Апошнім, азіраючыся на дарогу, бег змаркатнелы Жук.
Раздзел сёмы
Надвячоркам высокае неба заплыло шызай туманнай смугою. Праз яе бліскучай невыразнай плямай глядзела з небасхілу сонца. Яно не пякло але ў паветры было парна, душна. Дрэвы і збажына прыціхлі, насцярожыліся, чагось чакалі.
Мокрыя ад поту, пяцёра людзей адзін за адным лезлі на ўзгорак. Пад іх нагамі блыталася высокая, па грудзі, збажына. Недзе над лагчынай, патрывожаная людзьмі, жаласліва кігікала кнігаўка. Лес адступіў удалячынь, пакінуўшы на прыволлі вялізны абшар зямлі; далёка ззаду сінеў і таяў у сонечным ззянні пройдзены людзьмі бор.
Але вось нечакана патух сонечны бляск, растварылася, патанула ў мутнай сіні далёкая палоска бору. Сержант шавяльнуў пад гімнасцёркай мокрымі ад поту лапаткамі і азірнуўся: ззаду за імі гналася ў небе вялізная навальнічная хмара.
Сержант зірнуў на сваіх спадарожнікаў. Жук і Калдобінскі, што ў дарозе трымаліся бліжэй да яго, ужо стаялі побач і таксама глядзелі на захад. Праз колькі крокаў за імі ішлі Нупрэеў і дзед. Яны ўсе прысталі, але сержант не даваў перадышкі – яму хацелася да ночы як мага далей адарвацца ад ворагаў і заначаваць у спакоі. Зноў жа трэба было распаліць агонь, каб даць сігнал Агальцову, які немаведама дзе блукае адзін. Выспа, на якую яны лезлі цяпер, бачна была здалёку, і Пятрусь спяшаўся дабрацца да яе вяршыні.
Але хутчэй за яго ў гэты бок сунулася хмара. Касыя заслоны дажджу ў некалькі месцах павіслі ўжо над зямлёю. Разы са два мільганула маланка, і цяжка прагрымеў гром.
Хлопцы кінуліся пад бліжэйшую купу, што цьмяна шарэла ў збажыне. Гэта была груша-дзічка. Пад яе веццем, прыціскаючыся да апаленага вогнішчамі камля, прымасціліся Жук і Калдобінскі. Пятрусь таксама прыткнуўся побач на крутлым камені, хлопцы крыху пасунуліся, даючы сухое месца сержанту. Хутка да іх далучыўся Нупрэеў. Абціраючы мокры твар рукавом, ён уладкаваўся ля ног хлопцаў, і калі падышоў дзед, дык пад ігрушай ужо не было незамочанай мясціны. Стары, мокры да ніткі, з босымі, запэцканымі граззю нагамі, мясціўся з краю, а зверху, з галля, на яго ліліся струмені. Тады са свайго месца ўскочыў Жук.
– Дзед, ідзі сюды, тут лепей.
– А нічога, сядзі, сынок.
– Ідзі, ідзі, чаго там... Людзі пасунуліся, так-сяк умясцілі і старога, які войкаў, што замок тытунь і няма як закурыць. Аднак закурыць у хуткім часе прылаўчыліся – у Калдобінскага знайшлася запальніца, а Нупрэеў адшукаў сушэйшую махорку.
Цесна прыгарнуўшыся да дрэва, у гэты навальнічны час пяцёра чужых, малазнаёмых людзей, мабыць, упершыню адчулі, што яны ўжо не чужыя і не абыякавыя адзін аднаму. З учарашняга дня агульным клопатам лёг на ўсіх лёс чырвонага сцяга, які з гэткім цяжарам уратавалі яны.
– Дзе ж цяпер наш старшына? – казаў Жук, неяк сарамліва ўсміхаючыся сваім шыракаскулым курносым тварам. Гэты хлопец усё болей падабаўся Петрусю за дзівосную мяккасць душы, зважлівасць і паслухмянасць. Ад самай той рэчкі ён не адставаў ад сержанта, увесь час трымаўся побач і заўсёды гатовы быў прыйсці на дапамогу. Пятрусь і сам непакоіўся за старшыну і ўсё думаў, ці не забілі яго ў той страляніне і як у гэткую непагадзь падаць яму ўмоўлены сігнал.
– Старшына не прападзе, – змрочна буркнуў Калдобінскі. Гэты пахмуры хлопец не любіў, відаць, кідацца ў залішні непакой ці перажываць за каго без дай прычыны. Апякаючы пальцы, ён смактаў свой недакурак і вузкімі вачыма нявесела пазіраў удалячынь.
Угары тым часам грукацеў гром, недзе блізка ляпнуў пярун. Стала зусім змрочна, вечарэла раней часу. Аднак хмара сунулася далей, і з ёю пакрысе сплывалі на ўсход грымоты. Праз колькі часу струмені зменшыліся, патанелі, і хоць у паветры яшчэ снавала павуціна дажджу, людзі вылезлі з-пад ігрушы. Дарэчы, сядзець там не было чаго: усё роўна ўсе былі мокрыя.
А на захадзе між хмарамі і зямлёю прарэзалася вузенькая шчылінка, і праз яе зірнула прамністае нізкае сонца. Гэта быў яго апошні позірк на мокрую, затуманеную зямлю, і тая з нястрымнай радасцю засмяялася насустрач яму безліччу бляску, колераў і тонаў. Куды толькі і падзелася яе нядаўняя пахмурасць, шэрасць, няўтульнасць. Успыхнулі кропелькі на жытнёвым калоссі, устрапянуліся і радасна зашапацелі вымытыя лісцікі дрэў, яркай і чыстай сінявою апавілася далячынь.
У хмызняку і кустоўі людзі назбіралі ламачча і падаліся на самы верх выспы. Тут узвышаўся нейкі старажытны курган, густа парослы рамонкамі, сіўцом і верасам, а на яго верхавіне хілілася на адзін стаяк трыганаметрычная піраміда. Пад ёй дзед як-колечы распаліў вогнішча. Агеньчык спачатку неахвотна мільгаў у мокрым суччы, але ўрэшце ўвайшоў у сілу, і ў неба паваліў густы хвост рудога дыму.
Читать дальше