— Прынамсі ў гэтым, — ускрыкнуў я, — у гэтым я не магу ніколі б не змог памыліцца! Гэта чорныя, глыбокія, шалёныя вочы маёй страчанай каханай... лэдзі... ЛЭДЗІ ЛІГЕІ!
Пераклала Марына Дзергачова
Чырвоная Смерць ужо даўно спусташала краіну. Ніводная пошасць не была ніколі такая згубная й такая агідная. Кроў была яе ўвасабленнем і яе пячаткаю — чырвань і жудасць крыві. Спачатку востры боль і раптоўная помарач, пасля з усіх пораў пачынала сачыцца кроў пакуль не наставаў смяротны распад. Пунсовыя плямы на целе, асабліва на твары, былі кляймом пракляцця, якое пазбаўляла ахвяру людское дапамогі й спагады. I ўвесь гэты поступ хваробы, ад першых азнакаў да жахлівага канца, працягваўся паўгадзіны.
Але князь Праспэра быў шчаслівы, адважны й празорны. Калі ягоныя ўладанні былі выгубленыя напалову, ён прыклікаў да сябе тысячу дужых і легкадумных сяброў спасярод рыцараў і паннаў свайго двору і з імі адышоў у глыбокую адлюднасць аднаго з сваіх умацаваных кляштараў. Гэта была раскошная й велічная пабудова, твор князевых дзівацкіх і шляхетных густаў. Навокал бараніў яе магутны й неадольны мур. У муры былі жалезныя брамы. Вяльможныя ўцекачы ўзялі з сабою кавальскія горны й малаткі і, увайшоўшы, залітавалі ўсе засаўкі. Яны пастанавілі не пакінуць ніякіх магчымасцяў ні для ўваходу, ні для выхаду раптоўным прыступам роспачы ці вар'яцтва сярод тых, хто застаўся ў мурох. Кляштар быў шчодра забяспечаны. Належна засцярогшыся, княжы двор мог не зважаць на пагрозу заразы. А свет за мурамі хай сам пра сябе дбае. Тым часам было глупствам засмучацца або думаць. Князь паклапаціўся пра ўсе магчымыя забавы. Там былі блазны, імправізатары, балет, музыка, Прыгажосць, віно. Усё гэта й надзейная бяспека былі ў мурох. Вонках іх была Чырвоная Смерць.
Калі набліжаўся да канца пяты або шосты месяц кляштарнага замкнення й калі пошасць навокал лютавала найстрашней, князь Праспэра сабраў тысячу сваіх сяброў на маскаваны баль незвычайнае пышнасці. Маскарад гэты быў найдзівоснейшым відовішчам. Але дазвольце мне найперш апісаць пакоі, у якіх ён адбываўся. Іх было сем — велічная анфілада. Шмат у якіх палацах, аднак, гэтыя анфілады складаюць доўгую й простую перспектыву, а дзверы рассоўваюцца на абодва бакі амаль да самых сценаў, так што скразны від усяе чарады пакояў нічым не затуляецца. Тут жа была зусім іншая рэч; як і можна было спадзявацца, уважаючы на князеву схільнасць да ўсяго bizarre [ 11 11 Вычварны, вышуканы (фр.).
]. Пакоі былі размешчаныя так бязладна, што за раз можна было ахапіць зрокам крыху больш за адзін. Праз кожныя дваццаць або трыццаць метраў быў круты паварот, і за кожным паваротам хавалася непрадбачанасць. Справа й злева, пасярэдзіне кожнай сцяны высокае й вузкае гатычнае акно выходзіла на крыты калідор, які паўтараў выгіны анфілады. Вокны гэтыя былі аздобленыя вітражамі, колер якіх мяняўся адпаведна з пераважным тонам розных пакояў. Крайні ўсходні, прыкладам, меў блакітную абставу — і ярка-сінія былі ў ім вокны. Другі пакой быў барвовы ў сваёй аздобе й шпалерах, барвовыя былі й шыбы. Трэці быў скрозь зялёны, гэткія ж былі й вокны. Чацверты быў абстаўлены й аздоблены ў памаранчавы колер — пяты ў белы — шосты ў ліловы. Сёмы пакой быў атулены шчыльна чорным аксамітам, які пакрываў усю столь і сцены ад верху да нізу ды спадаў цяжкімі складкамі на дыван — тае самае тканіны й адцення. Аднак толькі ў гэтым пакоі колер вокнаў не адпавядаў навакольнай аздобе. Шыбы тут былі пунсовыя — густа-крывавага колеру. Ні ў адным з сямёх пакояў сярод багатага залатога аздаблення, якое было раскіданае сям і там або звісала са столяў, не было ні свяцільняў, ні кандэлябраў. Ва ўсёй анфіладзе не гарэла ніводнае лямпы або свечкі. Аднак у калідоры, уздоўж анфілады, насупраць кожнага акна стаяў цяжкі трыножнік з жарніцаю, полымя якой зырка асвятляла пакой праз каляровыя шыбы. I гэтак у пакоі спараджалася мноства дзівосных фантастычных зданяў. Што да заходняга, чорнага пакоя, дык у ім святло ад агню, што лілося на чорныя заслоны праз крывавыя вокны, стварала асабліва несамавітае ўражанне. Той, хто ўваходзіў туды, гэтак страшна мяняўся тварам, што мала хто з прысутных наважваўся пераступіць парог пакоя.
I якраз у гэтым памяшканні, пры заходняй сцяне, стаяў вялізны гадзіннік з чарнадрэву. Ягоны маятнік вагаўся з нудным, цяжкім, манатонным гулам; і калі хвілінная стрэлка рабіла сваё кола й спаўнялася цэлая гадзіна, з медзяных грудзей гадзінніка вырываўся звонны бой — чысты, гучны, глыбокі й надзвычай музыкальны, але такога нязвыклага тону й выразнасці, што кожную гадзіну музыкі ў аркестры былі змушаныя на момант спыняць выкананне і ўслухоўвацца ў трывожныя гукі; гэтак і тыя, хто кружыўся ў вальсе, мімаволі затрымліваліся; на хвіліну ўся вясёлая грамада замірала ў няёмкім замяшанні; і, калі яшчэ чуўся звон, можна было заўважыць, што твары найбольш легкадумных бялелі, а больш сталыя й паважныя затулялі рукою лоб нібы ў няясным роздуме ці задуменні. Аднак калі рэха сунімалася цалкам, па пакоях адразу прабягаў лёгкі смех; музыкі глядзелі адзін на аднаго й пасміхаліся нібы з сваёй нервовасці й глупства ды шэптам абяцалі адзін аднаму, што наступны бой гадзінніка не абудзіць у іх такіх пачуццяў; аднак праз шэсцьдзесят хвілін (якія ахапляюць тры тысячы шэсцьсот секундаў хуткаплыннага часу) зноў чуўся звон, і зноў, як раней, усіх ахапляла збянтэжанасць, сполах і задуменне. Аднак нягледзячы на гэтыя рэчы то была вясёлая й раскошная гулянка. Князевы густы былі вельмі дзіўныя. Ён меў добрае вока на колеры й эфекты. Ён грэбаваў звычайнасцю. Ягоныя планы былі смелыя й бліскучыя, ягоныя задумы палалі дзікунскім агнём. Некаторыя маглі б палічыць яго вар'ятам, але ягоныя паплечнікі адчувалі, што ён не вар'ят. Трэба было пачуць і пабачыць яго, дакрануцца да яго, каб у гэтым пераканацца.
Читать дальше