– Э, братка, трэба падсілкавацца табе. Так нягожа. Мы то стрываем, а табе догляд патрэбны.
Узняўся і дзед, і яны вырашылі ў першай жа вёсцы, якая трапіцца на іх шляху, накарміць сержанта.
Як-колечы Пятрусь аднак ачуняў, і з паўгадзіны яны паціху ішлі лагчынай уздоўж ручая. Час ад часу старыя пазіралі ўправа, пакуль не ўбачылі на ўзгорку ў збажыне нейкія будынкі – то быў хутар. Коратка параіўшыся, Пятрусь з Нупрэевым засталіся на жытнёвым узмежку, а дзед выправіўся здабываць харчы.
Сядзелі яны досыць доўга, чакалі, а дзеда ўсё не было. Сержант пачынаў ужо непакоіцца за старога, калі ад хутара пачулася гаворка. Хлопец выглянуў над збажыною і хуценька схаваўся зноў. Ад будынкаў па сцежцы ішоў дзед і з ім яшчэ трое нейкіх людзей, – за плячыма ў іх, здаецца, вісела зброя. Нупрэеў таксама зірнуў і таксама ўстрывожана схаваўся. Сержант і баец пераглянуліся, а затым Нупрэеў саўгануў затворам вінтоўкі.
Калі ж людзі наблізіліся і стала чуваць іх размова, байцы зноў зірнулі адзін на аднаго, і сержант узняўся з узмежку. Да іх даносіўся спакойны, гаварлівы голас старога, – нічога трывожнага ці падазронага не чулася ў ім.
Людзі ўсё набліжаліся па сцяжынцы, ужо бачна было, што за дзедам ішоў ладны плячысты дзяцюк, ён трымаў на рамяні аўтамат і ўглядаўся ў іх бок. За імі ішлі яшчэ двое – высокі і нізкі, – яны таксама былі ўзброеныя, але чамусьці ніхто з іх не нагадваў нашых байцоў. Калі яны добра наблізіліся, Пятрусь зразумеў, чаму яны здаліся чужынцамі. На дужыя плечы першага быў напялены нямецкі мундзір, падпярэзвала яго дзяга з жоўтай камсастаўскай спражкай, а на чубатай галаве ладна сядзела суконная пілотка з чырвонай зоркай. У такім убранні хлопец меў незвычайны, нейкі дзівакаваты выгляд. Двое яго спадарожнікаў былі апрануты ў несамавітыя сялянскія світкі, хоць штаны ў абодвух былі нашы, вайсковыя, таксама як і кірзавыя боты на нагах.
– Вось падмогу прывёў, – задаволена сказаў дзед, падыходзячы да ўзмежка. – Гэта свае, чырвоныя армейцы.
– Прывітанне байцам і камандзірам, – зухавата сказаў пярэдні ў мундзіры. – Дзед кажа, падвяло вас без хлеба-солі. Дрэнна жывеце, значыць.
Нупрэеў спадылба ваўкавата разглядваў траіх; Пятрусь маўчаў, не ведаючы, як паставіцца да гэтых пераапранутых бадзяг і да іх недарэчнага тону. Тое, што яны свае людзі, бадай, было зразумела, але нейкая няёмкасць утрымлівала сержанта ад праматы і шчырасці. Пярэдні, пэўна, заўважыў тое і сказаў:
– Ну, што надзьмуліся? Будзем знаёмы: старшына Агальцоў, камандзір разведчыкаў, а гэта мае дружбакі: Жук і Калдобінскі. – Ён паказаў на сваіх спадарожнікаў – тыя былі сціплейшыя за свайго начальніка. Каржакаваты і шыраканосы Жук прастадушна ўсміхнуўся, а высокі і тонкі Калдобінскі хаваў змрочную паныласць на вузкім, насатым твары. Пятрусь і Нупрэеў змаўчалі, ды ім, бадай, і не трэба было называць свае чыны – яны ў абодвух значыліся яшчэ на вайсковых пятліцах.
– Дык што, сержант, на ўсход кіруем? – жвава пытаў Агальцоў, сядаючы побач з Петрусём. Яго падначаленыя таксама селі; дзед перад узмежкам развязваў у траве прынесены клуначак, ля яго, трымаючы ў руках вінтоўку, прысеў Нупрэеў.
– На ўсход, – пацвердзіў сержант.
– Ну і мы туды ж. Значыць, па дарозе.
– Вось і я кажу: зручней разам, – уставіў дзед. – Зноў жа ўшасцярых мо’ лепш справімся.
– А здалёку вы нясеце гэтую штуку? – старшына хітравата прыжмурыўся.
Сержант міжвольна здрыгануўся ад нечаканага пытання і ўзняў на старшыну вочы. А той сядзеў побач спакойны, недзе ў глыбіні яго чорных хуткіх вачэй ззяла ўсведамленне ўласнай зухаватасці, адчуванне сілы і ўпэўненасці ў жыццёвыя ўдачы. Сержант у думках аблаяў старога за нястрыманасць і сказаў няпэўна:
– Здалёку.
Але хто яго ведае, мо’ і не трэба было злавацца, чужацца іх.
Мо’ так і сапраўды лепей – ушасцярых, мо’ гэтыя хлопцы – нядрэнныя людзі. Цяжка адразу ўсё зразумець у чалавеку, і ўсё ж сержант адчуваў, што асцярожнасць не пойдзе ў шкоду, што ў такі час трэба на ўсё глядзець пільна.
Дзед тым часам нарыхтаваў сняданак, адзін з новых знаёмых – усмешлівы Жук – моўчкі дастаў з свае сумкі банку нейкіх нямецкіх кансерваў, гасцінна падаў старому, і трое галодных людзей налеглі на ежу. Новыя знаёмыя адмовіліся ад сержантавага запрашэння паснедаць з імі, яны курылі папяросы і маўчалі. Агальцоў усё па-ранейшаму насмешліва пазіраў на сержанта, на яго галодных, амаль не ўзброеных людзей, і на прыгожым твары хлопца выразна адбівалася пачуццё ўласнай перавагі. А Пятрусь, зрэдку пазіраючы на яго, напружана думаў, стараючыся зразумець нутро гэтых людзей. Здаецца, не было асаблівых прычын для недавер’я, але іхняе адзенне і асабліва мундзір старшыны выклікалі нейкую няпэўную насцярожанасць.
Читать дальше