Я пацікавіўся ў пісьменьніцы — што гэта будзе за кніга, як яна стасуецца з папярэднімі — «Апошнімі сьведкамі», «Цынкавымі хлопчыкамі», «Чарнобыльскай малітвай», якія крытыкі называюць энцыкляпэдыяй усіх савецкіх пакаленьняў.
Алексіевіч : «Калі апошняя кніга — «Чарнобыльская малітва» — была ўжо напісаная і я думала: што павінна быць далей, дык вырашыла, што цыкл мой мусіць быць завершаны яшчэ дзьвюма кнігамі. І гэты цыкл як бы называецца «Чалавек знаёмы». Пасьля я пачну другі — «Чалавек незнаёмы», чалавек іншых адносінаў з сусьветам. Мы — людзі эпохі войнаў, рэвалюцыяў, развалаў і іншага досьведу ня маем. Мы — людзі культуры барацьбы, культуры вайны, скажам так — супрацьстаяньня і разбурэньня. Але ўсё ж нягледзячы на ўсе гэтыя жахі, якія чамусьці бясконца пашыраюцца, чалавек створаны ня толькі для таго, каб закрыць дзот, падняцца на дах рэактара, скончыць самагубствам з-за таго, што ідэя загінула. Напэўна ж, Божы замысел іншы. І напэўна ж, кожны з нас мае ў жыцьці такія ўспаміны, якія ён у апошнюю сваю гадзіну згадае. Ён напэўна ўспомніць штосьці асабістае, прыватнае, калі хочаце — начное. Як бы начны чалавек. Новая кніга будзе называцца «Дзівосны алень вечнага паляваньня». Як сказаў Аляксандар Грын, шчасьце, каханьне — гэта дзівосны алень вечнага паляваньня. Чалавек гоніцца за ім. Так што шостая кніга працягне мой летапіс пра нашага чалавека нашых пакаленьняў. Але ў нас, славянаў, чамусьці сумна ўсё атрымліваецца. Чамусьці мы ніяк ня можам быць шчасьлівыя. Таму кніга — гэта зноў расповед пра людзей, але празь іх асабістыя гісторыі, праз каханьне, якое яны перажылі, праз тое, што яны зразумелі ў жыцьці».
Сьвятлана Алексіевіч прызнаецца, што вельмі часта прымушае сябе езьдзіць, каб ня стаць «кабінэтным вучоным», ці такім «заходнім» пісьменьнікам, якога на Захадзе друкуюць, але які даўно забыўся, што робіцца ў яго ўласным доме. У гэтай сувязі я пытаюся ў пісьменьніцы — чаму менавіта Гомельшчына, так сказаўшы, выбраная ў якасьці аб’екту дасьледаваньня?
Алексіевіч : «Я працавала тут, калі пісала кнігу «Чарнобыльская малітва». Раней — таксама, працуючы над першай кнігай «У вайны не жаночае аблічча», рабіла тут запісы. Па-другое, Гомельшчына для мяне — гэта штосьці асаблівае. Мой бацька родам зь Петрыкаўскага раёну, зь вёскі Камаровічы. Пасьля вайны ён быў дырэктарам у шмат якіх школах на Гомельшчыне, а ў Веткаўскім раёне ў вёсцы Прысна я наагул пайшла ў школу і спадзяюся, што там яшчэ жыве мая першая настаўніца, якую я вельмі любіла. У Капаткевічах Петрыкаўскага раёну я закончыла сярэднюю школу. Добрая для мяне паездка».
Дадам, што абласная бібліятэка адмовілася арганізаваць сустрэчу сваіх чытачоў зь пісьменьніцай, чые кнігі выдадзеныя ў 19 краінах сьвету.
«Мужчынская ваяўнічая статкавая сьвядомасьць, падпарадкаваная нейкаму важаку, адвучыла ад індывідуальнай адказнасьці»
Валянціна Аксак, Менск
3 чэрвеня 1999
У Менску пачаўся Першы ўсебеларускі форум «Жанчына. Плянэта. Будучыня». Каля двухсот дэлегатаў з розных рэгіёнаў Беларусі, а таксама каля ста гасьцей з Расеі, Польшчы, Украіны, Малдовы ўдзельнічаюць у гэтай імпрэзе. Яна зладжаная Ўсебеларускім жаночым фондам сьв. Эўфрасіньні Полацкай пры падтрымцы дзьвюх украінскіх няўрадавых жаночых арганізацыяў ды трох расейскіх.
Такая вялікая прадстаўнічасьць форуму абумоўленая мэтамі арганізатараў — абудзіць жанчыну да сацыяльнай, грамадзянскай, духоўнай, інтэлектуальнай актыўнасьці ды змусіць грамадзтва прыняць грамадзкую жаночую працу.
«Мужчынская сьвядомасьць зайшла ў тупік, і сьвет пакараны за тое, што адмовіўся ад жаночай энэргіі», — сказала на адкрыцьці форуму старшыня ягонага аргкамітэту славутая пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч.
І ў гэтай сувязі яна выказала сваё бачаньне прычынаў нечуванай трагедыі на Нямізе. Мужчынская ваяўнічая статкавая сьвядомасьць, падпарадкаваная нейкаму важаку, адвучыла ад індывідуальнай адказнасьці за свае дзеяньні. А ўсяго толькі і трэба было ў той жахлівы момант — адступіцца назад, гэта значыць, замест інстынкту статку «Рабі, як усе!» — прыняць асабістую адказнасьць за сябе і таго, хто побач, лічыць Сьвятлана Алексіевіч.
У Хэльсынкі адбылася прэзэнтацыя кнігі Сьвятланы Алексіевіч
26 красавіка 2000
Якуб Лапатка, Хэльсінкі
Учора ў Хэльсынкі адбылася прэзэнтацыя кнігі Сьвятланы Алексіевіч «Чарнобыльская малітва». Цікавасьць да падзеі выявілі практычна ўсе найбуйнейшыя газэты Хэльсынкі і Фінляндыі, а таксама фінскае тэлебачаньне.
Читать дальше