Усё ж сенажаць ці поплаў пад яго нагамі скончыўся, і рэчка не паявілася. Ён зноў адчуў цвярдзейшае, ды ісці па ім стала зусім пакутна. То быў узараны на зябліва клін — няроўны і глыжасты, на ім часам балюча падварочваліся ягоныя ступні. Азевічу здалося, што ён ідзе ўздоўжкі па ім, і тады ён крута павярнуў убок. I праўда, хутка ўпёрся ў шнурок кустоўя, прыгледзеўшыся, пралез праз яго цёмны гушчар і апынуўся на чымсь цвярдым і роўным. Не адразу здагадаўся, што набрыў на дарогу — уезджаны сухі бальшак, які кіраваў ці не ў бок мястэчка. Толькі ў якім баку было тое мястэчка?
Напружана згадваючы, якія тут дзе павінны быць вёскі, Азевіч прайшоў колькі крокаў у адзін бок, пасля, засумняваўшыся, спыніўся, павярнуў назад. У раённае мястэчка, вядома, лепш было не патыкацца, трэба было кіраваць у іншы ад яго бок. У гэтым іншым баку ляжалі недзе яго знаёмыя мясціны і яшчэ далей ягоная родная вёска, дзе яго ўжо ніхто не чакае. А так хацелася б цяпер туды... Ды толькі туды дарогі яму не было таксама.
Во чортава жыццё, ці вайна, ці такі кляты ягоны лес, калі менавіта туды, куды цягне, дзе ты знайшоў бы прытулак і сховішча, менавіта туды і нельга.
Аднак і ў гэтым кірунку ўпэўненасці ў яго не было, здавалася, што трэба не туды. I ён спыніўся зноў, азірнуўся. I тады да ягонага слыху даляцеў нейкі няпэўны гук ззаду, ён прыслухаўся болей. Здаецца, аднак, не памыліўся: вецер даносіў ціхі тупат капытоў — паначы хтось ехаў і нават ужо быў блізка. Азевіч шаснуў у бок ад кустоўя, прысеў, стаіўся. Тут, мабыць, яго не будзе відно, а ўжо ён нешта пабачыць.
Чакаў нядоўга, сапраўды з цемрыва на дарозе высунулася цёмная рухавая постаць, стала відаць конская галава пад дугой і фурманка. Яна хутка набліжалася, але ён усё не мог разгледзець, хто там, на возе, і колькі іх. Воз здаваўся грувасткі, з якой паклажай, ці што. Але во зтуль пачулася:
— Цётачка, а ваўкі нас не дагоняць?
То быў ціхенькі дзіцячы голас, хлопчыка ці дзяўчынкі. Азевіч зусім прыцяў дыханне і тады пачуў, як у адказ хрыплавата азвалася жанчына:
— Ды якія ваўкі, ноо...
— Ваўкоў баюся...
— Ваўкоў не бойся цяперака... Цяперака людзей трэба баяцца, дзетка.
Азевічу раптам зрабілася проста і нябоязна, ён нават пасаромеўся нядаўняй свае асцярогі і ўстаў з-пад кустоўя. Фурманка ўжо была побач, ён зрабіў два крокі напярэймы і ціха сказаў:
— Пастой, цётка!
Конь знячэўку тузануўся, але прыпыніў хаду, беручы трохі ў бок ад каляін, Азевіч ухапіў яго за аброць і зусім спыніў. У возе, відаць было, сядзела кабета з лейцамі, ззаду за ёй, здаецца, мясціліся дзеці. Колькі там іх было, ён не паспеў разгледзець.
— Не бойся. Свае,— сказаў ён як мага лагодней. Жанчына ўсё маўчала. — Куды едзеце?
— У Васіп'е, — сказала і заціхла кабета.
— Чаго паначы?
— Дык падводу толькі ўзяла надвячоркам. Удзень дровы вазілі.
Восіп'е ён ведаў, то была невялікая вёска пад лесам вёрст за дваццаць ад мястэчка. Мабыць, туды б яму было па дарозе.
— Можа, падвязеце і мяне. А то... падбіўся троху. Кабета не адказала, толькі няёмка паварушылася ў сваёй цёплай апратцы з тоўста захутанай галавой, страхавіта прымоўкла. Не чакаючы яе згоды, Азевіч улез ззаду на воз, звесіў цераз бакавіну ногі.
— А вам ці далёка ж трэба? — урэшце папыталасякабета.
— Ды мне недалёка. Каб трохі пад'ехаць.
Кабета варухнула лейцамі, і конь, парыпваючы збруяй, паклыбаў далей, а Азевіч толькі цяпер падумаў: куды ж гэта ён? Пад'ехаць — яно няблага, але куды? Праўда, ужо хоць тое добра, што не ў мястэчка, у другі бок, мабыць, туды і яму будзе здатна. А там прыйдзецца падумаць.
— А вы ж гэта з паліцыі будзеце? Ці, можа, парцізан? — боязна пацікавілася кабета.
— Акружэнец,— сказаў ён таксама ціха.
— А, акружэнец, — прыкметна пажывела кабета. — Гэта ж дамоў едзеце, пэўна?
— Дамоў.
— А ці далёка ж гэта вы, каб дамоў?
— Далёка, цётка, — сказаў ён.
— Во як! Далёка... Ах, горачка наша... Ды паначы. Цяперака толькі ж і можна што паначы. Удзень і праўда неяк. Во і я заначлезілася... Але малыя, як жа іх...
Прыгледзеўшыся, Азевіч зразумеў, хто яшчэ ехаў у возе з гэтай кабетай.
Захутаныя ў кажух, побач бялелі два дзіцячыя тварыкі, — насцярожаныя, мабыць, спалоханыя, яны маўкліва ўзіраліся праз змрок у начнога чалавека, што перапыніў іх на дарозе, і сказаў знарок бесклапотна:
— Не бойцеся! Дзядзя — добры.
— А я не баюся, — раптам азваўся адзін з малых. — Гэта Лёдзя баіцца. А я не баюся цябе.
— Во як! Смелы, аднак! — ціха зазначыў Азевіч, трохі здзіўлены словамі малога.
Читать дальше