– Чакай, сцямнее – мы табе наладзім музыку.
Яму вельмі спадабалася ўчарашняя язда, і ён усё чакаў ночы, каб зноў захапіць «добры дрындулет». Але здарылася так, што ўжо ні старшыне і нікому з іх групы не давялося больш пракаціцца па спакуслівай ладнай дарозе.
Ужо незадоўга да захаду сонца яны ўсёй групай узняліся па духмянай збажыне на пагорак з некалькімі развалістымі старымі соснамі. Як выявілася зблізку, тут былі могілкі, недалёка ўнізе тулілася ў садках вёска. У Петруся яшчэ з дзяцінства захавалася да могілак нейкае няпэўна прыкрае адчуванне, і ён, пэўна, абмінуў бы іх, але трэба было ўгледзець, дзе апынулася тая дарога. Вузкай сцяжынкай між абкладзеных каменнямі магіл яны з Агальцовым падышлі да таўшчэзнай сасны, што некалькі асобна ад сваіх суродзічаў высілася над крыжамі на самай выспе. Нупрэеў з дзедам і астатнія байцы засталіся на вобмежку.
Дарога была недалёка. Яе стужка віднелася то там, то тут, перабягала нізінкі і хавалася за пагоркамі. Пятрусь ужо нагледзеў, куды кіраваць адсюль, каб не адбіцца ад яе да ночы, і тады нечакана ўвагу абодвух прыцягнула не зусім звычайнае відовішча.
Не дужа далёка, мабыць, кіламетры з два цераз нізіну, з-за пагорка з’явіўся на дарозе нейкі натоўп людзей. Адсюль нельга было разгледзець, было гэта войска, ці простыя людзі, як яны ішлі і што неслі з сабой. Але было відавочна, што там вельмі многа людзей – галава гэтай працэсіі спускалася ўжо да нізу пагорка, а канца яшчэ не бачна было. Яна рухалася марудна, ці мо’ гэта здавалася так здалёку, вецер адносіў з дарогі ўзняты нагамі пыл.
Хлопцы ўпіліся вачыма ў тое шэсце, прыўзняліся за сасной. Агальцоў высока на лоб ссунуў свае прыгожыя бровы і няпэўна вымавіў:
– Немцы?! Ці не адступаюць?
Але гэта былі не немцы. Калі ўся калона выцягнулася на адхон пагорка, Пятрусь разгледзеў там знаёмыя постаці ў жаўтлявых, выгарэўшых кашулях, прыкмеціў, як бяссільна сунуцца яны па пыльнай дарозе, не ўзнімаючы ад зямлі сваіх ног. А абапал калоны праз колькі крокаў адзін ад аднаго з нарыхтаванымі аўтаматамі ў руках ішлі немцы.
Старшына таксама хутка зразумеў у чым справа, і яны паглядзелі адзін на аднаго тымі выразнымі кароткімі позіркамі, у якіх было і хваляванне, і рашучасць, і ўзаемнае разуменне.
– Слухай, давай назад, туды, дзе лясок! – шапнуў старшына, які, як заўсёды ў такіх выпадках, адразу ўзгарэўся імклівым намерам.
– Чакай, трэба палічыць, колькі іх.
Яны ўдвух, наколькі гэта было магчыма здалёк, палічылі канваіраў. У Петруся іх набралася трыццаць, у Агальцова – дваццаць шэсць.
– Шмат, халера, – сказаў ён.
– Шмат, а як зробім? – пытаў сержант, напружана думаючы, як адолець гэткую групу добра ўзброеных, гатовых да бойкі ворагаў. Але Агальцоў таксама не меў ніякага плана, а час ішоў, калона набліжалася, і трэба было нешта рабіць.
Хлопцы адскочылі ад сасны, кінуліся да сваіх.
– У ружжо – бегучы, крыкнуў Пятрусь. – За мной!
З усяе сілы ён пусціўся па збажыне ў лагчыну, за якой на другім пагорку пачыналася кустоўе і дзе павінна была недзе праходзіць тая дарога. Урассыпную за ім кінулася восем байцоў, лічачы і дзеда, які ва ўсіх вайсковых справах, як умеў, хадзіў пад маладых.
Абліваючыся потам і перакідваючы з пляча на плячо пацежалелы аўтамат, Пятрусь імчаў па кустоўі. Ён усё непакоіўся, каб не спазніцца выйсці на дарогу і каб не згубіць часам каго ў гэтых зарасніках.
Дарога ўрэшце з’явілася перад байцамі – яна тут пралягала па адхоне, зарослым алешнікам і ляшчыннікам. Месца было не дужа здатнае для засады, кустоўе нясмела тоўпілася крокаў у дваццаці ад дарогі і бліжэй не падступала да яе. Гэтая яе старана ад канавы ўзнімалася на пагорак, а тая адхоніста спускалася ўніз, дзе не дужа густое кустоўе хутка знікала і пачыналася сенажаць.
Тым часам вечарэла. Сонца вялікім чырвоным колам спускалася з небасхілу. Было цёпла, над кустоўямі і людзьмі мітуслівымі чародамі таўкліся камары.
Пятрусь зморана ўпаў пад бухматым кустом ляшчынніка, побач укленчыў старшына, да іх пакрысе сабраліся астатнія. Калона і немцы павінны былі неўзабаве з’явіцца, а як вызваліць палонных, ніхто не ведаў.
– Страляць, брат, нельга, – непакоіўся старшына. – Сваіх паб’ём.
Яны ўсё пазіралі ўправа, дзе з-за павароткі пачыналася дарога, чакалі і да болю ў галаве згадвалі, што зрабіць, як пабіць фашыстаў і не патрапіць у нашых. Але як ні думалі, а нічога надзейнага не прыходзіла на думку.
– Паслухайце мяне, старога, – азваўся ззаду дзед і падышоў да хлопцаў. – Калі вось што зрабіць. Калі выйсці адкрыта каму, скажам, і мне, і крыкнуць так нашым: ратуйце, біце нёмцаў. Га? Можа і выйдзе?
Читать дальше