- Давай! - загадвае ён нашаму кіроўцу, і мы пераяжджаем ужо ніштавата пасунутую на ўсход мяжу сацыялістычнага лягеру.
На ўваходах у залю мытнага агляду - папярэджаньні - «Проход держать открытым!» Да кожнага нечая руплівая рука акуратна дапісала наперадзе: «задний».
Ужо ў самой назве памежнага савецкага гарадка Чоп чуваць нешта роднае, «чрезвычайное» - ЧОН, ЧК, ЧП...
Якія да болю свае - хоць прытулі іх да грудзей - шыльды й аб'явы: «Комендатура», «Милиция», «Торговля только по талонам», «Туалет не работает», «Имя и дело Ленина будут жить в веках»... Як звыкла й жадана ўштукоўваецца ў засьмечаны прывакзальны краявід і сам абседжаны галубамі ленін. Яшчэ адзін падфарбаваны золатам ленін схаваўся ад дэструктыўных галубоў у вакзальную пачакальню. Ля ног ільліча трое пасажыраў сьцелюць газэціну з фотаздымкам Гарбачова, крояць на ёй сала і, апасьліва аглядаючыся на бакі, дастаюць кантовую шклянку.
Я ўглядаюся ў дарагі зь дзяцінства, лагодны й мудры твар правадыра. Правадыр, сарамліва адвёўшы вочы за пляшкі «Гуцульскай» на газэціне, празорліва глядзіць удалеч, на шыльдачку «Ресторан закрыт нет воды». Мне здаецца, ягоныя вусны шэпчуць нешта геніяльнае:
- Как нам реорганизовать Рабкрин?
- Социализм - это учет...
Што да гэтага ленінскага запавету, дык у Чопе поўны парадак. Палова крамаў зачыненая на пераўлік, але, мусіць, хутка адчыніцца, бо выстаўлены ў вітрынах асартымэнт сьведчыць, што пераўлік можна правесьці імгненна.
Мэмарыяльная шыльда на вакзале паведамляе, што ў Чопе жывуць людзі розных нацыянальнасьцяў, аб'яднаныя адной велічнай справай - будаўніцтвам камунізму. Шыльду, на добры лад, трэ было б прадубляваць на замежных мовах, каб іншаземцы таксама зразумелі, зь якой прычыны зачыненыя абедзьве вакзальныя прыбіральні. (Трэба меркаваць, што ў камунізме прыбіральні ўжо нікому не спатрэбяцца.)
Тым часам па вакзале й вакол нэрвова пахаджаюць колькі дзясяткаў нашых і замежных грамадзянаў. Людзі савецкага гарту хутка знаходзяць выйсьце - хто заглыбляецца ў сквэрык, хто хаваецца за цягнік або плішчыцца ў прыватны сэктар.
Бездакорна адзеты сівы іншаземец з пакутаю на твары адважваецца таргануць дзьверы зачыненае на рамонт прыбіральні. Установа залітая сьмярдзючаю жыжкай, сярод якой сям-там тырчаць цагліны. У госьця нашае краіны хапае змогі толькі на два скачкі. Не дацягнуўшы да трэцяе цагліны, ён ступае на дно і ў роспачы падцягвае пашытыя дзе-небудзь у Парыжы ці ў Гамбургу нагавіцы. Але тут яму ня Монтэ-Карла. Жыжкі - па костачку, і белыя іншаземцавыя шкарпэткі ўмомант набываюць менш кідкі колер.
У вітрыне зачыненай на пераўлік крамы лётае верабей. За шклом газэтнага шапіка - нумар ці то маскоўскай, ці то яшчэ нейкай такой самай «правды» з буйным загалоўкам: «Народ сказал Союзу «да»! Народ сказал «да» социалистическому выбору».
Мне хочацца паглядзець на таго, хто прысягае ў вернасьці сацыялістычнаму выбару - толькі каб ён паўтарыў гэта не з тэлеэкрану, а з цаглінак у сьмярдзючай жыжцы.
Па пэроне, апусьціўшы голаў, брыдзе сівы іншаземец з мокрымі нагамі. Над вакзальным будынкам лёзунг: «Да здравствует марксизм-ленинизм - вечно живое, революционное интернациональное учение!»
На твары ў госьця нашай краіны - пакора.
Але яму ёсьць куды вярнуцца.
А мы ўжо вярнуліся.
Сакавік, 1991 г.
Старыя Лівадзійскія могілкі
Здарыцца так, што дабрадзеі з Саюзу пісьменьнікаў адшпіляць табе пуцёўку ў Дом творчасьці імя Антона Паўлавіча Чэхава, і ты апынесься сярод дзьвюх сотняў творцаў, зь якіх калі-небудзь схіляліся над пісьмовым сталом мо чалавек дзесяць. Цябе гэта зусім ня будзе абыходзіць, калі левакі будуць трымацца, як людзі, але яны будуць касіць пад пісьменьнікаў, і ты паспрабуеш закасіць пад сантэхніка, узнагароджанага пуцёўкаю за перамогу ў сацыялістычным спаборніцтве, і будзеш з ганьбаю выкрыты, калі прарве трубу, і трое пісьменьнікаў з суседняга стала прафэсійна залезуць у каналізацыйны лаз і ймгненна ліквідуюць аварыю. Праўда, сярод творцаў будзе непрыкаяна блукаць пад кіпарысамі некалі гнаны, а цяпер улаўраны расейскі паэта, і расейскамоўная аўтарка зь Менску, у якой ад беларускай мовы на твары зьяўляецца гідлівая грымаска, і малады армянскі перакладчык Ашот, які, кажучы словамі М. Зошчанкі, «знает дам и верит в их назначение»...
Зрэшты, ты прыедзеш у гэты дом ня дзеля назіраньняў за прадстаўнікамі твайго віду й безь вялікіх спадзяваньняў стварыць нешта геніяльнае. Ты прыедзеш таму, што недзе там, у Ялце, ля сіняй бухты, ляжыць Максім Багдановіч. Адзіны на сьвеце паэта, пра вершы якога ты можаш з усёй пэўнасьцю сказаць, што паэзія сапраўды здольная зьдзейсьніць дзіва. Бо бачыў тое дзіва на свае вочы: твой раўналетак, сын савецкага афіцэра й расеец па пашпарце, які зрываў урокі ніколі не вывучанай ім белмовы, у дзясятай клясе грэбліва выкалупнуў нагой з сабранае піянэрамі макулятуры Максімаў зборнічак, пачаў, скрывеліўшыся, чытаць, а потым зрабіўся беларускім празаікам, пабыўшы перад гэтым выдаўцом падпольнага альманаху, які адабралі хлопцы ў цывільным.
Читать дальше