Ужо днела, і, каб не начакацца на дарозе чаго благога, байцы ўзлезлі на адхон, адышлі ў лясок і тады толькі адчулі, што ў каго баліць. У Петруся вельмі садніла спіна, але ён маўчаў. Ціха стагнаў нешта Нупрэеў, а Жук дык быў ажно паранены асколкам у нагу. У гушчары яны спыніліся, Агальцоў зняў з Жукавай нагі бот і пісталетнай праціркай выкалупаў з раны пад каленам невялічкі кавалак металу. Пагранічнікі далі індывідуальны перавязачны пакет, яны вельмі бедавалі на сваю няўдачу, а старшына знарок злосна ўсё пакрыкваў на іх. Жук крыва ўсміхнуўся, пакуль яго перавязваў сябра, і ўсё казаў, супакойваючы сябе і людзей:
– Нічога, нічога. Загоіцца.
Пятрусь агледзеў байцоў.
– Здаецца, нашы сілы растуць, – не тоячы задавальнення, сказаў ён, пазіраючы на пагранічнікаў. Усе яны былі зусім маладыя, відаць, першага года службы, сціпла тупілі вочы, пачціва пазіралі на сцяг і крыху баязліва – на старшыну.
– Ага, з вамі пойдзем, калі не прагоніце.
– А куды вы ідзеце? – знарок запытаў сержант.
– Куды? Вядома куды: на ўсход, – адказаў байчэйшы з іх, прыгожы з твару хлапец.
– I даўно ўжо ідзяце?
– Тыдні з два, мабыць. Як пад Лідай разбілі наш атрад, так і ідзём.
– I што гэта вы ўздумалі нас падбіваць?
– А мы ўжо гэтак чатыры машыны падбілі, і аднаго матацыкліста.
– I мост падпалілі, – дадаў другі хлопец з дробным рабаватым тварам.
– Ну, добра, – сказаў сержант, – значыць, з намі!
– Але.
– Дзед, – паклікаў Пятрусь, выглядаючы ў сасонніку старога. Ён падумаў, што трэба расквітацца з немцам, пакуль ёсць час і наўкола стаіць цішыня.
– Эге ж. Тут я, – азваўся той ззаду. Ён стаяў сівы, касмалявы, невялічкі, у даматканай шэрай світцы, а ля яго сядзеў зграбны, з забінтаванай нагой немец, праставалосы, немалады ўжо, з вялікімі загарэлымі залысінамі ў бялявых рэдкіх валасах.
– Дакументы, – строга сказаў сержант, працягнуўшы руку да палоннага. Той нера зумеў, ускочыў на адну нагу і няўцямна залыпаў вачыма.
– Дакументы, дакументы давай, – сержант дакрануўся да яго нагрудных кішэняў. Немец зразумеў, нарэшце, дрыжачымі пальцамі адшпіліў гузік і выняў усё, што было там. Пятрусь, трошкі памятаючы з той нямецкай мовы, якую вучылі ў школе, пачаў перабіраць кніжачкі, паперкі, дакументы палоннага. У кожйай паперцы пяўся крыламі фашысцкі арол, стаялі невядомыя пячаткі з гэтай жа птушкай і свастыкай. З вайсковага білета даведаўся сержант, што ўласнік яго – грэнадзёр сапёрных войск, што яму 38 год і па нацыянальнасці ён аўстрыец. Там жа была невялічкая, досыць пакамечаная павестка, якая прадпісвала Ёгану Шольцу 12 красавіка з’явіцца на прызыўны пункт для службы ў вермахце. Асобна запакаваныя ў цэлафан хаваліся здымкі, іх было нямнога, і дзеля цікаўнасці Пятрусь разгарнуў іх. Да здымкаў чужынцаў займелі ахвоту і Нупрэеў з Жукам, яны цераз сержантава плячо таксама разглядалі спачатку Ёгана, маладога з вусікамі, потым Ёгана з жонкай, нейкую кампанію ля возера, групу маладых людзей у садку. Усё гэта было звычайнае, жыццёвае, хоць і не наша, незнаёмае, але зразумелае. Пятрусь бачыў чалавека ў яго жыцці – мірным ціхім жыцці ў нейкім далёкім горадзе Леабэне, сярод ладных вясёлых людзей, і нічога страшнага, фашысцкага не відаць было на іх простых усмешыстых тварах. А адзін здымак проста перавярнуў усе намеры хлапца, збіў яго з панталыку, і сержант не ведаў, як яму далей паставіцца да палоннага. На гэтым несамавітым з роўным абрэзам здымку Шолыд быў найбольш падобны на сябе цяперашняга – у цывільным адзенні ён сядзеў на гнутым венскім крэсле, а на яго каленях мясціўся, пэўна, сынок, маленькі, год чатырох, хуткавокі бялявы хлопчык. Абодва яны з радасным агеньчыкам у вачах пазіралі са здымка, і адна рэч, эдаецца, адкрыла Петрусю іншы, ужо зусім блізкі і знаёмы бок жыцця. Вяртлявы, відаць, гэты хлопчык, не вельмі дбаючы пра сваю позу, няспрытна прыткнуўся на бацькавых каленях і выцягауў да аб’ектыва сваю маленькую ножку. На старэнькім, пэўна, не першы год ношаным сандаліку гэтае ножкі выразна прыкмячалася акуратная лапінка на задніку і невялікая дзірачка ў падэшве. I тады хлопец заўважыў яшчэ і пацёртыя малышовы штанцы са скручанымі чорнымі лямкамі праз плечы і нямудрагелісты паношаны пінжак самога Шольца, і яго агрубелыя вялікія рукі, што прытрымлівалі маленькае цела сына. Гэта была беднасць, яна адразу адкрылася хлапцу, які сам некалі меў блізкае знаёмства з яе такімі прыкметнымі праявамі. Пятрусь разгубіўся. Ён збіраўся адпомсціць палоннаму за свае крыўды і пакуты, а цяпер зразумеў раптам, што помсціць не было каму. У голаў хлапца шыбанула адразу дзесятак супярэчлівых незразумелых пытанняў, вырашыць якія зараз было не пад сілу.
Читать дальше