– А туды, – махнуў рукой дзед за раўчук, дзе ўжо на паўнеба шугала святло ўзышоўшага, але яшчэ не бачнага за лесам сонца.
– А ты куды ідзеш? – запытаў баец.
– Ды і я туды, – сказаў Пятрусь. – Часць нашу разбілі, вось і іду. А не чулі, дзе нашы?
– Э, братка, далёка, – уздыхнуў дзед. – Казалі ўчора людзі, аж пад Полацкам.
Тая навіна, як пярун з неба, аглушыла хлопца. Нейкі час ён маўчаў, не ведаючы, што думаць і казаць. Тысячы жудасных пытанняў паўсталі зараз у яго галаве, але адказу на іх, здаецца, не было ні ў кога.
Людзі заўважылі, як спахмурнеў хлопец, ды і яны былі не весялейшыя ў той час. Дзед цяжка, працягла ўздыхнуў і на хаду пачухаў нястрыжаную патыліцу.
– Эх, бяда, бяда! – казаў ён. – Што робіцца толькі на белым свеце!
Нейкі час яны ўсе задуменна памаўчалі, потым баец сказаў:
– Значыць, па дарозе будзе, сержант. Разам пойдзем.
Неўзабаве сцяжынка вывела іх да травяністай, з рэдкім кустоўем забалаці, далей у асацэ і багне ляжалі жэрдкі.
– Ну, вось тут вам, абутым, крызіс, – пажартаваў дзед. – Скідай шчыблеты, а я закуру.
Яны разуваліся, каб перайсці забалаць. Над прасторамі нараджаўся новы, прамяністы ранак, і разам з ім святлела і на Петрусёвай душы. Ужо знікла ўчарашняя трывога, нечым супакойваючым і надзейным павеяла на хлопца ад гэтых пажылых людзей, так нечакана напатканых на яго шляху. Невядома, што яшчэ чакала іх наперадзе, але было радасна, што скончылася сёння самае страшнае ў жыцці – адзінота, побач зноў былі свае людзі, і пакрысе мацнела спадзяванне, што ўсё абыдзецца добра.
Раздзел чацвёрты
– Як жа гэта вы выкараскаліся так ладна: з вінтоўкай і ўсім майном? – пытаўся Пятрусь, гледзячы, як пажылы баец, выклаўшы на процівагаз затвор, чысціў шчэпкай вінтоўку.
Яны ўтрох сядзелі ў алешнікавым гушчары. Было каля паўдня, моцна пякло сонца, і над ляснымі прасторамі вісела нерухомая бязветраная ціш. Сонечныя промні, прабіваючыся праз альховае вецце, хавалі ў травяністым доле блішчастыя далоні. Угары гудзеў чмель, недзе далёка кукавала зязюля.
– Як выбраўся, пытаеш? Гэта, брат, гісторыя – як выбраўся, – казаў баец, калупаючы ў патронніку. Ён сядзеў, прыхінуўшыся да пакручастай закаржэлай алешыны, зняўшы з сябе ўсе рамяні, успатнелы і спакойна засяроджаны ў сваім занятку. Дзед, скрыжаваўшы пад сабой натруджаныя босыя ногі, курыў самакрутку і кашляў усё, аж захліпаўся ад нейкага старэчага ўдушша. Яму, пэўна, былі ўжо знаёмы прыгоды байца, і ён пазіраў на сержанта, нібы спадзеючыся ўбачыць новае ўражанне ад іх.
– Ішлі мы, значыць, маршам, – я ў пяхоце быў – трое сутак ішлі. Фарсіраваны марш, значыцца. Ну, неяк на світанні сталі. Доўга стаялі на дарозе, немца быццам не чутно, чакаем загаду. Прыбягае камбат, сабраў камандзіраў – кажуць займаць баявы парадак. Ну, значыць, разгарнуліся мы ў полі, наша рота якраз ля ўзмежка, на канюшынішчы. Давай акопвацца. Ужо добра развіднела, я гэта лапатай працую, як раптам над ланцугом як трэсне – руды такі, ведаеце, клубок дыму ў паветры, – шрапнель, значыць. Ну, і давай біць. Так, мабыць, з гадзіну білі. Я дык такія штукі ведаю, на фінскай яшчэ нагледзеўся. Калі шрапнель, дык трэба хутчэй падстрэшак гэткі, нішу, значыць, у акопе ладзіць: ад шрапнелі ніша – першы паратунак. Ну я і налягаю на лапатку. А некаторыя маладыя апанурыліся, затаіліся, ну і пабіла іх. Суседа майго Турсунбаева забіла – проста ў патыліцу асколкам, кулямётчыка з другога ўзвода параніла. Ну, думаю, ліха: ён нас б’е, а мы яго і не бачым нават. Але тое яшчэ не ліха, браце. Ліха было наперадзе.
– Ды ўжо ж так. Бяда за бядою ходзіць ды яшчэ сябровак водзіць, – зазначыў дзед. – Таксама вось і ў германскую было...
Дзеду, відаць, хацелася нешта расказаць сваё, але ён у час абарваў сябе і засоп самакруткай. Баец тым часам заклаў у вінтоўку затвор, спусціў курок і паклаў зброю на калені. Пятрусь асцярожна расперазаўся і масціўся побач, прытрымліваючы пад гімнасцёркай сваю ношу. Ён уважліва слухаў чалавека, які з прыкметнай тугой патрывожанай душэўнай раны апавядаў пра невясёлае.
– Але страшнае было потым, – уздыхаючы, казаў ён. – Чуем, нешта загыркатала ўдалечы, і вось з імшарынкі наперадзе высоўваюцца танкі. Я гэта палічыў з цікаўнасці – васемнаццаць штук! Ідуць, значыць, а між іх і ззаду за імі немцы. Ну і сыпнулі яны па нас. Усё, брат, закурэла ад пылу і дыму, што тут рабіць будзеш? Праўда, і мы спачатку далі агню, але хіба ты іх вінтоўкамі стрымаеш? Танкі ўжо з узмежка скульнуліся, адзін проста на мяне шыбуе; гудзе, лязгаціць, куды ты тут дзенешся? Ледзьве я ногі паспеў падцягнуць, каб гусеніцай не аддушыла – праскочыў. Не паспеў я яшчэ што і падумаць, як тут аўтаматчыкі. I да мяне падлятае адзін з потным гэткім звярыным тварам. Прыплюшчыў я вочы, ды і сунуў голаў у канюшыну: ляжу, як мёртвы. Заб’е, дык заб’е, а можа і не стрэліць, думаю.
Читать дальше