Аднак...
Дзён праз некалькі, дома, чытаючы пра пахаванне Юліяна ў яго роднай вёсцы на Падкарпацці, мне сумна захацелася ў ёй пабываць, пахадзіць па тым полі, якое ён араў у маладосці i ў дні гітлераўскай акупацыі, там, на родным грунце, пераносячы найвялікшае гора, словам i справай прымаючы ўдзел ва ўсенародным супраціўленні захопнікам.
Днямі глядзеў яго кнігі, перачытваў пісьмы i аўтографы. За тры гады ix сабралася няшмат. Прыгадаю адзін, на тытульным лісце акадэмічнага выдання «Пана Тадэвуша»: «Дарагому... з гарачымі пачуццямі дружбы шлю гэта найнавейшае выданне са шчодрым прафеоарскім каментарыем, які свірэпы — аднак! — не выясніў!..»
Дата — снежань шэсцьдзесят сёмага года. Напісанае — згадка пра наш дарожны смех з той архаічнай, але i жывучай стараннасці, з якою некаторыя польекія даследчыкі творчасці Мідкевіча абыходзяць ды прыкрываюць беларусізмы ў яго мове. У заўвазе да слова świerzop — свірэпа, што побач з золатам пшаніцы, серабром жыта i снежнай беллю грэчкі янтарылася на палях наваградскага Наднямоння, вучоны каментатар на цэлай кніжнай старонцы блытаецца паміж тым жоўценькім пустазеллем i культурным рапсам, rzepakiem, ніяк не могучы асмеліцца прызнаць, што świerzop — гэта ўсё-такі наша свірэпа, па-польску ognicha, што на чужыне, у сумоце па родным, магла, як дым айчыны, быць салодкім успамінам.
Гэты аўтограф для мяне — яшчэ адна мудрая, мілая ўсмешка старэйшага сябра, цяпер — ужо вельмі здалёк...
* * *
Летняя ноч у Сілезскіх Бяскідах.
Каля вогнішча на міжгорнай паляне высокая, дужая красуня, узняўшы, як птушка, галаву — так хочуць горы — звонка выводзіць:
Ой, гураль, гуралік,
Не бываць табе ў маёй пасцелі!..
Паганская, шчырая i такая народная прыгажосць!..
А я сядзеў перад гэтым адзін, на мокрай лаве паміж чужога, мокрага лесу, i сумаваў, як малады — калісьці — вясковы таўкач. Пакуль не прыйшло вясёлае, патрэбнае — пакуль не пачуў, не ўсвядоміў, што я тут, для многіх польскіх сяброў-пісьменнікаў, свой. Што мне на гэтым свяце належыцца i чарачка гарачай медавухі, i гарачая каўбаса на ражончыку, i смех, i песні, i танцы з мясцовай моладдзю ў раскошных нацыянальных касцюмах.
Вакол высокага, вострага, гаманлівага вогнішча.
Для многіх свой... Так, у мяне ўжо нямала польскіх сяброў. З кожнай новай паездкай ix набіраецца больш. Праўда, i адсяюцца таксама. У тых выпадках, дзе не было сапраўднай узаемнай зацікаўленасці, дзе не дайшло да той шчырасці, якая патрэбна для дружбы. Аднак i засталіся многія. Што значыць — многія: колькі ix — дзесяць, дваццаць, сто? Ну, а навошта сто, нават i дваццаць? «Многія» тут у мяне не ад колькасці — гэта хутчэй не акрэсленне, а адчуванне, за якім не толькі ўсмешкі, словы, поціскі рук, брудэршафты, а за якім i шчырасць, што правяраецца часам i справамі, i веданне адзін аднаго, зацікаўленае пазнаванне таго свету, які пісьменнік i носіць у сабе, i паказвае ў сваіх творах. Багацце пісьменніцкіх светаў, ix населенасць жывымі вобразамі, напоўненасць думкамі i пачуццямі — гэта якраз i дае мне падставу лічыць, што польскіх сяброў у мяне, сяброў-пісьменнікаў — такое адчуванне — многа.
Былі на шмат старэйшыя,— пра трох я гаварыў вышэй. Ёсць такія i сёння: нястомны палярнік Чэслаў Цанткевіч; пясняр рабочай Варшавы, нечым падобны да Бранеўскага, Станіслаў Рышард Дабравольскі; аўтар выдатнай кнігі пра Шаўчэнку Ежы Енджэевіч. Ёсць аднагодкі, салдаты трагічнага верасня трыццаць дзевятага года, партызаны, удзельнікі варшаўскага паўстання, салдаты Войска Польскага, што разам з нашымі ішлі i дайшлі да Верліна. Войцех Жукроўскі, Мацей Канановіч, Леслаў Бартэльскі, Тадэвуш Ружэвіч, Ян Гушча...
З адным нямала, шчыра пагаворана, прозу другога ты чытаў, а сёе-тое i перакладаў. З прыемнасцю. Ёсць i моладзь, i дружба з імі — ужо не знізу ўверх, як са значна старэйшымі, i не на ўзроўні калі не аднаго для ўсіх, дык вельмі падобнага мінулага, але ж i не зверху, а проста з пачуццямі нашага ўзросту: як у намнога старэйшага брата. Тут згадаю крытыка i перакладчыка Фларыяна Няўважнага, шчырага хлопца i дзейснага друга ўкраінскай i нашай літаратуры; магутнага акіянскага рыбака, суровага i лірычнага навеліета Юрку Пахлёўскага; энергічнага Збігнева Жакевіча, які ў сваю паэтычную прозу нямала ўзяў успамінаў ваеннага i трохі пасляваеннага маленства на Беларусі...
Многа сяброў. З аднымі дружба даўняя, выразная, з другімі толькі пачынаецца, у адносінах з іншымі знаходзіцца недзе на мяжы прыязнага знаёмства, з ухілам да большага.
Читать дальше