— Растлумач напрамілы Бог, — усклікнуў я, — свой метад, калі ён існуе, праз які ты толькі што зазірнуў мне ў душу.
Папраўдзе кажучы, я імкнуўся быць вонкава спакойным, хаваючы такім чынам збянтэжанасць, што ахапіла мяне.
— Гандляр садавіной навёў цябе на думку, што гэты маэстра па падэшвах не дарос да Ксеркса et id genus omne [ 40 40 I такіх, як ён (лац.).
].
— Гандляр садавіной? Ну, ты мяне здзіўляеш! Не ведаю я ніякага гандляра садавіной.
— Ну, той, з кім ты сутыкнуўся, калі мы зварочвалі на гэтую вуліцу, хвілін пятнаццаць таму.
Тут я ўзгадаў, што сапраўды нейкі гандляр з кошыкам яблыкаў на галаве ледзь не збіў мяне знянацку з ног, калі мы зварочвалі з вуліцы С. на тую, дзе цяпер стаялі. Але я не мог ніяк зразумець, якое гэта мела дачыненне да Шантыі.
Але Дзюпэн ні на кроплю не быў схільны да charlatanerie [ 41 41 Ашуканства (фр.).
].
— Я зараз растлумачу, — сказаў ён. — I каб ты ўсё зразумеў, мы спачатку адновім ход тваіх думак, пачынаючы з таго моманту, як я звярнуўся да цябе, да rencontre [ 42 42 Сустрэча (фр.).
] з тым самым гандляром. Асноўныя звёны ланцуга — Шантыі, Арыён, д-р Нікалс*, Эпікур, стэрэатамія, каменне ў бруку, гандляр садавіной.
Няма, відаць, такіх людзей, якія б у адпаведныя моманты свайго жыцця не паўтаралі ў думках дзеля забавы крок за крокам шлях, які прывёў іх да той ці іншай высновы. Занятак гэты часта вельмі цікавы, і той, хто сутыкаецца з ім упершыню, дзівіцца неабмежаванай адлегласці і неадпаведнасці паміж зыходным пунктам і канчатковай высновай. Вялікім, відаць, было і маё здзіўленне, калі я пачуў тое, што сказаў Дзюпэн, і не мог не пагадзіцца, што ўсё гэта — праўда.
Ён жа працягваў:
— Перад тым як звярнуць з вуліцы С., я добра памятаю, мы гаварылі пра коней. На гэтай тэме і перарвалася нашая размова. Калі мы пераходзілі на гэтую вуліцу, гандляр, які прабягаў побач з кошыкам яблыкаў на галаве, адпіхнуў цябе на кучу камянёў, паскіданых у тым месцы, дзе рамантуюць брук. Ты спатыкнуўся аб камень, паслізнуўся, крыху расцягнуў звязку на костачцы, відаць, раззлаваўся, ва ўсякім разе, спахмурнеў, нешта прамармытаў, азірнуўся на груду камянёў і моўчкі пакрочыў далей. Я не вельмі стараўся сачыць за тваімі дзеяннямі, але назіральнасць зрабілася апошнім часам неад'емнай часткай маёй натуры.
Ты працягваў ісці з апушчанай галавой, незадаволена косячыся на калдобіны і расколіны ў бруку (такім чынам я зразумеў, што ты ўсё яшчэ думаеш пра камяні), пакуль мы не дайшлі да завулка, што носіць імя Ламарціна* і які забрукавалі ў якасці эксперымента «ўнакладку», шчыльна падладзіўшы пліткі заклёпкамі. Твой твар павесялеў, і па вуснах я здагадаўся, што ты прамармытаў слова «стэрэатамія» — тэрмін, вельмі штучна суаднесены з гэтым тыпам бруку. Я ведаў, што ты не мог вымавіць гэта слова, не ўзгадаўшы пра атамы, а таксама пра тэорыі Эпікура. Мы не так даўно абмяркоўвалі гэтую тэму — я заўважыў, як надзіва дакладна, хоць на гэта мала хто звярнуў увагу, не вельмі выразныя здагадкі высакароднага грэка пацвердзіліся пазней касмагоніяй у дачыненні да нябесных туманнасцяў, — а таму я падумаў, што ты абавязкова падымеш вочы, каб зірнуць на вялікую туманнасць у сузор'і Арыёна, і спадзяваўся, што менавіта так і атрымаецца. Ты сапраўды зірнуў угору, тым самым упэўніўшы мяне, што я правільна іду па тваім следзе. Але ў вельмі адмоўным водгуку на выступ Шантыі ва ўчорашняй Musе́e нейкі з'едлівы крытык, вельмі нетактоўна намякаючы на тое, што шавец, які стаў на катурны, змяніў і прозвішча, прыпомніў адзін радок на лацінскай мове, да якога мы часта звярталіся ў размовах. Я маю на ўвазе гэты: Perdidit antiquum litera prima sonum [ 43 43 Страціла былое гучанне першая літара* (лац.).
].
Я неяк казаў табе, што радок быў напісаны адносна Арыёна, бо некалі ён пісаўся як Урыён. Мы яшчэ тады пажартавалі наконт гэтага, і я ведаў, што ўсё засталося ў тваёй памяці. Таму было зразумела, што ты абавязкова злучыш у галаве думкі пра Арыёна і Шантыі. Тое, што менавіта так і здарылася, пацвердзіла твая ўсмешка. Ты падумаў, што бедны Шантыі сам сябе прынёс у ахвяру. Спачатку ты ішоў згорбіўшыся, а тут — выпрастаўся на ўвесь рост. Такім чынам, я быў упэўнены, што ты падумаў пра мізэрную фігуру Шантыі. У той самы момант я перабіў твае думкі, зазначыўшы, што гэты Шантыі і праўда недаростак і было б лепей, каб ён паспрабаваў свае сілы ў тэатры «Вар'етэ».
Неўзабаве пасля гэтага мы праглядалі вечаровы выпуск «Судовай газеты», і нашую ўвагу прыцягнулі наступныя радкі:
Читать дальше