Гусоўскі слухаў гэтую будзённую скорагаворку, і яму здавалася, што ягоную душу сціскае жалезны прытуг, такі самы, як той, што пагрозліва гарбаціўся каля далёкае сцяны. Ён быў гатовы на ўсё, каб толькі забраць яе пакуты сабе. Няхай бы Усявышні дазволіў...
Ён сцепануўся і скамянеў. Сэрца білася ўжо не ў грудзях, а дзесьці ў горле. У дзвярах стаяла Франчэска. На ёй былі тыя самыя, што і ў натоўпе, брудныя рызманы. Адно ўспамін застаўся ад лёгкай кароны залацістых валасоў. Спакутаваны адлучана-абыякавы твар выдаваў асіметрычным. Гусоўскі адчуў, што ніколі не кахаў яе так моцна, як зараз.
Ці вядома донне Франчэсцы пра ведзьмаў і іхняе мастацтва? Голас інквізітара гучаў мякка і даверна. Яна на імгненне падняла засмужаныя вочы і зноў утупіла позірк у падлогу. Не дачакаўшыся адказу, Нястомны ні на драбок не сумеўся і гэтаксама мякка пералічыў Франчэсцы, у чым яе абвінавачваюць. Яна атрымала ад д’яблавага звестуна магічны кій і націранне з пячонкі няхрышчаных дзяцей. Гэтыя прылады дапамаглі ёй у прызначаны дзень з’явіцца на шабас, дзе яна выраклася Хрыста, блудадзеіла і была на чорнай імшы, якую служыў сам Вельзевул. Пасля шабасу яна штодня аддавалася д’яблу, які прыходзіў да яе ў абліччы мурына і чорнага катá з чалавечымі вусамі.
Франчэска маўчала, не падымаючы вачэй, і пагойдвалася, як маладое дрэва пад ветрам. Відаць, яна не надта разумела, дзе яна і што з ёю адбываецца. Зрэшты, служку боскай юстыцыі гэта не абыходзіла, і ён, не маючы патрэбы зазіраць у сваё настаўленне, упэўнена сыпаў пытаннямі, борзда набліжаючы допыт да тае хвілі, калі ў яго, інквізітара, мусіць з’явіцца добры памагаты.
— Ці даўно ты гуляла вяселле са сваім каханкам? Хто быў за гасцей і што падавалася на стол? Ці граў на вяселлі музыка? Хто ён быў: чалавек ці нячысцік? Дзе ён сядзеў: на доле ці залазіў на дрэва?
— Колькі немаўлятаў ты з’ела або загубіла? Дзе ты іх здабывала? Ці патрэбна дзіцячае сала, каб падымаць ураганы?
— Колькі маразоў і туманоў ты напусціла? Што ты чыніла, каб у Рыме пачаўся чумны паморак?
— Колькі мужчын ты зрабіла няздатнымі да шлюбнага жыцця?
— Ці прыходзіў твой каханак да цябе ў вязніцу? У якім абліччы ён заяўляўся?
Кожнае пытанне было для Гусоўскага як шыпшынавы спічак у сэрца.
— Маўчыш? Веnе*.— Голас інквізітара пачаў налівацца насмешлівай пагрозаю.— А ведаеш, што напісана ў гэтай вось кнізе? Тут напісана, што, калі чортава выляжанка не хоча дапамагчы нам, мы клічам майстра Ай-ой, гэткага маленькага хлопчыка-казытунчыка, і ён гэтак далікатненька казыча чортавай жонцы ручкі і ножкі цісочкамі.
* Добра (лац.).
Абвінавачаная зноў узняла вочы, і цяпер замест абыякавасці ў іх бліснуў страх. Жудлівае абяцанне дапяла яе свядомасці і выбавіла Франчэску з самнамбулічнага сну. Гусоўскі не ведаў, радавацца з гэтага ці засмучацца, бо яна вярнулася з адной бездані, каб трапіць у новую, больш вусцішную.
З патайных дзвярэй нячутна выйшаў нізкарослы кат у чырвона-чорным адзенні. Нястомны пачаў адпраўляць неабходную перад катаваннем кароткую імшу.
Паэт з мецэнатам сядзелі збоку, і Франчэска па-ранейшаму не заўважала іх. На сцяне поруч з Гусоўскім вісеў нейкі жалезны аброжак з рудымі плямамі. Ён махнуў рукою, і дзіўны прыстас паляцеў долу. Бразгат змусіў Франчэску павярнуцца. Яна пазнала яго і ўскрыкнула, але замест надзеі на паратунак у яе ў вачах біўся жах. Гусоўскі зразумеў, што ягоны намысел не ўдаўся. Няўжо, паласнула яго здагадка, няўжо Франчэска падумала, што ён вырашыў вось так расквітацца з ёю?
Вузкія і трохкутныя, нібы вочы нейкай пачвары, вакенцы пацямнелі, і інквізітар загадаў запаліць свяцільні. Ён сам клапатліва паднёс абвінавачанай кубак са святой вадою, каб пад час катавання д’ябал не здолеў адабраць у яе мову.
— Твой каханак хоча зрабіць цябе неадчувальнай да болю,— зазіраючы ахвяры ў вочы, спагадна сказаў інквізітар.— Напэўна, ён прыслаў табе сваю сатанінскую граматку, а ты схавала яе ў валасах і думаеш, што мы яе не знойдзем. Не, даражэнькая, зараз наш хлопчык-казытунчык паголіць цябе...
Нястомны зрабіў знак, і кат адным рухам сарваў з Франчэскі лахманы, агаліўшы безабароннае белае цела.
— Мы павінны нешта зрабіць,— адвёўшы вочы, па-беларусінску прашаптаў спалатнелы Гусоўскі.
— Што б там ні было, заставайся на месцы,— таксама па-беларусінску адказаў Вітэліус.
— Спачатку стужку,— сказаў Нястомны да ката, і той накінуў ёй на шыю барвовы пасак.
Тая самая стужка даўжынёю ў рост Збавіцеля, што для злачынцаў нібыта цяжэйшая за самыя цяжкія кайданы. Яшчэ адно ашуканства, прыкрытае Хрыстовым імем. Колькі ж будзе трываць Усявышні?
Читать дальше