Што мы памятаем пра Берыю? Пра Лубянку? Мама маўчала… Аднойчы прыгадала, як улетку пасля адпачынку яны з татам вярталіся з Крыму. Ехалі па Украіне. Гэта трыццатыя гады… калектывізацыя… Ва Украіне быў вялікі голад, па-ўкраінску — галадамор. Мільёны памерлі… цэлымі сёламі выміралі… Хаваць не было каму… Украінцаў забівалі за тое, што яны не хацелі ісці ў калгасы. Забівалі голадам. Цяпер я гэта ведаю… Калісьці ў іх была Запарожская Сеч, народу помнілася воля… Там такая зямля — кол загані, і дрэва вырасце. А яны паміралі… падыхалі як быдла. У іх усё забралі, да макавіны вывезлі. Атачылі войскамі, як у канцлагеры. Цяпер я гэта ведаю… Я сябрую на працы з адной украінкай, яна ад бабулі сваёй чула… Як у іх вёсцы маці сама адно дзіця зарубіла сякерай, каб варыць і карміць ім астатніх. Сваё дзіця… Гэта ўсё было… Дзяцей з двара баяліся выпускаць. Як катоў і сабак, вылоўлівалі дзяцей. Чарвякоў на гародах капалі і елі. Хто мог, поўз у горад, да цягнікоў. Чакалі, што нехта ім кіне скарыначку хлеба… Салдаты штурхалі іх ботамі, білі прыкладамі… Цягнікі імчалі далей, імчалі на ўсёй хуткасці. Праваднікі зачынялі вокны, завешвалі шторы. І ніхто ні пра што ні ў кога не пытаўся. Прыязджалі ў Маскву. Прывозілі віно, садавіну, ганарыліся загарам і ўспаміналі мора. (Маўчыць.) Я любіла Сталіна… Доўгі час яго любіла. Нават тады любіла, калі сталі пра яго пісаць, што ён быў маленькі, рыжы, з ссохлаю рукой. Застрэліў сваю жонку. Выкрылі. Выкінулі з маўзалея. А я ўсё роўна яго любіла.
Я доўга была сталінскай дзяўчынкай. Вельмі доўга. Вельмі… Так, гэта было! Са мною… з намі… і без таго жыцця я застануся з пустымі рукамі. Без нічога… жабрачкай буду! Я ганарылася нашым суседам, дзядзькам Ванем — герой! Ён вярнуўся з вайны без абедзвюх ног. Ездзіў па двары на драўляным самаробным вазку. Называў мяне «мая Маргарытка», падшываў усім валёнкі і боты. П’яны спяваў:
«Дарагія браточкі-сястрычкі…
Па-геройску я біўся ў баі…»
Праз некалькі дзён пасля смерці Сталіна прыходжу да яго: «Ну што, Маргарытка, здох гэты…» Гэта ён — пра майго Сталіна! Я выхапіла свае валёнкі: «Як вы можаце? Вы — герой! З ордэнам». Два дні вырашала: я — піянерка, значыць, я павінна пайсці ў энкавэдэ і расказаць пра дзядзьку Ваню. Зрабіць заяву. І гэта абсалютна сур’ёзна… так! Як Паўлік Марозаў… Я магла данесці і на свайго бацьку… на маці… Я магла… Так! Я была гатова! Вяртаюся са школы, а дзядзька Ваня п’яны валяецца ў пад’ездзе. Перавярнуўся са сваім вазком і не можа ўстаць. І я пашкадавала яго.
І гэта я… Я сядзела, прыціснуўшыся вухам да рэпрадуктара, і слухала, бо кожную гадзіну перадавалі бюлетэнь пра здароўе таварыша Сталіна. І плакала. Усім сэрцам. Было! Гэта было! Быў сталінскі час… і былі мы, сталінскія людзі… Мая мама — з дваранскай сям’і. За некалькі месяцаў да рэвалюцыі яна выйшла замуж за афіцэра, пасля ён ваяваў у белай гвардыі. У Адэсе яны рассталіся — ён эміграваў з рэшткамі разбітых дзянікінскіх палкоў, а яна не магла пакінуць спаралізаваную маці. Яе забралі ў чэка як жонку белагвардзейца. Следчы, які вёў справу, закахаўся ў маму. Уратаваў нейкім чынам… Але прымусіў выйсці за яго замуж. Пасля службы ён вяртаўся дадому п’яны і біў яе рэвальверам па галаве. Потым кудысьці знік. І вось мая мама… прыгажуня… якая захаплялася музыкай, якая ведала некалькі моваў, яна да бяспамяцтва любіла Сталіна. Пагражала тату, калі ён нечым быў незадаволены: «Я пайду ў райкам і скажу, які ты камуніст». А тата… Тата — удзельнік рэвалюцыі… у 37-м быў рэпрэсаваны… Але яго неўзабаве вызвалілі, бо за яго папрасіў нейкі паважаны бальшавік, які ведаў яго асабіста. Заручыўся. Але ў партыі тату не аднавілі. Удар, які ён не мог перажыць. У турме яму выбілі зубы, праламалі галаву. Усё роўна тата не змяніўся, застаўся камуністам. Растлумачце мне гэта… Думаеце, дурні? Наіўняк? Не, гэта былі разумныя і адукаваныя людзі. Мама чытала ў арыгінале
Шэкспіра і Гётэ, а тата скончыў Ціміразеўскую акадэмію. А Блок… Маякоўскі… Інэса Арманд? Мае куміры… мае ідэалы… З імі я вырасла… (Задумалася.)
Калісьці я вучылася лётаць у аэраклубе. На чым мы лёталі, цяпер здзіўляешся: як мы жывыя засталіся?! Не планеры, а самаробкі — драўляныя рэечкі, абабітыя марляй. Кіраванне — ручка і педаль. Але затое, калі ты ляціш, ты бачыш птушак, ты бачыш зямлю з вышыні. Ты адчуваеш крылы! Неба змяняе чалавека… вышыня змяняе… Разумееце, пра што я? Я пра тое нашае жыццё… Мне шкада не сябе, мне шкада ўсяго таго, што мы любілі…
Читать дальше