Аднак калі прайшло першае ўзрушэнне, мы, натуральна, тут жа вырашылі працягнуць эксперымент. Цяпер усе нашыя высілкі былі скіраваныя на вялікі палец правай нагі. Мы зрабілі надрэз з боку os sesamoideum pollicis pedis [ 99 99 Сесамападобная костка вялікага пальца нагі (лац.).
], агаліўшы корань адводнае цягліцы. Прыладзіўшы батарэю, мы скіравалі ток на рассечаны нерв, і тут мумія, рухаючыся зусім як жывая, спачатку сагнула правую нагу, амаль прыціснуўшы калена да жывата, а пасля з неверагоднай сілай выпрастала канцавіну, узнагародзіўшы доктара Зубдамуса штурхалём, які меў досыць сур'ёзны вынік: гэты джэнтльмен вылецеў праз акно на вуліцу нераўнуючы камень з катапульты.
Мы ўсе разам кінуліся вонкі, каб прынесці разбітыя рэшткі ахвяры, аднак мелі шчасце спаткаць Зубдамуса на лесвіцы — ён на ўсёй магчымай хуткасці імчаў назад, прасякнуты філасафічнай жарсцю і больш чым калі-небудзь яшчэ ўпэўнены ў неабходнасці з усёй сілай і ўсім запалам працягнуць наш дослед.
Згодна з яго парадай мы тут жа зрабілі глыбокі надрэз на кончыку носа аб'екта нашага эксперымента, і доктар, схапіўшы гэты самы нос нецярплівымі рукамі, рэзкім штуршком падцягнуў мумію да дроту.
Атмасфера наэлектрызавалася — як у фізічным, так і ў метафізічным, як у наўпростым, так і ў пераносным сэнсе. Па-першае, труп адкрыў вочы і некалькі хвілінаў вельмі хутка міргаў, акурат як містэр Барнс у пантаміме*, па-другое, ён чхнуў, па-трэцяе, сеў, па-чацвертае, патрос кулаком перад тварам доктара Зубдамуса і па-пятае, павярнуўшыся да высакародных Глідана і Бэкінгема, на дасканалай егіпецкай звярнуўся да іх з наступнымі словамі:
— Мушу сказаць, джэнтльмены, што вашыя паводзіны здзівілі мяне настолькі ж, наколькі пакрыўдзілі. Ад доктара Зубдамуса нічога лепшага і чакаць не варта, ён проста нікчэмны тоўсты дурань, іншага абыходжання ён і не ведае. Мне шкада яго, і яму я дарую. Але вы, містэр Глідан, вы, містэр Сілк, — вы, што столькі падарожнічалі і столькі часу правялі ў Егіпце, што можна падумаць, там і нарадзіліся, вы, якія так доўга жылі сярод нас, што гаворыце цяпер па-егіпецку гэтаксама свабодна, як, мяркую, пішаце на сваёй роднай мове, вы, якіх я заўсёды ўважаў за блізкіх сяброў муміяў, — ад вас я напраўду чакаў паводзінаў больш джэнтльменскіх. I што мне цяпер думаць пра вас, калі вы спакойна стаіце сабе і назіраеце, як непачціва са мной абыходзяцца? Як мне разумець тое, што вы дазваляеце любому сустрэчнаму здымаць з мяне саркафагі і адзежы ў такім агідна халодным клімаце? I самае галоўнае — якога меркавання трымацца мне што да вашае дапамогі і вашага судзейнічання гэтаму жалю вартаму нягодніку, гэтаму доктару Зубдамусу, у цяганні мяне за нос?
Можна было чакаць, што, пачуўшы ў такой сітуацыі гэтую прамову, кожны з нас альбо кінецца да дзвярэй, альбо заб'ецца ў істэрыцы, альбо ўвогуле страціць прытомнасць. Любое з гэтых трох дзеянняў выглядала б цалкам натуральна. Усе гэтыя спосабы рэагавання, безумоўна, маглі мець месца. I, слова гонару, я дагэтуль не магу зразумець, чаму нічога такога не адбылося ні з адным з нас. Магчыма, сапраўдная прычына гэтага палягае ў духу эпохі, які дзейнічае зусім адваротным спосабам і якім цяпер тлумачаць любую парадаксальную ці неверагодную з'яву. Альбо, можа быць, уся справа ў тым, што мумія трымалася вельмі натуральна і нязмушана, і гэта пазбавіла яе словы жахлівага гучання. Як бы там ні было, факт ёсць фактам: ніводны з нашае кампаніі не адчуў ніякага адмысловага трымцення і нават не падаў выгляду, што нешта вакол нас адбываецца надта ўжо не так.
Я, напрыклад, быў цалкам упэўнены, што ўсё так і мае быць, і толькі пасунуўся трошачкі назад, падалей ад кулака егіпцяніна. Доктар Зубдамус вельмі пачырванеў і, узіраючыся ў твар муміі, засунуў рукі ў кішэні штаноў. Містэр Глідан пагладзіў бараду і паправіў каўнер кашулі. Містэр Бэкінгем апусціў галаву і засунуў вялікі палец правай рукі ў левы куточак рота.
Некалькі хвілінаў егіпцянін сувора разглядаў яго і ўрэшце насмешліва зазначыў:
— Містэр Бэкінгем, чаго вы маўчыце? Вы чулі мае пытанні ці не? I дастаньце палец з рота!
Містэр Бэкінгем адразу ж злёгку скалануўся, дастаў вялікі палец правай рукі з левага куточка рота і ў якасці кампенсацыі ўклаў вялікі палец левай рукі ў правы куточак вышэйзгаданай адтуліны.
Не атрымаўшы адказу ад містэра Бэкінгема, мумія раздражнёна павярнулася да містэра Глідана і безапеляцыйным тонам у агульных выразах запатрабавала ад яго прыкладна таго ж самага.
Читать дальше