Законам аб мовах пастаўлена задача — кожны грамадзянін Рэспублікі Беларусь абавязаны авалодаць дзяржаўнай мовай. У Законе распісаны і аптымальныя, на наш погляд, тэрміны для авалодання. Але як гэтаму грамадзяніну авалодаць дзяржаўнай мовай, калі ён увесь час знаходзіцца ў стыхіі іншай мовы — калі і газеты, і часопісы, за невялікім выключэннем, і тэлебачанне, і радыё — усё пераважна ідзе на рускай мове? Возьмем, напрыклад, тэлебачанне: мы маем тры асноўныя каналы, тры праграмы — дзве цалкам рускамоўныя, і толькі па адной ідуць перадачы на беларускай мове. Але колькі іх? Прасачыце, калі ласка, хоць бы на працягу аднаго дня — і вы ўбачыце, колькі: варты жалю мізер! Скажам больш: вялікія тэрыторыі рэспублікі наогул не ахоплены беларускай праграмай тэлебачання. Ужо, бадай, гадоў 20 гаворым пра гэта — а справа ні з месца.
Асабліва ў цяжкім становішчы апынуліся сёння беларускі перыядычны друк і беларуская кніга. Тое, што рынак імгненна наступіць на горла беларускаму друкаванаму слову, — нам было ясна з самага пачатку. Так і здарылася. І паперы, і паліграфічных магутнасцей раптоўна стала не хапаць перш за ўсё для беларускіх газет, часопісаў, кніг. Кааператары, прадпрымальнікі развілі такую бурную дзейнасць — што адно падзівіцца. За год-два накапілі прыбытку дзесяткі мільёнаў рублёў — на тым, што не мае ніякага дачынення да беларускай культуры і часам наогул да культуры. А тыражы беларускіх выданняў — маленькія, аб прыбытках і гаворкі не можа быць. Чаму такія тыражы нашых выданняў — мы ведаем: гэта вынікі пэўнай палітыкі, згубнай для беларускай мовы і культуры, — палітыкі, якая праводзілася жалезнымі людзьмі жалезна.
Ужо колькі месяцаў не выходзіць «Вясёлка» — адзіны любімы дзятвой часопіс для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў... Няма афсетнай паперы! і дзяржава глядзіць праз пальцы! Выбачайце, але гэта толькі ў нас магчыма такое... — каб дзеці засталіся без адзінага свайго часопіса.
Вось у мяне ў руках зварот калектыву рэдакцыі газеты «Чырвоная змена» да Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, у якім мы чытаем: «Чырвоная змена» — старэйшая беларуская маладзёжная газета перажывае сёння, як і іншыя беларускамоўныя выданні, цяжкі крызіс. Прычынай таму — «моўная» сітуацыя ў рэспубліцы, камерцыйны бум пры разбуранай эканоміцы (у тым ліку ў газетна-выдавецкай дзейнасці), агульная нестабільнасць грамадства.
Наша «Чырвонка» не памкнулася за спакуслівым двухмоўем, пры якім у некаторых двухмоўных выданнях ад іхняй беларускасці засталіся толькі назвы».
Вакол газеты гуртуецца творчая моладзь. Духоўная выхаваўчая дзейнасць штотыднёвіка — сапраўднае падзвіжніцтва. Пры рэдакцыі створана аб'яднанне маладых літаратараў «Крыніца», якое параўноўваюць з колішнім «Маладняком». Ну а просьба газеты — крык душы калектыву — дапамажыце!
Шаноўныя дэпутаты! Патрэбна гарантаваная дзяржаўная падтрымка ўсім беларускім перыядычным выданням і беларускай кнізе — і мастацкай, і навуковай, і беларускім падручнікам, вучэбным дапаможнікам і іншым!
Горкая ісціна, але ісціна: Камуністычная партыя Беларусі слаба падтрымлівала беларускае друкаванае слова і гэтае ж слова на радыё і тэлебачанні. Ну а што ж цяпер — калі КПБ не дыктуе сваю волю, калі прыняты дэмакратычны Закон аб друку і многія іншыя дэмакратычныя законы? А цяпер стала непараўнана горш! Мала таго, што Дзяржаўная праграма па беларускай мове амаль не выконваецца, дык выстаўляюцца патрабаванні перагледзець сам Закон аб мовах у Рэспубліцы Беларусь. І хто ж патрабуе? Як ні парадаксальна — дэмакраты! Днямі адбыўся чарговы з'езд АДПБ (Аб'яднаная дэмакратычная партыя Беларусі), дэлегаты якога патрабавалі прыняць пастанову — каб Вярхоўны Савет абвясціў дзяржаўнымі ў Рэспубліцы Беларусь дзве мовы — і беларускую і рускую. Раней, калі прымаўся Закон аб мовах, на такіх пазіцыях стаялі некаторыя найбольш рэакцыйныя партакраты, цяпер іх пераемнікамі з'яўляюцца аб'яднаныя дэмакраты — г. зн. ворагі партакратаў. Так змыкаюцца нібыта правыя і нібыта левыя. Як толькі даходзіць да вырашэння лёсу беларускай мовы, імгненна аб'ядноўваюцца непрымірымыя ворагі! Вось хто, аказваецца, самы страшны для ўсіх — наша няшчасная родная мова!
Паважаныя дэпутаты! Зразумела, на падтрыманне далейшай жыццядзейнасці беларускага друкаванага слова, як і слова на тэлебачанні і радыё, патрабуюцца дадатковыя грошы. Думаю, не так многа, як напісалі нам з некаторых міністэрстваў і ведамстваў. Рэч аб тым, што ўсе беларускія выданні, за выключэннем двух-трох, і раней увесь час карысталіся датацыяй дзяржавы. Натуральна, зараз гэта датацыя мусіць быць большай. Але іншага выйсця няма. Калі не прадугледзець першачарговае і поўнае забеспячэнне паперай перыядычных выданняў на беларускай мове — яны проста спыняць сваё існаванне. Калі гэта ж самае не прадугледзець да выдання мастацкай, грамадска-палітычнай, навукова-тэхнічнай, вучэбнай і навукова-пазнавальнай літаратуры на беларускай мове — кніжны рынак на Беларусі можа канчаткова страціць нацыянальнае беларускае аблічча. Небяспека гэта да жудасці рэальная. Але мала забяспечыць выданне газет, часопісаў, кніг і іншай друкаванай прадукцыі на беларускай мове — не менш важна забяспечыць прыярытэтныя ўмовы для гандлю і рэкламы, а таксама льготныя тарыфы па аплаце за экспедзіраванне і распаўсюджванне і інш. І тут у Савеце Міністраў павінны быць зроблены дакладныя падлікі, бо не выключана, што якое-небудзь міністэрства ці ведамства захоча і пажывіцца трохі за кошт беларускіх выданняў. Цяпер жа амаль ніхто не саромеецца, калі справа заходзіць пра грошы!
Читать дальше