Сёньня ў прэсе зьявіліся матэрыялы, прысьвечаныя публікацыі «Чарнобыльскай малітвы» на фінскай мове. У газэтах падрабязна выкладаецца зьмест кнігі і апісваюцца наступствы Чарнобылю для Беларусі.
Вялізны артыкул у газэце «Helsіngіn Sanomat» пачынаецца са словаў: «Пра нас, беларусаў, у сьвеце даведаліся толькі пасьля Чарнобылю. Чарнобыль стаўся нашым акном у Эўропу. Мы зьяўляемся адначасова і ягонымі ахвярамі, і ягонымі сьвятарамі. Гаварыць пра тое проста страшна».
Камэнтуючы гэтае выказваньне, газэта піша, што доўгі час Беларусь не лічылася галоўнай ахвярай Чарнобылю. А кніга Алексіевіч дапамагае нам прабіцца праз тыя сумёты хлусьні і маўчаньня, якія былі нагароджаныя вакол сытуацыі ў Беларусі пасьля Чарнобылю. Далей паведамляецца, што «Чарнобыльская малітва» перакладзена на 20 моваў тым часам як у сябе на радзіме яна фактычна забароненая.
Маральна-этычнае пытаньне «забыцца або памятаць» для Сьвятланы Алексіевіч вырашаецца проста: памятаць. Перакладчык і літаратар Робэрт Коламайнэн, сказаў: «Гэтая кніга для нас сталася сапраўдным адкрыцьцём. Мы ведалі пра Чарнобыль, мы нават ведалі крыху пра становішча ў Беларусі, але ўсё гэта ня тое. Ведаць можна і табліцу множаньня, аднак адчуць, прапусьціць гэта праз уласныя пачуцьці — гэта зусім іншая справа».
Апроч учарашняй прэсавай канфэрэнцыі Сьвятлана Алексіевіч сёньня ўвечары будзе гаварыць у гарадзкім парку Эсплянада на «Дні кнігі і ружы», у расейскім клюбе пры Інстытуце гістарычных дасьледаваньняў Хэльсынскага ўнівэрсытэту, а таксама ў Нацыянальным фінскім ПЭН-цэнтры.
У чацьвер яна выступала ў музэі Леніна ў Тампэрэ, а ў пятніцу — у гарадзкой бібліятэцы гораду Торы. Пісьменьніца, як піша «Helsіngіn Sanomat», імкнецца абудзіць homo sovetіcus ад дзесяцігодзьдзяў гіпнатычнага сну.
«Я не перапыняю сувязі з радзімаю»
14 верасьня 2000
Ганна Соўсь, Менск
На наступным тыдні пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч пакіне радзіму й два гады будзе жыць спачатку ў Італіі, а потым — у Францыі. Учора адбылася апошняя сустрэча пісьменьніцы з грамадзкасьцю Беларусі. Падчас яе адбылася прэзэнтацыя беларускага выданьня «Чарнобыльскае малітвы». Такім чынам, Беларусь стала сямнаццатай краінаю сьвету, дзе надрукаваная «Чарнобыльская малітва».
Праз тыдзень Сьвятлана Алексіевіч пакіне Беларусь. Яна едзе на запрашэньне й на стыпэндыю эўрапарлямэнцкай пісьменьніцкай арганізацыі. Прыблізна год Сьвятлана Алексіевіч будзе жыць у Італіі (у Флярэнцыі), а потым яшчэ год — у Францыі.
Ейная апошняя сустрэча з грамадзкасьцю адбылася ў рамках міжнароднае канфэрэнцыі «Разбуранае XX стагодзьдзе: Хроніка будучыні», якую ладзіў міжнародны жаночы фонд імя Сьвятой Эўфрасіньні Полацкае. Падчас вечарыны адбылася прэзэнтацыя беларускага выданьня «Чарнобыльскае малітвы».
Упершыню гэтая кніга выдадзеная на беларускай мове. «Чарнобыльская малітва» надрукаваная на сродкі Прадстаўніцтва ААН у Беларусі, а таксама пры ўдзеле літаратурна-мастацкага фонду «Гронка». Кніга мае невялікі наклад, усяго 1500 асобнікаў, частка зь іх будзе бясплатна перададзеная беларускім бібліятэкам.
Падчас вечарыны Сьвятлана Алексіевіч распавяла нашаму радыё пра тое, што плянуе ў Італіі скончыць працу над сваёй кнігаю пра каханьне «Дзівосны алень вечнага паляваньня»:
«Я не перапыняю сувязі з радзімаю, буду сюды прыяжджаць, таму што доўга без сваёй краіны жыць не магу», — зазначыла Сьвятлана Алексіевіч.
На думку пісьменьніцы, у Беларусі надышоў час пакідаць барыкады, бо гэта ўсё адбітак пэўнае «культуры вайны». «Я не кажу, што трэба даць гэтай правінцыйнай дыктатуры рабіць з намі ўсё, што заўгодна, — лічыць Алексіевіч, — але ўвесь час заставацца на барыкадах нельга». На ейную думку, цяпер для Беларусі галоўная праблема — гэта праблема апазыцыі, праблема эліты.
Надоечы Алексіевіч вярнулася з Токіё, дзе зь яе ўдзелам японскай тэлекампаніяй NHK была зьнятая мастацка-дакумэнтальная стужка «Маленькі чалавек і вялікая ўтопія». Гэта 75-хвілінны фільм пра пісьменьніцу і герояў ейных твораў. «Мы выбралі па 2-3 героі з кожнай маёй кнігі, праехалі па ўсёй былой краіне-ўтопіі, здымалі ў Беларусі, Украіне, Расеі», — распавяла Сьвятлана Алексіевіч. Гэтая стужка хутка будзе дэманстравацца на японскай тэлевізіі. Што тычыцца Беларусі, дык Сьвятлана Алексіевіч цяпер і не спадзяецца, што фільм «Маленькі чалавек і вялікая ўтопія» ў блізкім часе можа быць паказаны на радзіме.
Читать дальше