Сержант трымаў у адной руцэ пісталет, а ў другой – гранату. Ён хваляваўся, але як мага стрымліваў сябе і асцерагаўся, каб не нарабіць шуму. Побач, датыкаючыся да яго боку, на каленях стаяў Жук, яго рукі трымалі напагатове ўзведзены аўтамат, а твар хлопца, здаецца, і цяпер усміхаўся – такі быў спакойны. Сержант аж пазайздросціў гэткай вытрымцы чалавека.
– Слухай, – шапнуў ён байцу. – У цябе гранаты болей няма?
– Няма, – ціха і з шкадаваннем у тоне адказаў Жук.
– Тады, як я кіну, лупяні па кабіне – і пярэдняй і задняй.
Ішлі хвіліны. Пятрусь усё напружана слухаў бамбёжку і пазіраў угору, нібы там можна было што ўбачыць. У яго ўжо склаўся план, – надзвычайны добры план, але выкананне яго залежала не толькі ад сержанта.
Ноч, аднак, пацямнела, – пэўна, набліжалася світанне. На ўсходзе ўсё грукацела страляніна, узляталі ўгору трасіруючыя чэргі і, бліскаючы ў хмарах, глуха шпокалі разрывы зянітак. Але сюды, на дарогу, не зварочваў ніводзін самалёт, і сержант паступова пачаў губляць цярпенне. А ў машыне тым часам шчоўкнулі дзверцы, на дарогу саскочыў нейкі немец, пастаяў ля канавы і паціху пайшоў у голаў калоны.
I тады Пятрусь наважыўся. Чакаць далей ужо было небяспечна, – хутка насоўваўся світанак. Сержант моўчкі паціснуў локаць Жука, выняў з запала чаку і, старанна размахнуўшыся, шпурнуў гранату пад кабіну вялікай машыны.
Хлопцы ўпалі на зямлю – уперадзе ірванула, шаснула ў кустах асколкамі і ўзнятым пяском. Пятрусь ускочыў і кінуўся на сваю дарогу, а побач, у другі раз жахліва ўскалыхнуўшы цішыню, гулка затрашчалі кароткія і частыя чэргі аўтамата Жука.
Пятрусь імчаўся па дарозе, ужо не тулячыся да кустоўя, ззаду шпарка тупацеў таварыш. На дарозе, здаецца, усё было ціха, нават ніхто не стрэліў наўздагон. I раптам на вершалінах елак мільганула нейкае яркае святло. Пятрусь не зразумеў нават, адкуль яно і ўзялося. Ён азірнуўся, і сэрца яго ўстрапянулася ад вялікай радасці.
На дарозе за хмызняком узнялося ўгору вялізнае дымнае полымя. Яго шырокія хісткія языкі паласкаліся ў начным змроку, матляліся ў паветры іх чорныя дымныя грывы, высока над лесам узляцела чарада мігатлівых іскраў. Хлопцы, баючыся, каб іх не ўбачылі, кінуліся ў гушчар і ад нечаканасці таго, што здарылася потым, пападалі на зямлю.
Нейкая грымотная віхура вынікла з начнога неба і кінулася на лес. У якую хвіліну ўзарвалася, знікла ноч, усё наваколле задрыжэла, загрукатала, хіснуліся дрэвы, у самае неба пыхнула асляпляльна яркае полымя і зноў ірванула, і зноў асляпіла на момант. I тады нейкая вар’яцкая радасць ахапіла хлопцаў.
– Нашы! Нашы! – крычаў Жук у твар Петрусю. Яны ўскочылі з долу і кінуліся да сваіх байцоў.
– Браткі! – Праз грукат закрычаў Пятрусь. – Сюды! Бі гадаў.
Нясмела, яшчэ прыгінаючыся, на дарозе з’явіліся цьмяныя постаці Нупрэева, дзеда і Калдобінскага. Яны, відаць, мала што разумелі з таго, што здарылася, але падпарадкаваліся загаду і пабеглі за сержантам. А той, узвёўшы пісталет, наперадзе ўсіх рынуўся на вялікую дарогу.
А на дарозе рабілася нешта жудаснае. У некалькіх месцах палыхала вялізнае полымя, і моцна смярдзела бензінам і паленай гумай, узнятыя выбухамі зямля і пыл няспынна сыпаліся зверху. Магутныя выбухі на момант асляпілі сержанта, тугое паветра ўзрыву ўдарыла ў твар. Ён выбег на дарогу і ўгледзеўся, шукаючы ворагаў.
Тады ён не думаў, што можа загінуць ад сваёй жа бомбы, ён, бадай, здзівіўся б, калі б хто сказаў яму пра тое. Пятрусь бяздумна сунуўся ў самае пекла выбухаў, але хутка наткнуўся на штосьці і паляцеў у нейкую прорву. То была глыбокая варонка ў дарозе, і на дне яе хлопец натрапіў на чалавечае цела. Ён вылаяўся ад нечаканасці, цела раптам спуджана крутнулася з-пад яго рук, нешта ўскрыкнула незразумелае, і Пятрусь, згадаўшы ворага, два разы стрэліў у яго. Потым ён выскачыў з варонкі, перад ім апынулася абернутая выбухам вялізная машына, і хлопец кінуўся на той бок яе, шукаючы ворагаў. Але там не было нікога, толькі ў чарговым бляску недалёкага выбуху ўбачыў Пятрусь, як з дарогі хіснуліся ўбок нейкія цені. Побач у прамежках выбухаў трашчалі аўтаматы, нехта роспачна галасіў між пакарабачаных машын, і сержант раптам моцна спалохаўся за Нупрэева, у якога застаўся яго клунак. Хлопец падумаў, што ў такой валтузні ён можа зноў страціць свой сцяг, і кінуўся на другі бок дарогі.
– Нупрэеў, Жук, сюды! – крыкнуў ён, вылазячы з канавы, і ў той момант з яе махлянулася цёмная постаць і бліснуў цьмяны агеньчык стрэлу. Пятрусь, поўны спрыту і рухавасці, хутка прыгнуўся.
Читать дальше