Байцы, відаць, ужо зразумелі ўсё і, сабраўшыся ў гурт, сядзелі і стаялі – змораныя, злосныя і панылыя. Тут жа ў засені кустоўя ляжалі параненыя, двое бінтавалі трэцяму голую акрываўленую спіну. Пятрусь з болем у сэрцы акінуў позіркам людзей – сабраліся далёка не ўсе, відаць, многія ўжо ніколі не прыйдуць сюды.
– Што нарабілі, сволачы! – гэткім крыкам сустрэў іх малады хлапец з голым перавязаным ужо чым-колечы плячом. – Гады! Дзе былі?
Старшына спыніўся і няўцямнымі вачыма пазіраў на скрыўленыя ад злосці і нянавісці твары. Куды толькі зніклі яго зухаватасць, спрыт і гонар. Да яго падскочылі двое, ірванулі за аўтамат, за мундзір, ударылі, павалілі на зямлю. Сержант, папярэджваючы расправу, закрычаў на іх, людзі адступіліся, але іх трэсла злосць.
Паступова Пятрусь крыху суняў сябе і, памятаючы, што трэба рухацца далей, падаў каманду строіцца. Пакуль людзі як-колечы ладкавалі параненых, што не маглі ісці самі, пакуль збіраліся з поля, сержант падлічыў байцоў – не хапала 18 чалавек. Гэта было жахліва. Яшчэ не дасягнуўшы фронта, за некалькі хвілін страціць амаль адну трэць складу, а што будзе далей? I раптам яго думка перамяжылася іншай – чаму не відаць Нупрэева? Ён жа толькі быў нядаўна, бег у лагчыне за сержантам. Устрывожаны нядобрым прадчуваннем, Пятрусь ірвануўся з месца, зірнуў сюды-туды: Нупрэева і Жука нідзе не было.
– Хлопцы, дзе Нупрэеў?
Але ніхто не бачыў яго, усе азіраліся, шукалі позіркамі, ды дарма. Праўда, з пшанічнага поля яшчэ ішлі апошнія параненыя, прыйшоў нейкі баец з раздробленай сківіцай, хуцы твар яго крывіўся ад нясцерпнага болю, бліскалі гневам вочы, але ён нічога не мог сказаць, толькі мычэў па-звярынаму роспачна і страшна. I тады апошнім у пшаніцы з’явіўся Жук. Пятрусь убачыў яго, калі хлопец быў ужо зусім блізка – убачыў і ўсхапіўся ад жахлівай здагадкі. Так яно і было. Разведчык, схіліўшыся ледзь не да самай зямлі, цягнуў на сабе Нупрэева.
Пятрусь тады кінуўся да яго, не адважваючыся яшчэ спытаць, што здарылася, стары баец бяссільна туліўся збялелай шчакой да ўспатнелай хлапечай спіны і ціха стагнаў. Жук паднёс яго пад кустоўе, асцярожна паклаў на траву ў засень і цяжка выпрастаў натружаныя плечы.
– Вось параніла ў грудзі... навылет.
Сержант укленчыў над байцом, узяў яго абвялую руку – Нупрэеў адплюшчыў вочы.
– От і мне... трапіла, – прашапталі ягоныя вусны.
Нямеючы ад новага гора, Пятрусь скінуў з байца ягоныя рамяні, узняў скрываўленую гімнасцёрку. Рана была невялічкая, але крыві ўжо вылілася багата. У некага знайшоўся індывідуальны пакет – Пятрусь як-колечы перавязаў чалавека.
– Ну, нічога, нічога, – няўпэўненым голасам заспакойваў ён байца. – Патрывай як-небудзь, хутка ўжо.
Нупрэеў стагнаў, зрэдку расплюшчваў вочы і неяк па-асабліваму, быццам просячы што, пазіраў на сержанта.
Узняўшы вочы, Пятрусь убачыў ваўкавата-насуплены свой дазор, які давёў людзей да гэткай бяды. Зноў гарачая хваля гневу хлынула ў Петрусёў твар, хлопец усхапіўся і крыкнуў Агальцову:
– Глядзі, глядзі, што нарабіў ты, гад!
Агальцоў, відаць, працверазеў ужо, зразумеў усё, што сталася, і зацята патупіў вочы.
– Застрэліць яго за гэта! – крычаў баец, паранены ў плячо. – Земляка майго Антохіна забіла праз яго. Пёрычаў вунь канае.
– Не застрэліць, а асудзіць і расстраляць, – разважна казаў той спрытны баец, што на дарозе першы захапіў нямецкі аўтамат. Ён меў ласкавае і славутае прозвішча Мацейка і цяпер стаяў побач і злосна глядзеў на Агальцова.
– Ты чуеш: расстраляць цябе! – крычаў Пятрусь, адчуваючы, як ад абурэння і крыўды дрыжыць яго сківіца. – Дзе тваё сумленне, старшына? Што нарабіў ты, пытаю?
Агальцоў маўчаў.
– Што размаўляць з ім? – зноў закрычаў паранены. – Гад ён, здраднік! Расстраляць яго, хлопцы!
Сержант, збянтэжаны і разгублены ад такіх жахлівых падзей, маўчаў, не ведаючы, што зрабіць з чалавекам. А людзі, поўныя злосці і нянавісці да віноўніка сваёй бяды, пазіралі на камандзіра і чакалі яго прысуду. I калі ўжо зменшыўся ўнутры першы імпэт гарачкі, Пятрусь выразна зразумеў, што і сапраўды старшыну Агальцова трэба расстрэльваць. Ужо такое вялікае было яго злачынства, такі неўтаймаваны гнеў байцоў, гэтулькі пралілося крыві, што інакш яго пакараць было нельга. I разам з выразнасцю гэтае кары з’явілася ціхая жаласць да блізкага знаёмага чалавека. Перад вачыма паўстаў другі Агальцоў, той, што ратаваў байцоў з-пад моста, кідаўся на варожую машыну на дарозе, што заўсёды нёс зухаватасць і смеласць. Два супрацьлеглыя пачуцці да хлопца скрыжаваліся ў сержантавым сэрцы, і ён разгубіўся.
Читать дальше