Але варта было ім узняцца на грудок, пад яловыя шаты ўзлеску, як вочы старшыны загарэліся новым жаданнем:
– Браткі, гляньце: мост! Далібог мост, і цэлы, спраўны, спецыяльна для нас!
Сапраўды, на завароце цераз раку ад берага да берага пралёг доўгі драўляны мост на цыбатых бёрнах-сваях. Там бегла дарога, яна была зараз пустая, на лужку ля моста пасвіўся стрыножаны гняды конік, на дроце ўгары, сабраўшыся ў рад, церабіліся ластаўкі.
– Гайда! Нікога няма – пераскочым і ўсё, – настойваў старшына.
Яны таропка выйшлі на лужок; конік, убачыўшы незнаёмых, цікаўна ўзняў голаў.
– А давай рысака захопім, – прапанаваў Агальцоў. – Дзеду якраз па росту. Або камандзіру: на кані, пад сцягам павядзе нас, як Чапай.
– Кінь дурэць, – коратка буркнуў сержант. – Давай хутчэй.
Пятрусь трымаўся наперадзе і ўжо ўзбег на адхон, як ззаду данёсся да яго той самы жахлівы гук, якога асцерагаўся сержант. Ён прысеў на травяністым адхоне, зірнуў назад і адразу скаціўся ўніз. Іншыя таксама, відаць, уцямілі небяспеку і, не згаворваючыся, кінуліся ў адзінае тут сховішча – пад мост. Услед за сержантам яны ўзлезлі па адхону ў самы верх падмастоўя і, затаіўшы дыханне, напружылі слых.
Па дарозе ішлі машыны.
Яны набліжаліся, ужо чуваць стала, як лязгае нешта ў іх кузавах, як дрыжыць зямля; з набрынялых сырасцю бярвенняў недарэчна шархотка сыпалася зямля. «Заўважылі, заўважылі», – тачыла голаў кожнага думка і пакутліва-гарачым было жаданне, каб не спыніліся, праехалі далей. Аберуч узяўшыся за вінтоўку, насцярожана і сурова пазіраў з-пад моста Нупрэеў, старожка чакалі гатовыя да бою Жук і Калдобінскі; дзед ад напружанай увагі і чакання быццам скамянеў, адкрыўшы старэчы рот. Усе прытаіліся, маўчалі, нават Агальцоў і той шчыльна сціснуў вусны, сцяў над пераноссем бровы і драпежна схіліўся, нарыхтаваўшы аўтамат.
Прыціснуўшыся спіной да нізкай гнілой столі, Пятрусь праклінаў старшыну і сябе за неасцярожнасць і пакутліва перабіраў у думках магчымыя варыянты выратавання. Машыны набліжаліся, і раптам гул матораў, так добра чутны тут, пад мостам, спыніўся. «Заўважылі!» – мільганула страшнае меркаванне, і, адчуўшы, як разліваецца па целе млявасць, сержант выняў з кішэні сваю адзіную гранату.
– Хлопцы, жывымі не здавацца. Помніце: сцяг! – чужым натужлівым голасам сказаў ён і зірнуў на байцоў, каб упэўніцца, што яны падтрымаюць яго. Твар старшыны па-ранейшаму быў засяроджаны і рашучы, усмешлівы шыраканосы Жук выглядаў спакойна, быццам не разумеў яшчэ той бяды, што навісла над імі. Адзін толькі Калдобінскі неяк, нібы незадаволена зірнуў на сержанта і зноў насупіўся сваім круканосым тварам. Пад Нупрэевымі бровамі яшчэ глыбей запалі яго нетаропкія разважлівыя вочы.
– Нічога, нічога, – зашаптаў стары баец. – Станавіцеся двое ў той бок і двое ў гэты. Дзед і сержант хай у кут лезуць. Нічога, нядужа зручна возьмуць. Хай сунуцца.
Яны разбегліся, як раіў Нупрэеў – Жук і старшына сталі з аднаго боку, Нупрэеў і Калдобінскі з другога. Пятрусь, шырока расставіўшы ногі, застаўся на сярэдзіне, гатовы рынуцца ў любы бок. Дзеду не цярпелася на адным месцы, і ён мітусіўся па адхону, падбягаючы то да Нупрэева, то да старшыны, і ўсё шаптаў устрывожана:
– От халера, от улезлі... Трэба ж было, га!
Але ворагі штосьці марудзілі, і ніводзін з іх не паказваўся пад мост. Хлопцы пакутліва чакалі, пакуль новы гук не ўспалашыў усю іхнюю групу. Гэта быў моцны пляск у рацэ, услед за якім раздаўся гучны голас чужынца:
– Цум тойфель, дэр русішэ Рэін іст ганц кляйн... [ 1 1 Да д’ябла, рускі Рэйн зусім малы. (ням.).
]
Сержант кінуўся да ўскрайку, высунуўся з сырой засекі падмастоўя і ўбачыў нешта нечаканае.
Пакінуўшы, відаць, на дарозе машыны, ворагі высыпалі на лужок, дзе нядаўна ішлі хлопцы і пасвіўся гняды конік, дружна паскідалі з сябе мундзіры і з вясёлым рогатам лезлі ў ваду. Чалавек двое ўжо плылі ўшыркі ракі, некаторыя стаялі яшчэ на беразе, паціраючы свае голыя грудзі. Відаць было па ўсім, хлопцаў ніхто не заўважыў.
Зноў не згаворваючыся, байцы кінуліся да другога боку моста, спадзеючыся па-за насыпам адбегчы далей ад гэтага месца. Аднак старшына, які першы высунуўся, зноў падаўся назад. На дарозе, ля самай узбочыны, стаялі машыны – там таксама былі ворагі, яны б адразу заўважылі байцоў.
Як было выбрацца адсюль?
– Ах вы, вепрукі паганыя! – абураўся дзед, – не маглі сабе іншага месца знайсці!
– Ціха, – сказаў сержант. – З ценю не вылазіць.
Читать дальше