Прыкладна тое самае засведчылі і іншыя асобы, якія жывуць па суседстве. Яны не маглі назваць нікога, хто б часта наведваўся ў дом. Невядома, ці былі ў нябожчыц сувязі з навакольным светам. Аканіцы на фасадзе адчыняліся рэдка, а тыя, што з двара, былі зачыненыя заўсёды, за выняткам аднаго вялікага пакоя на пятым паверсе. Будынак моцны — не вельмі стары.
Ізідор Мюзэ, жандар, сведчыць, што яго выклікалі каля трох гадзін ночы. Калі падышоў да дому, убачыў ля ўваходных дзвярэй чалавек дваццаць-трыццаць, якія спрабавалі зайсці ўсярэдзіну. Праз некаторы час ён узламаў дзверы, штыхом, а не ломам. Зрабіць гэта было няцяжка, бо дзверы двухстворкавыя і не замкнёныя на засаўку ні зверху, ні знізу. Крыкі чуліся ўвесь час, пакуль адчынялі дзверы, — а потым раптам сціхлі. Відаць, крычалі (цяжка сказаць, адзін чалавек або некалькі) у перадсмяротнай агоніі — моцна і працягла, а не адрывіста. Наверх сведка падымаўся ў ліку першых. Апынуўшыся на першай лесвічнай пляцоўцы, ён пачуў, як двое гучна і са злосцю сварацца — адзін хрыплым, а другі — больш пранізлівым, вельмі дзіўным голасам. Змог разабраць некалькі словаў, што сказаў першы. Ён быў француз. Можна сказаць дакладна, што не жанчына. Змог разабраць словы sacrе́ і diable [ 44 44 «Ліха на яго» і «д'ябал» (фр.).
].
Пранізлівым голасам гаварыў чужаземец. Сведка не мог разабраць, быў гэта мужчынскі ці жаночы голас. Што гаварылі — не зразумеў, але лічыць, што мова была гішпанская. Выгляд пакоя і трупаў, згодна з апісаннем сведкі, не адрозніваецца ад апісання, дадзенага ва ўчорашняй газеце.
Анры Дзюваль, сусед, па прафесіі срэбранік, сведчыць, што ў ліку першых зайшоў у дом. Увогуле пацвярджае тое, што паведаміў Мюзэ. Як толькі яны зайшлі ў пад'езд, то адразу ж зачынілі за сабой дзверы, каб стрымаць натоўп, які сабраўся вельмі хутка, нягледзячы на позні час. На думку сведкі, пранізлівы голас належаў італьянцу. Упэўнены, што гэта быў не француз. Не можа сказаць дакладна, ці мужчына. Магла быць і жанчына. Сведка італьянскай мовы не ведае. Словаў не разабраў, але па інтанацыі лічыць, што гаварыў італьянец. Мадам Л'Эспанэ і яе дачку ведаў. Часта гутарыў з імі. Упэўнены, што пранізлівы голас належаў не ім.
Адэнгеймер, рэстаратар. Сведка сам пажадаў даць паказанні. Французскай мовай ён не валодае, таму допыт вёўся праз перакладчыка. Ураджэнец Амстэрдама. Праходзіў каля дому, калі адтуль пачуліся крыкі. Крычалі цягам некалькіх хвілін, відаць, дзесяці. Крыкі былі доўгія і моцныя — жудасныя і невыносныя. Быў сярод тых, хто зайшоў у дом. Згодны з ранейшымі сведчаннямі па ўсіх пунктах, акрамя аднаго. Упэўнены, што пранізлівы голас належаў мужчыну, да таго ж французу. Словаў не разабраў. Гаварылі вельмі гучна і хутка — з перапынкамі, відаць, са страхам і злосцю. Голас быў рэзкі, хутчэй рэзкі, чым пранізлівы. Не, пранізлівым яго не назваў бы. Хрыплы голас увесь час паўтараў sacrе́ і diable і адзін раз сказаў mon Dieu [ 45 45 «Божа мой» (фр.).
].
Жуль Міньё, банкір, фірмы «Міньё і сыны», вуліца Дэлярэн. Ён — Міньё-старэйшы. Мадам Л'Эспанэ валодала сякой-такой маёмасцю. Яна адкрыла ў іх рахунак увесну 18.. года, восем гадоў таму. Часта рабіла ўнёскі — невялікімі сумамі. Чэкі ніколі не выпісвала, але за тры дні да смерці асабіста ўзяла з рахунку чатыры тысячы франкаў. Грошы выплацілі золатам, іх даставіў на дом банкаўскі службовец.
Адольф Лё Бон, службовец банка «Міньё і сыны», сведчыць, што ў той дзень, пра які ідзе размова, недзе апоўдні, праводзіў мадам Л'Эспанэ да самага дому і аднёс чатыры тысячы франкаў, якія былі раскладзеныя ў два мяшэчкі. Адчыніўшы дзверы, мадэмуазэль Л'Эспанэ ўзяла з ягоных рук адзін мяшэчак, а старая пані — другі. Сведка развітаўся і пайшоў. Нікога на вуліцы ён тады не заўважыў. Вуліца — бакавая, вельмі ціхая.
Ўільям Бёрд, кравец, сведчыць, што разам з іншымі зайшоў у дом. Ангелец. Два гады як жыве ў Парыжы. У ліку першых падняўся па лесвіцы. Чуў, як сварыліся двое. Хрыплы голас належаў французу. Змог разабраць некалькі словаў, але ўсіх не памятае. Выразна чуў sacrе́ і mon Dieu. Словы суправаджаліся шумам, нібыта змагаліся міжсобку некалькі чалавек — чуліся шорганне ног, скрогат. Пранізлівы голас крычаў вельмі моцна, нашмат мацней, чым хрыплы. Упэўнены, што не ангелец. Хутчэй немец. Можа быць, і жанчына. Сам сведка па-нямецку не разумее.
Чатыры чалавекі на другім допыце засведчылі, што дзверы спальні, дзе знайшлі труп мадэмуазэль Л'Эспанэ, на той момант, калі туды зайшлі людзі, былі замкнёныя з сярэдзіны. Цішыня была поўная — ні стогнаў, ні шолахаў. Калі дзверы ўзламалі, нікога там не ўбачылі. Вокны пакояў, што выходзяць на вуліцу і ў двор, былі апушчаныя і наглуха замкнёныя з сярэдзіны. Дзверы паміж двума пакоямі былі зачыненыя, але не замкнёныя. Дзверы з пакоя ад вуліцы ў калідор былі замкнёныя на ключ з сярэдзіны. Невялічкі пакой з вокнамі на вуліцу, на пятым паверсе, той, што ў канцы калідора, быў незамкнёны, дзверы крыху прачыненыя. Ён быў поўны старых ложкаў, скрыняў і іншага хлуду. Усё гэта вынеслі і ўважліва агледзелі. Абшукалі ўвесь дом з верху да нізу, сантыметр за сантыметрам. З дапамогай камінараў праверылі ўсе дымаходы. У доме пяць паверхаў і яшчэ памяшканні на гарышчы (mansardes). На дах можна выйсці праз лаз, але ён быў надзейна забіты цвікамі і, відаць, шмат гадоў не адчыняўся. Час, што прайшоў паміж тым, як пачулі галасы, і тым, калі адчынілі дзверы, вызначаецца сведкамі па-рознаму. На думку адных, прайшло ўсяго тры хвіліны, другіх — цэлых пяць. Каб адчыніць дзверы, спатрэбілася шмат намаганняў.
Читать дальше