Недзе там, зусім блізка, будзе ляжаць Максім Багдановіч, і табе дастаткова будзе запыніць таксоўку ды сказаць: «Старое Ливадийское кладбище», але замест простага й лягічнага ўчынку ты чамусьці будзеш дзень пры дні плёхацца ў цёплым, быццам вада ў лазнай балеі, моры ды шнураваць па ўзьбярэжжы.
На ўзьбярэжжы будуць стаяць пад пальмамі плеценыя столікі з гумовай садавінаю й парожнімі пляшкамі з-пад трункаў, якія п'юць у сваіх краінах замежныя грамадзяне. За дзесяць рублёў ты зможаш пасядзець за тым столікам і атрымаць каляровую фотку, але ты лепей вып'еш за гэтыя грошы дзьве шклянкі херасу ў татарскай кавярні («Ў чарцы цёмнай і глыбокай, плешча, пеніцца віно...») і пасунесься далей - паўз фатографа з плюшавым Міхаілам Сяргеевічам, паўз фатографа з малпаю, якая з зусім чалавечаю радасьцю задарма паказвае кожнаму мінаку вогненна-чырвоны зад, паўз фатографа з трохмэтровым смарагдавым пітонам, які нечым няўлоўным нагадвае галоўнага камісара TV таварыша Краўчанку, паўз карункавы ад пены прыбой, што выносіць на бераг дарункі мора ў выглядзе шкарпэтак і скарыстанага прэзэрватыва («Ў іх русалкі заблуталі косы, - рвуць і блутаюць срэбныя ніці...»), паўз мастакоў, што малююць партрэты з натуры, паўз мастачку, якой ты б з прыемнасьцю папазіраваў, але толькі ня тут, паўз гітарыстаў, скрыпачоў і джазістаў, гледзячы на якіх узгадваеш раньняга Алега Гаўрылавіча Мінкіна:
Бродячий музыкант, он дело знает:
Футляр раскрыл, и - шляпу на цемент,
И на глазах у всех опять терзает
Неповоротливо печальный инструмент...
Потым будзеш лезьці да сябе на гару, а, падняўшыся ў нумар, выйдзеш на гаўбец і незнарок угледзіш, як на гаўбцы пад табою перакладчык Ашот расшпільвае станік на бялявай студэнтачцы Зіне, якую цэлы дзень пасьвіла ды так і не ўпасла дагледжаная маскоўская маман.
Назаўтра будзе задушлівы скварны дзень («Ад сьпёкі пышуць дахі і асфальт...») з экскурсіяй па чэхаўскіх мясьцінах. Тут жыве Ратару, у яе сухоты. Тут выпіваў Купрын, там - Бунін. Тут Чэхаў пажартаваў - убачыў у асьветленым начным вакне жаночы профіль і гучна кажа спадарожніку: «А вы чулі? Учора Буніна ў адной татаркі зарэзалі».
Лівадзійскія могілкі зусім блізка, аднак ты ўсё адно ўпарта павернеш у іншы бок і выйдзеш на ўзьбярэжжа - да тых самых фатографаў, да музыкаў, што могуць і «Соme together», і палянэз Агінскага, да вогненназадай мартышкі, да пітона, да варажбітак і прадказальнікаў, абстаўленых кампутарамі, якія, апрача ўсяго іншага, выдадуць табе навукова абгрунтаваныя зьвесткі, што ты памёр 23 лютага 1988 году, да херасу, да афіцыянткі з кляснымі нагамі й распусным разрэзам вачэй, зь якой шмат хто хацеў бы спаткацца зусім не на вуліцы, да плюшавага прэзыдэнта СССР, да ўсіх тых, з кім разам ты ляціш сёньня да зор... А ў чарцы цёмнай і глыбокай будзе зноў і зноў сьветлым хмелем калыхацца віно і, ускараскаўшыся на гару, ты, палохаючы Ашота зь Зінай і ўкормленых літфондаўскіх катоў, будзеш чытаць з начнога гаўбца:
Скарына, доктар лекарскіх навук,
У доўгай вопратцы на вежы сочыць зоры...
І набяжыць новы дзень, калі ты будзеш плаваць па цёплым, як калюжына, моры, і думаць, ці шмат было ў Максіма ў Ялце жанчын, і, чуючы абураны хор дбайцаў пра паэтавую цнатлівасьць, будзеш раіць ім пачытаць Максімаў дзёньнік. Потым ты наведаеш Лівадзійскі палац, дзе адпачываў расейскі імпэратар Аляксандар II, у якога кінуў бомбу твой суайчыньнік рэвалюцыянэр Ігнат Грынявіцкі, і зусім па-клясаваму й па-пралетарску ў памяці ў цябе застануцца не эксплёататарскія інтэр'еры, а букет ружаў у палацавай прыбіральні.
А недзе на ўзьбярэжжы ў гэты час будзе кімарыць на сонейку падобны да таварыша Краўчанкі пітон, яшчэ ня ведаючы, што адвячоркам да ягонага гаспадара падыйдзе аматар экзатычных фотак - загарэлы мацак у адных шортах і з такой шыкоўнаю татуіроўкай, што здалёк яна будзе выдаваць на бэзавую кашулю. Усьцешаны фатограф абкруціць свайго смарагдавага кампана вакол мацака й замітусіцца каля апарату, а ты разам з натоўпам будзеш захоплена разглядаць татуіроўку, на якой у непрыстойнай блізкасьці зь Ільлічом ды іншымі выдатнымі кіраўнікамі Камуністычнае партыі й Савецкай дзяржавы будуць выстаўляць свае вабноты прыгажуні з падпісанымі ўнізе ймёнамі. Ты будзеш думаць пра час, калі давядзецца падпісваць і правадыроў, і раптам у паветры запахне ня толькі алеандрам, але й скандалам. Мацак пачне зьлякана азірацца й дзіўнавата тузацца. Што падзейнічае на пітона, застанецца загадкаю: ці то ён будзе прыхільнікам бальшавіцкай плятформы ў КПСС і абурыцца суседзтвам правадыроў з цыцкастымі вярціхвосткамі, ці то спрацуе інстынкт вольных ад эксплёатацыі фатографамі продкаў, але вынікі будуць відавочныя: татуіроўка стане бачная лепей, а ейны гаспадар зьбялелымі вуснамі вымавіць: «Сними змею». Зьляканы фатограф аберуч ухопіцца за пітонаў хвост і пачне ліхаманкава адкручваць зялёныя кольцы. «Адресок! Адресок!» - закрычыць ён наўздагон уратаванаму мацаку, а той істэрычна выгукне цераз плячо: «Пошел ты со своей змеей на х..!»
Читать дальше