Чаму ўзнікла патрэба нанова паглядзець нам на нашы святы і ўзаконіць пэўныя перамены ў іх календары? Таму, што мы ўступілі ў новую гістарычную рэальнасць, адбываецца пэўная пераацэнка духоўных і маральных каштоўнасцей, дакладней — мы вяртаемся да некаторых сапраўдных каштоўнасцей, якія былі абясцэнены і занядбаны, ад чаго ўсім нам стала горш жыць. Нарэшце мы схамянуліся і агледзеліся, што далей так нельга. Што ёсць няпісаныя законы, традыцыі і звычаі, якія трэба шанаваць. А найлепш яны будуць шанавацца тады, калі іх узаконіць. З векавымі традыцыямі абавязкова трэба лічыцца — інакш выходзіць нешта ненатуральнае і нават пачварнае, нешта такое, што не на здароўе душы чалавечай. Напрыклад, больш 70 гадоў назад быў узяты курс на выцясненне з жыцця, на выкараненне такіх традыцыйных народных свят, як Каляды, Вялікдзень, Купалле і некаторыя іншыя, і што ж мы бачым? А тое, што намаганні былі дарэмныя: людзі ў пераважнай большасці ўсё адно святкавалі гэтыя святы — толькі ў панявечанай форме, іншы раз амаль у падполлі, і не на ўсю — як мае быць — шырыню душы. Гэта быў, калі хочаце, здзек і над святам, і над душою. Законна спытаць: а дзеля чаго? У імя якой высакароднай мэты? Адказу няма. Апраўдвалі гэта барацьбой з г. зв. «рэлігійным дурманам». Цяпер усім зразумела, што гэта была вялікая памылка. Або: узяліся былі адвучваць і ад традыцыі памінання продкаў, наведання іх магіл у спецыяльна вызначаны дзень. Гэта была ўжо не проста памылка, а сапраўднае злачынства; дзякуючы такой барацьбе з рэлігіяй, з міфалагічнай даўніной, якую абзывалі забабонамі, са старымі адвечнымі звычаямі, чарсцвела душа чалавечая, людзі ўсё больш трацілі ў сабе тое, што траціць нельга, — дабрыню, пашану да тых, хто нас пакінуў, пачуццё святасці памяці. І людзі не змірыліся. Вы ведаеце, што ўвесь гэты час усе мы хадзілі на могілкі — каб ушанаваць памяць дарагіх і блізкіх нам людзей: або на Радаўніцу, або на Сёмуху (Тройцу), або на трэці дзень па Вялікадні, або на Усіх Святых восенню. Людзі вымушаны былі хлусіць, каб атрымаць права на адгул, выдумлялі прычыны, чаму не могуць быць на працы, — адным словам, ставілі сябе ў няёмкае, прыніжанае становішча. У апошнія гады гэты ўсенародны звычай стаў асабліва прыкметны. І дзякаваць Богу! Дык чаму ж у такім разе не ўзаконіць дзень памінання продкаў — каб усё рабілася па-людску, па-чалавечы?
Вось чаму наша камісія, пры падтрымцы некаторых іншых камісій і асобных народных дэпутатаў, прапануе ўзаконіць і Каляды (як праваслаўныя, так і каталіцкія), і Вялікдзень (таксама для абедзвюх канфесій), і Дзень памінання продкаў. Для вернікаў іншых канфесій парадак святкавання іхніх галоўных рэлігійных свят павінен распрацаваць урад рэспублікі. Натуральна, святочнымі, нерабочымі днямі камісія прапануе пакінуць у календары першае студзеня — першы дзень Новага года, восьмае сакавіка — Дзень жанчын, 25 сакавіка — Свята Рэспублікі, 1 Мая — Свята працы, 9 Мая — Дзень Перамогі, 27 ліпеня — Дзень Незалежнасці... Паступілі ад дэпутатаў прапановы — зрабіць святочнымі, нерабочымі некаторыя іншыя дні года, звязаныя са значнымі гістарычнымі датамі; напэўна, узнікнуць і яшчэ прапановы. Усе яны, спадзяюся, будуць спакойна тут абмеркаваны — з усведамленнем таго, што ў рэшце рэшт прымусіць чалавека святкаваць — калі сам ён не хоча гэтага — нельга, але яму можна і трэба даць права на святкаванне. Для гэтага і патрэбен Закон.
«НЕБЯСПЕКА ДА ЖУДАСЦІ РЭАЛЬНАЯ. ПАТРЭБНА НЕАДКЛАДНАЯ ДЗЯРЖАЎНАЯ ДАПАМОГА»
Даклад на VII сесіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 4 снежня 1991 г.
У студзені 1990 года быў прыняты Закон аб мовах у Рэспубліцы Беларусь. Услед за гэтым была зацверджана Дзяржаўная праграма развіцця беларускай мовы і іншых нацыянальных моў у Беларусі. Часу прайшло няшмат, але не так і мала. Трэба прызнаць, што сеё-тое робіцца па ажыццяўленню гэтай Дзяржаўнай праграмы, перш за ўсё — у галіне адукацыі. Зрэшты, пра гэта сведчыць і работа нашага Вярхоўнага Савета: усё больш дэпутатаў у сваіх выступленнях спрабуюць карыстацца беларускай мовай. І ўсё ж вельмі марудна ідзе перабудова ў гэтым кірунку — сказаць, што тут адбыўся прыкметны зрух, а тым больш пералом, — на жаль, яшчэ нельга.
Але мы не абмяркоўваем моўную сітуацыю агулам і выкананне Закона аб мовах у Рэспубліцы Беларусь ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Мы разглядаем толькі адно пытанне — аб беларускай мове ў сродках масавай інфармацыі, у першую чаргу, вядома, — у дзяржаўных. Чаму ўзнікла неабходнасць паставіць гэта пытанне і прасіць прыняць спецыяльную пастанову? Гэта абумоўлена тым, якое велізарнае значэнне мае друкаванае слова і слова, што гучыць па радыё і з блакітнага экрана, у культурным і духоўным жыцці народа. Чалавек кожны дзень бярэ ў рукі газету або часопіс — і чытае або гадзінамі сядзіць перад тэлевізарам ці каля радыёпрыёмніка — і слухае. Пацікавімся, аднак, што чытае і што слухае? Якое слова? Якую мову? Наўрад ці трэба тлумачыць, наколькі гэта важна — для існавання і развіцця нацыянальнай культуры, для лёсу нацыі наогул.
Читать дальше