Зноў здарылася так, што, не аб’яўляючыся нікому, нічога ні ад каго не патрабуючы і не вытлумачваючы, сержант стаў камандзірам гэтых людзей. Хлопец разумеў, што прычынай таму – не ягоныя нейкія якасці – розум ці вайсковае ўмельства, не тое, што ён разам з іншымі ратаваў іх. Уся прычына ягонага старшынства была ў тым сцягу, з якім ён тады ўскалыхнуў натоўп, з якім збіраў да аднае грамады гэтых байцоў. I Пятрусь не схаваў яго ў Нупрэеў мяшэчак, а, прыладзіўшы дрэўка, узняў над сабой, думаючы, што цяпер небяспекі меней, бо іхняя сіла куды паболынала. Вядома, што чалавеку са сцягам нельга было не верыць, і людзі верылі яму, ішлі за ім, і ён з усяе сілы імкнуўся не ашукаць іх давер’я.
Побач з Петрусём ішоў Нупрэеў. Старшыну сержант выправіў наперад, у якасці дазора, каб не трапіць у якую пастку. А ззаду за імі шавялілася ў змроку калона людзей, якія пазбеглі пагібелі і нечакана сталі байцамі. Палавіна гэтых байцоў не мела зброі. Тыя трыццаць аўтаматаў, што ў кароткай сутычцы адабралі ў гітлераўцаў, апынуліся ў самых смелых і самых дужых, – сержант меў вялікую надзею на іх. Астатнія былі слабыя, многія параненыя. Трэба было недзе спыніцца, накарміць галодных людзей, перавязаць раны, размеркаваць невялікую колькасць боепрыпасаў, што захаваліся ў іх. Трэба было падрыхтавацца: яны, здаецца, набліжаліся да фронта, а перайсці яго з гэткай грамадой без бойкі было, бадай, немагчыма.
Блытаныя палявыя сцяжынкі і лесавыя дарожкі за ноч завялі байцоў у нейкую бясконцую забалочаную глухамань. Ужо колькі часу ішлі яны, і ўсё цягнуліся па баках хмызнякі, ельнік, імшарыны. Гадзіны з дзве даўжэзнай вужакай вілася перад імі вузенькая сцяжынка. Людскія ногі ўвесь час грузлі ў мяккім доле, набіралі вады дзіравыя падэшвы. Часам зусім было небяспечна сунуцца ў заплыўшую ржавай муццю дрыгву, якая ледзь трымала чалавека. Але вяртацца не было куды, а ратунак быў толькі наперадзе.
На маўклівай лясной дарозе напаткала іх цёплая задумлівая раніца. Недзе за шэрымі хмарамі ціхенька ўзнялося на небасхіл нябачнае сонца. Трава і хмызняк з ночы стаялі сухія, без расы, нізка над дарогай мільгалі імклівыя ластаўкі. Усе прыкметы былі на дождж, але ён збіраўся неяк вельмі неахвотна. I раптам у чуйнай ранішняй цішы недзе далёка-далёка глуха грукнула нешта і глыбока аддалося ў зямлі. Яшчэ не закацілася ў лясах кароткае рэха гэтай грымоты, як за ёй раздалася другая і трэцяя. Неўзабаве далёкія гукі зліліся ў няроўны прыглушаны грукат.
– Недзе блізка, – сказаў Нупрэеў. – Кіламетраў з пяцьдзесят, не болын.
Нехта ў калоне азваўся ўзрушаным радасным голасам:
– Гэта ж нашы гаўбіцы б’юць. Далібог гаўбіцы. Ужо іхнія стрэлы я дзе хочаш пазнаю. Яны, яны шыбуюць. Родныя...
Чалавек плакаў ад радасці.
– Можа наступаюць?
– Ладна даюць фашызму... А-я-яй, глядзі ты!
Сержант меркаваў неўзабаве нагледзець дзе зручнае месца, каб адпачыць і падсілкавацца, але цяпер стала не да таго. Па сабе і па настрою людзей ён адчуў, што ні ў каго не стане сіл стрымацца і, пагарджаючы небяспекай, прыдзецца ісці Далей. Дарога кіравала на паўднёвы ўсход, а гэтыя гукі несліся аднекуль збоку. Хлопец рашыў, што цяпер няма чаго трымацца дарогі, калі гэтак блізка жаданая мара іхняга паходу. Сержант, поўны імклівай прыўзнятасці, падаўся з дарогі ў блытаны шолах ільняной нівы. Наперадзе ў лён збочыў Агальцоў, які ішоў на чале дазору.
Але людское шчасце ніколі не спраўдзіцца так хутка, як гэта здаецца чалавеку. Неўзабаве развіднела, узнялося сонца, і зніклі, суцішыліся, нібы растварыліся ў святле новага дня, жаданыя гукі. Зноў летняя цішыня. Дзень выдаўся ветраны, на небе імкліва плылі рэдкія хмурынкі, пякло сонца і несліся над прасторамі духмяныя пахі даспелай збажыны, а людскому падарожжу не было канца. Людзі ішлі без дарог, наўпрасткі, цераз палі, лужкі, хмызнякі. Вось-вось, здавалася, з’явяцца з-за пагорка яўныя адзнакі блізкасці войска, ці грымнуць адкуль знаёмыя залпы франтавых батарэй, а там такая жаданая сустрэча... Зноў напружанае, неўтаймаванае чаканне, так добра зведанае ў дні адзіноты, усё больш захапляла сержанта. Услед за позіркам як мага хутчэй крочылі ногі, узнёслая ўпартасць волі падавіла стому – усё імкнулася наперад. Ззаду за хлопцам гэтак жа настырна, парушыўшы строй, з зацятай упартасцю на тварах лезлі праз пасевы маўклівыя групы байцоў.
Апоўдні адпачылі ў кустоўі. Змораныя за шмат гадзін хадзьбы, нерухома, як мерцвякі, ляжалі ў траве людзі. Паставіўшы ў сцюдзёную ваду натруджаныя босыя ногі, у маркоце сядзеў над ручаём Пятрусь. Нупрэеў мясціўся побач, курыў і думаў. Угары гулі нямецкія пікіроўшчыкі, па краі неба між воблакаў плылі яны на ўсход, цяжкія ад шматтоннага грузу бомб. Назад вярталіся, нізка апусціўшыся над зямлёй. Хлопцы спачатку ўсхопліваліся, задзіралі галовы, думаючы, што гэта нашы, а затым, расчараваўшыся ў надзеі, не вылязалі з кустоўя. Праз гадзіну-другую рушылі далей.
Читать дальше