— Ну, як там наш сімулянт?
Ці адпаведна сімулянтка. Гадоў трыццаці— сарака, хай сабе i колькі хочаш больш. Гаварылі пра паважанага, што лечыць ён перш за ўсё ветлівасцю ды ўвагай. Так казала якраз матуля майго суседа i сябра, жанчына таксама інтэлігентная, мудра вясёлая i ў цяжкасцях.
Закончыў наш доктар i сапраўды на пасту. У некага ўпаў з рукі слоік смятаны, разбіўся на сходах i той нехта не прыбраў за сабою адразу. Змярканнем, пры яшчэ няўключаным святле, ды ўжо i стомлены, доктар вяртаўся з візіта, паслізнуўся i так ўпаў, што праз некалькі дзён яго пахавалі. І толькі тады, як быццам упершыню дакладна, падлічылі, што яму было ўжо за восемдзесят...
Другі аптыміст, маладзейшы, выпадковая сустрэча з якім на вуліцы нагадала мне i нялёгкую верхатуру, i тое "Ну, як там наш симулянт?", i яшчэ адзін вясёлы зварот,— гэта даўно i малазнаёмы мне паштальён з тэлеграфа.
У вёсцы пра падобнага чалавека я чуў: "От, нядоля!" I нягеглы, i нябыстры на службе, так сабе рабачай. Нярослы, чорненькі, нават нібы кучаравы з-пад кепкі, з сіняватаю "галашчокай" хранічнай недабрытасці. І ходзіць, цягнучы ногі, як заёхлены муштрай пехацінец з апошняй чацвёркі шаснаццатай роты. Пра падабенства такое сведчаць i боты-кірзачы, калі ў халепу ці зімой. Такім я сустрэў яго амаль праз дзесяць год разлукі.
Мы не настолькі былі калісьці блізкія, каб цяпер прывітацца, пагаварыць. Я прыпыніўся на момант, а ён мяне, здаецца, не пазнаў. Ішоў кудысьці вяла ды задумана.
Заўсёды, колькі я памятаю яго за многа колішніх гадоў, калі званок у дзверы быў ягоны,— званок службова-настойлівы, часта з хуткім паўторам,— за гэтым званком, як толькі дзверы адчыніліся, ішла, замест вітання, песня з двух слоў, такі сабе рэчытатыў, ці што, на кожны раз аднолькавы, узнёсла-жыццярадасны:
— Ва-ам тэ-ле-грам-ка-а!..
І толькі. Якая б яна ні была — прыемная, горкая, страшная,— пра што яму ведаць па службе не дазвалялася.
І толькі? Не, значна больш.
Каб я мог перадаць той напеў у нотным ці магнітафонным запісе або як-небудзь асабіста, дык, можа, i вы, паважаны чытач, за сціплым воблікам гэтага "нядолі", сумленнага, працавітага чалавека, які эканамістамі мудра залічаны ў катэгорыю "пакуль што нізкааплачваемых",— можа, i вы лепш адчулі б, як яно, ад чаго часамі, на дзевяноста шостай прыступцы, чалавеку робіцца лягчэй на душы.
Што ж, я i сам, калі вясёлага малавата, а то i яшчэ менш, я тую песню з двух слоў, адноўленую ў памяці, не-не ды ўголас сам сабе паўтару:
— Ва-ам тэ-ле-грам-ка-а!..
Адчайна непераможны тон.
Бывае, што i паможа.
1986
Пра таварыша з прозвішчам Додзік гаварылася, што ён аблупіць яйка i ўвесь, ад галавы да пят, спацее. Рост i сіла яго былі ў іншым, асабліва перад вайной i адразу пасля эвакуацыі, калі ён яшчэ ўсё трымаўся на сваёй кіраўнічай купіне. Потым, у палавіне пяцідзесятых, сёе-тое выйшла наверх, i ў святле нечаканай крытыкі прыціх, ды нізенька, i гэты.
На адным паважаным сходзе ўздоўж працяглага стала ад рук да рук пайшоў белы квадрацік складзенай паперкі. Спыніўся ён каля мяне. Я разгарнуў — знаёмы почырк, з маленства знаёмыя словы вялікай паэзіі ў новым прыстасаванні... Маленькі, шчупленькі, у беленька-нявінным пінжачку, Додзік сядзеў насупраць мяне, цераз стол, i гэта яго датычыліся словы ў запісцы:
Чуден Додель при тихой погоде!..
Аўтар гэтага прыстасавання сядзеў ажно вунь дзе, у самым канцы стала, i туды, дзе ягоны падмірг i ківок галавой, пайшла мая ўсмешка.
Праз трыццаць год успомнілася. А тут ужо новы час, маладзейшыя людзі, трохі іншыя недахопы. І яшчэ раз непараўнаны Гогаль:
"Боже, какие есть прекрасные должности и службы! Как они возвышают и услаждают душу!.."
I як мяняюцца некаторыя людзі на гэтых пасадах i службах, а потым як яны зноў мяняюцца, калі ix здымуць i паставяць на зямлю!
І Додзель з Дняпром, i Неўскі праспект сёння мне прыгадаліся адразу ўсе, i проста ў сваёй будзённасці,— у хлебным магазіне.
На пяць чалавек перада мной у касу стаяла жанчына, якую я ніколі ў чэргах не бачыў, якую ведаю даўно, у некалькіх службовых вымярэннях. Спачатку сімпатычнай, інтэлігэнтнай маладзіцай, да якое мне, чвэрць веку таму назад, давялося звярнуцца, каб дапамагчы аднаму маладому пісьменніку, i яна адгукнулася хораша, дапамагла. Потым... Аднак пра гэта трэба асобна, з абзаца.
Было вялікае свята нашай культуры, праводзілася яно за горадам, i туды нас вазілі спецыяльнымі аўтобусамі.
Шыкарныя "Ікарусы" пакуль што стаялі ў духмяным ліпавым цяньку. Свае i госці, з братніх рэспублік i з-за мяжы, хто сядзеў ужо ў машыне, а хто, пасядзеўшы, выйшаў на панель, праходжваўся або стаяў з кім-небудзь удвох або ў гурце. Мы чакалі, цярпліва, з пашанай чакалі высокага кіраўніцтва, якое павінна было ехаць разам з намі i чамусьці затрымлівалася.
Читать дальше