глядзець нават у той бок.
Читать дальше