Сярод ахвяр, якія патрабуюць успамінаў і ўшанавання, яшчэ адзін мой сусед – Руслан Пеўнеў. Залатыя рукі былі ў чалавека! Нялёгка яму даводзілася: з-за стану здароўя нельга было чарку браць, але ж за яго працу кожны стараўся наліць. Бо працаваў Руслан слесарам-сантэхнікам.
А колькі небарак у нецвярозым стане згарэла і працягваюць гінуць ва ўласных хатах пры пажарах! А колькі чалавек развіталася з жыццём падчас п’яных разборак з жонкамі ды сябрукамі! Пералік ахвяр Бахуса можна працягваць. Ён патапіў людзей у чарцы больш, чым іх загінула ў акіяне…
Вось я і прапаную ўвесці ў наш ужытак Дзень памяці ахвяр гэтага крыважэрнага цмока – зялёнага змея. Давайце ўспомнім паімённа ўсіх, хто аддаў душу д’яблу п’янства. Лічу, што той, хто жлукціць спіртное, але пакуль яшчэ жывы, будзе ведаць, што імя яго захаваецца ў гісторыі. Праўда, у асобным спісе – п’яніц і алкаголікаў.
Начальніку райсельгасхарчу
Чарназёмаву Івану Кузьмічу
ад дырэктара саўгаса
«Шырокія гарызонты»
Пеўнікава Віктара Пятровіча
Даводжу да Вашага ведама, што рэдакцыя нашай раённай газеты праводзіць няправільную работу. Мяркуйце самі.
У апошнім нумары газеты быў надрукаваны крытычны матэрыял, у якім расказвалася аб дрэннай арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці ў нашым саўгасе «Шырокія гарызонты». Да таго ж былі змешчаны і фотаздымкі, якія адлюстроўваюць непрывабны стан спраў у гаспадарцы, якой я паспяхова кірую ўжо некалькі гадоў.
Сапраўды, як Вы і самі добра ведаеце, ураджай збожжавых і іншых культур мы вырасцілі нядрэнны, але загубілі, своечасова не ўбралі. Праўда і тое, што надоі малака знізіліся ўдвая, а прывагі буйной рагатай жывёлы ў нас ніжэй, чым у самых адсталых гаспадарках. Дапусцілі мы і падзёж жывёлы, а на ферму ў нас не зайсці з-за гною і бруду. Згодзен, шмат недаробак і ў іншых справах. Дастаткова ўспомніць, колькі новай тэхнікі мы ўгробілі за апошнія два гады, амаль уся яна стаіць пад плотам.
Можна сказаць, што сваім крытычным матэрыялам газета пляснула мяне тварам у лужыну. Але ж і на Вас пырскі паляцелі. Цяпер кожны жук і жаба паказвае пальцам на мяне, не ведаю ўжо, куды вочы дзяваць. Карацей кажучы, заварылі кашу газетчыкі.
Улічыце, шаноўны Іван Кузьміч, што публікацыя ў газеце матэрыялаў, якія раскрываюць нашу безгаспадарчасць, наносіць вялікую шкоду нашаму з Вамі аўтарытэту.
Улічваючы ўсе гэтыя акалічнасці, прашу Вас, Іван Кузьміч, націснуць на ўсе кнопкі, каб у газеце больш не паяўлялася крытычных матэрыялаў у наш адрас, а змяшчаліся толькі станоўчыя.
З надзеяй на дапамогу,
В. Пеўнікаў
У разгар рабочага дня ў кабінеце намесніка дырэктара ўстановы пачуўся тэлефонны званок. Трубку ўзяў гаспадар кабінета – Ігар Пятровіч.
– Добры дзень! Турбуе Галубіцкая…
– Я пазнаў вас, Вольга Піліпаўна, пазнаў! – падхапіўся намеснік дырэктара. І ўжо стоячы працягваў размову, бо недзе вычытаў, што так лепш думаецца, чым тады, калі сядзіш у крэсле пры размове.
– А дзе ваш дырэктар? – уладным голасам спытала Галубіцкая, намеснік старшыні райвыканкама, якая курыравала пытанні сацыяльнай сферы жыцця ў раёне.
– Артур Антонавіч паехаў на раён, будзе позна, – як школьнік адрапартаваў Ігар Пятровіч, хоць добра ведаў, што яго шэф у гэты час разам з двума сваімі падначаленымі займаецца будаўніцтвам лазні на дачы. Між іншым, ён не надта і хлусіў: дача ж шэфа знаходзіцца за горадам, «на раёне»…
– У такім разе зрабіце без яго! – скамандавала Вольга Піліпаўна, якая, як вядома, кіраваць любіла. – Тэрмінова падрыхтуйце неабходныя матэрыялы на ўзнагароджанне вашага галоўнага спецыяліста Івана Міхайлавіча Ключнікава і да канца дня перадайце нам!
У калектыве ўстановы ўжо была размова аб падвядзенні вынікаў работы за мінулы год і ўдзеле ў традыцыйнай штогадовай цырымоніі ўзнагароджання за дасягненні ў сацыяльна-культурнай дзейнасці. Таму Ігар Пятровіч успрыняў загад падрыхтаваць адпаведныя паперы як усё зразумелае. Выканаць гэтае заданне раённага начальства яму дапамог сам Ключнікаў, які і даставіў потым матэрыялы ў райвыканкам.
Дырэктар жа адсутнічаў на рабоце яшчэ два дні, да выхадных. Як паведаміў усім яго вадзіцель, шэф узяў бальнічны ліст.
У панядзелак Артур Антонавіч з’явіўся на рабоце пасля аператыўнай нарады ў райвыканкаме. І тут жа выклікаў да сябе намесніка…
Праз некаторы час Ігар Пятровіч выйшаў ад яго як у ваду апушчаны. Узрушаны, нейкі задуменны. Заглянуў у кабінет Ключнікава.
Читать дальше