Яна памерла. А я, зрынуты ў прах скрухаю, больш не мог трываць адзіноты свайго жытла ў смузе старога горада ля Рэйна, што павольна прыходзіў у заняпад. Таго, што свет называе багаццем, у мяне было ўдосталь. Лігея прынесла мне больш, нашмат больш, чым звычайна выпадае на долю смяротнага. I праз некалькі месяцаў бязрадасных і бязмэтных тулянняў я купіў і ў пэўнай ступені наноў аздобіў адно абацтва — не буду яго называць — у адным з самых дзікіх і закінутых месцаў прыўкраснай Англіі. Змрочная і панурая ўрачыстасць будынка, амаль поўнае запусценне маёнтка, безліч сумных звязаных з імі пракаветных паданняў надзвычай гарманічна спалучаліся з пачуццём скрайняй закінутасці, якое прывяло мяне ў гэты далёкі і ўсімі забыты край. Але хаця абвітыя зялёнаю плесняю сцены абацтва я і пакінуў без значных зменаў, унутры, паддаўшыся дзіцячаму капрызу і, можа быць, з цьмянай надзеяй суцішыць свой боль, я абставіў усё з больш чым каралеўскай раскошаю. Да такіх дзівацтваў я меў схільнасць яшчэ ў дзяцінстве, а цяпер яны вярнуліся, быццам я здзяцінеў ад гора. На жаль, я адчуваю, колькі прыкметаў разумовае хваробы, што паступова нараджалася ўва мне, можна было заўважыць у раскошных і фантастычных драпіроўках, ва ўрачыстай егіпецкай разьбе, у вар'яцкіх карнізах і мэблі, ва ўзорах дываноў з залатымі махрамі. Я зрабіўся пакорлівым рабом опіюму, і мая праца і распараджэнні набылі адценне маіх відзежаў. Але досыць пра гэтыя бязглуздзіцы. Я раскажу толькі пра адзін пакой — пракляты назаўжды! Туды я ў момант нейкай запамарокі прывёў ад алтара як сваю жонку, як пераемніцу незабытай Лігеі, светлавалосую і блакітнавокую лэдзі Равэну Трэвэньён з Трэмэйна.
Няма такой архітэктурнай дэталі і аздобы шлюбнага пакоя, якая не стаяла б цяпер у мяне перад вачыма. Дзе былі пыхлівыя душы родных маёй нявесты, калі, прагнучы золата, яны дазволілі дзеве, дачцэ, настолькі любімай, пераступіць парог пакоя, аздобленага такім чынам? Я сказаў, што дакладна памятаю ўсе дробязі пакоя — але недаравальна забыўся на больш важнае; а ў той мудрагелістасці не было ні парадку, ні сістэмы, якія б маглі замацавацца ў памяці. Гэты вялізны пяцікутны пакой месціўся ў высокай вежы падобнага да замку абацтва. Увесь паўднёвы бок пяцікутніка займала акно — вялізнае венецыянскае цэльнае шкло свінцовага адцення, і ўсе сонечныя ці месяцовыя прамяні, праходзячы скрозь яго, надавалі пакою магільнае ззянне. Над верхняй часткаю гэтага вялізнага акна размяшчаліся краты, абвітыя старой лазою, што ўзбіралася ўверх па сценах масіўнае вежы. Змрочная дубовая скляпеністая столь, надзвычай высокая, была пакрытая найдзічэйшымі гратэскавымі ўзорамі напаўгатычнага, напаўдруідычнага арнамента. У самым цэнтры гэтых змрочных скляпенняў на залатым даўгазвённым ланцугу вісела вялізная жырандоля, таксама залатая, сарацынскага ўзору. У ёй было шмат хітра размешчаных адтулін, з якіх, нібы надзеленыя змяінай гнуткасцю, бесперапынна выслізгвалі рознакаляровыя агні.
Некалькі атаманак і залатых усходніх кандэлябраў стаялі ў беспарадку. Было там і ложа, шлюбнае ложа ў індыйскім стылі, нізкае, з чорнага дрэва, з балдахінам, падобным да пахавальнага покрыва. У кожным з пяці кутоў стаялі старчма саркафагі з чорнага граніту, прывезеныя з царскіх грабніцаў Луксору*, чые вечкі былі аздобленыя старажытнымі барэльефамі. Але найфантастычнейшымі — на жаль! — былі драпіроўкі. Вялізнымі складкамі цяжкія, масіўныя габелены з той самай тканіны, што й дыван на падлозе, закрывалі ненармальна высокія, нават непрапарцыйныя сцены. З той самай тканіны былі і покрыўкі на атаманках і чорным ложку, і балдахін над ім, і раскошныя парцьеры, што часткова зацянялі акно. Гэтай тканінаю была найдаражэйшая залатая парча. Яна была хаатычна расшытая найчарнейшымі арабескамі, кожная каля фута ў дыяметры. Але гэтыя фігуры набывалі абрысы арабесак толькі тады, калі на іх глядзелі з пэўнага пункту. Дзякуючы звыкламу цяпер спосабу, які сягае каранямі ў глыбокую старажытнасць, яны маглі мяняць выгляд. Тым, хто ўваходзіў у пакой, яны падаваліся проста пачварнымі, але з кожным наступным крокам гэтае ўражанне паступова знікала, і, прасоўваючыся наперад, госць бачыў вакол сябе бясконцую працэсію змрочных стварэнняў, народжаных нарманскімі прымхамі або паўсталыя ў грэшных сненнях манаха. Фантасмагорыя бясконца ўзмацнялася ад штучна створаных пастаянных паветраных патокаў за драпіроўкамі, якія надавалі ўсяму вакол неспакойны і страшны рух.
Читать дальше