«Я была студэнткай…
Усё адбылося вельмі хутка… Праз тры дні рэвалюцыя скончылася… Па тэлевізары ў аглядзе навін агучылі: члены ГКЧП арыштаваныя… міністр унутраных спраў Пуга застрэліўся, маршал Ахрамееў павесіўся… У нашай сям’і пра гэта доўга гаварылі. Памятаю, тата сказаў: «Гэта — ваенныя злачынцы. Іх мусіў накаткаць лёс нямецкіх генералаў Шпэера і Гэса». Усе чакалі Нюрнберга…
Мы былі маладыя… Рэвалюцыя! Я пачала ганарыцца сваёй краінай, калі людзі выйшлі на вуліцы супраць танкаў. Да гэтага ўжо былі падзеі ў Вільні, Рызе, Тбілісі. У Вільні літоўцы абаранілі свой тэлецэнтр, нам усё гэта паказвалі, а мы што — быдла ці што? На вуліцу выйшлі людзі, якія раней нікуды не хадзілі — сядзелі на кухнях і абураліся. А тут яны выйшлі… Мы з сяброўкай узялі з сабой парасоны — і ад дажджу, і каб біцца. (Смяецца.) Я адчувала гонар за Ельцына, калі ён стаяў на танку, я зразумела: гэта — мой прэзідэнт! Мой! Сапраўдны! Там было шмат моладзі. Студэнтаў. Усе мы выраслі на «Огоньке» Кароціча, на «шасцідзясятніках». Атмасфера вайны… У мегафон нехта крычаў, маліў, мужчынскі голас: «Дзяўчаты, вяртайцеся. Будзе страляніна і шмат трупаў». Побач са мною хлопец выпраўляў дадому сваю цяжарную жонку, яна плакала: «Чаму ты застаешся?» — «Так трэба».
Я абмінула вельмі важнае… Як пачаўся гэты дзень… Раніцай я прачнулася ад таго, што мама гучна плакала. Галасіла. Мама пыталася ў таты: «Што такое надзвычайнае становішча? Як ты думаеш, што яны зрабілі з Гарбачовым?» А бабуля бегала ад тэлевізара да радыё на кухні: «Нікога не арыштавалі? Не расстралялі?» Нарадзілася бабуля ў дваццаць другім годзе, праз усё яе жыццё стралялі і некага расстрэльвалі. Арыштоўвалі. Так жыццё прайшло… Калі бабулі не стала, мама адкрыла сямейную таямніцу. Падняла заслону… гэтыя шторы… У пяцьдзясят шостым прывезлі бабулі і маме з лагера бацьку, гэта быў мех з косткамі. З Казахстана. Прыехаў ён з праважатым, такі быў хворы. І яны нікому не прызнаваліся, што гэта бацька… гэта муж… Баяліся… Казалі, што ён ім ніхто, нейкі далёкі сваяк. Пражыў ён з імі некалькі месяцаў, і яго паклалі ў шпіталь. Там ён засіліўся. Мне трэба… Цяпер мне трэба неяк з гэтым жыць, з гэтым веданнем. Мне трэба гэта зразумець… (Паўтарае.) Неяк з гэтым жыць… Больш за ўсё наша бабуля баялася новага Сталіна і вайны, усё жыццё яна чакала арышту і голаду. Вырошчвала на акне цыбулю ў скрыначках, квасіла ў вялікіх рандэлях капусту. Купляла ў запас цукар і алей. Антрэсолі ў нас былі наладаваныя рознымі крупамі. Пярлоўкай. Заўсёды яна мяне вучыла: «Ты маўчы! Маўчы!» У школе маўчы… ва ўніверсітэце… Так я расла, сярод такіх людзей. Нам не было за што любіць савецкую ўладу. Мы ўсе — за Ельцына! А маю сяброўку мама не выпускала з хаты: «Толькі праз мой труп! Ты хіба не разумееш, што ўсё вярнулася?» Мы вучыліся ва Універсітэце дружбы народаў імя Патрыса Лумумбы. Там вучыліся студэнты з усяго свету, многія з іх прыязджалі з уяўленнямі, што СССР — гэта краіна балалаек і атамных бомбаў. Нам было крыўдна. Мы хацелі жыць у іншай краіне…»
«Я працаваў слесарам на заводзе…
Пра путч даведаўся ў Варонежскай вобласці… гасцяваў у цёткі. Усе гэтыя енкі пра веліч Расіі — залупа поўная. Патрыёты фальшывыя! Сядзяць каля зомбаскрыні. Ад’ехалі б на пяцьдзясят кіламетраў ад Масквы… Паглядзелі б на дамы, на тое, як людзі жывуць. Якія ў іх святы п’яныя… У вёсцы мужыкоў амаль няма. Вымерлі. Свядомасць на ўзроўні свойскай жывёлы — п’юць да белых д’яблаў. Пакуль не паваляцца. П’юць усё, што гарыць: ад агурковага ласьёну да аўтабензіну. П’юць, а потым б’юцца. У кожнай сям’і хтосьці ў турме сядзеў ці сядзіць. Міліцыя не спраўляецца. Толькі бабы не здаюцца, корпаюцца на гародах. Калі і засталося колькі мужыкоў непітушчых, то яны з’ехалі на заробкі ў Маскву. А адзінаму фермеру (у той вёсцы, куды я езджу) тры разы пускалі «чырвонага пеўня», пакуль не з’ехаў да д’ябла! З вачэй! Натуральна ненавідзелі… фізічна…
Танкі ў Маскве… барыкады… У вёсцы ніхто асабліва з гэтай нагоды не напружваўся. Не зарубаўся. Нашмат больш хваляваў каларадскі жук і капусная моль. Ён жывучы, гэты каларадскі… А ў маладых пацаноў семкі і дзеўкі ў галаве. Дзе пляшку ўвечары расціснуць? Але народ усё-такі больш выказваўся за ГКЧП. Я так зразумеў… Яны не ўсе былі камуністамі, але ўсе за вялікую краіну. Баяліся пераменаў, бо пасля ўсіх пераменаў мужык у дурнях заставаўся. Памятаю, як наш дзед казаў: «Раней мы жылі хуёва, хуёва, а потым усё горш і горш». Да вайны і пасля вайны жылі без пашпартоў. Вясковым пашпарт не давалі, не выпускалі ў горад. Рабы. Арыштанты. Вярнуліся з вайны ў ордэнах. Паў-Еўропы заваявалі! А жылі без пашпартоў.
Читать дальше