— Вось чаго мы зусім ніяк не можам зразумець, — сказаў доктар Зубдамус, — дык гэта таго, як вы, памерлы і пахаваны ў Егіпце пяць тысяч гадоў таму, сёння выявіліся вельмі нават жывым — і выглядаеце проста цудоўна.
— Калі б я быў, як вы кажаце, памерлым, — адказаў граф, — больш чым верагодна, што цяпер я б такім і заставаўся. Я бачу, вы ў гальванізме пакуль яшчэ зусім дзеці і не можаце з яго дапамогай дасягнуць таго, што лічылася ў старыя часы рэччу самай звычайнай. Уся справа ў тым, што ў мяне здарыўся каталептычны прыпадак, і добрыя мае сябры вырашылі, што я альбо памёр, альбо блізкі да гэтага, таму яны мяне тут жа забальзамавалі — спадзяюся, вы добра ўяўляеце сабе асноўныя прынцыпы бальзамавання?
— Не тое каб зусім...
— Ох, ну якое безнадзейнае невуцтва! Але не магу ж я цяпер занурацца ў дэталі. Хаця трэба патлумачыць, што ў Егіпце набальзамаваць па сутнасці значыла спыніць на няпэўны час усе жыццёвыя функцыі, залежныя ад працэсаў у арганізме. Я ўжыў тут слова «жыццёвыя» ў самым шырокім сэнсе, які ўлучае не толькі фізічнае, але і духоўнае, і вітальнае быццё. Паўтаруся, што ў нас асноўны прынцып бальзамавання — гэта імгненнае спыненне і захаванне навечна ўсіх жыццёвых функцыяў, залежных ад працэсаў у арганізме. Карацей кажучы, у якім стане знаходзіўся чалавек падчас бальзамавання, у такім ён і застаецца. Я меў шчасце нарадзіцца з крывёй Скарабея і таму быў забальзамаваны жывым, такім, якім вы цяпер мяне бачыце.
— З крывёй Скарабея? — усклікнуў доктар Зубдамус.
— Так. Скарабей быў эмблемай, ці сімвалам, аднаго выбітнага і вельмі арыстакратычнага роду. Нарадзіцца з крывёй Скарабея — значыць проста належаць да адной з тых сем'яў, якія мелі сваёй эмблемай Скарабея. Гэта я так метафарычна выказаўся.
— Але як гэта звязана з тым, што вы засталіся жывым?
— Ну, у Егіпце прынята перад бальзамаваннем даставаць у мерцвяка вантробы і мозг, і толькі род Скарабея не трымаецца гэтае традыцыі. А таму, калі б я не быў Скарабеем, то пазбавіўся б вантробаў і мозгу, без якіх, між іншым, жыць досыць нязручна.
— Ага, зразумела, — сказаў містэр Бэкінгем. — Значыць, усе няўскрытыя муміі, што трапляліся нам, належалі да роду Скарабея?
— Без сумневу.
— А я думаў, — сціпла заўважыў містэр Глідан, — што Скарабей быў адным з егіпецкіх багоў.
— Адным з егіпецкіх чаго? — усклікнула мумія, ускочыўшы.
— Багоў! — паўтарыў падарожнік.
— Містэр Глідан, мне напраўду дзіўна чуць ад вас такія словы, — сказаў граф, зноў сядаючы ў фатэль. — Ніводны народ на зямлі ніколі не прызнаваў існаванне больш чым аднаго бога. Скарабей, Ібіс і іншыя былі для нас (а для кагосьці іншага — іншыя стварэнні) усяго толькі сімваламі, ці пасярэднікамі, праз якіх мы ўслаўлялі Творцу, занадта велічнага, каб звяртацца да яго наўпрост.
Тут павісла паўза. Праз некаторы час доктар Зубдамус працягнуў размову:
— Згодна з вашымі тлумачэннямі, зусім не выключана, — сказаў ён, — што ў катакомбах ля Ніла могуць ляжаць і іншыя жывыя муміі сямейства Скарабея?
— Без усялякіх сумневаў, — адказаў граф. — Усе Скарабеі, выпадкова забальзамаваныя жывымі, застаюцца жывымі дагэтуль. I нават забальзамаваныя жывымі спецыяльна маглі быць забытыя сваімі павернікамі і дагэтуль ляжаць у трунах.
— А ці не маглі б вы патлумачыць, — папрасіў я, — што вы маеце на ўвазе пад словамі «забальзамаваныя жывымі спецыяльна»?
— З вялікім задавальненнем, — адказаў егіпцянін, няспешна агледзеўшы мяне праз манокль, бо гэта быў першы раз, калі я насмеліўся звярнуцца да яго з пытаннем.
— З вялікім задавальненнем, — паўтарыў ён. — У мае часы сярэдняя працягласць чалавечага жыцця складала прыкладна восемсот гадоў. Людзі рэдка паміралі, не дажыўшы да шасцісот, — хіба толькі ад няшчаснага выпадку, і рэдка жылі даўжэй за дзесяць стагоддзяў. Восемсот гадоў лічыліся сярэднім тэрмінам. Пасля таго як быў вынайдзены той прынцып бальзамавання, пра які я ўжо расказаў нашым філосафам прыйшло ў галаву задаволіць вартую павагі цікаўнасць, а да таго ж пасудзейнічаць развіццю навукі, пражываючы гэты тэрмін па частках. Для гісторыі, напрыклад, такі досвед проста неабходны. Уявім сабе гісторыка, які дасягнуў пяцісотгадовага ўзросту, напісаў кнігу, уклаўшы ў яе шмат намаганняў, і пасля быў старанна забальзамаваны, пакінуўшы сваім павернікам указанні праз некаторы час ажывіць яго — ну, скажам, гадоў праз пяцьсот ці шэсцьсот. Вярнуўшыся да жыцця па сканчэнні гэтага тэрміну, ён абавязкова ўбачыць, што яго вялікую працу ператварылі ў набор маргіналіяў, так бы мовіць, у літаратурную арэну для супярэчлівых гіпотэзаў, загадак і прыватных спрэчак усёй хеўры раздражнёных каментатараў. Ён убачыць, што гэтыя гіпотэзы, распаўсюджаныя ў выглядзе анатацыяў ці выпраўленняў, да такой ступені зацямнілі, сказілі і знішчылі першапачатковы тэкст, што аўтару даводзіцца шукаць яго днём з агнём. Робіцца зразумелым, што не варта было даваць сабе клопату з гэтым даследаваннем. Пасля таго як кніга цалкам перапісаная, гісторыку ставіцца ў абавязак неадкладна выправіць з пазіцый уласнага досведу і ведаў паданні сённяшняга дня пра эпоху, у якую ён жыў. Дзякуючы такому перапісванню і самавыпраўленню, за якое час ад часу бяруцца асобныя мудрацы, нашая гісторыя яшчэ не ператварылася ў чыстую казку.
Читать дальше