ЗБРОЯ
Калi хто любiць па-сапраўднаму зброю ў нашай сям’i, дык гэта брат. На самых першых сваiх фота ён заўсёды з нейкiм пiсталетам цi аўтаматам. Улюбёнай гульнёю ў яго была вайна з алавянымi салдатамi. Маляваў ён усё генералаў i генералiсiмусаў, абчапляных стужкамi, пагонамi i ордэнамi з медалямi. Таму цацачная зброя ператварылася ў сапраўдную. Ягоныя лукi i рагаткi мелi даволi моцную сiлу. А ў дзевятым класе ён набыў пiсталет i кiнуў школу. Шаснаццаць гадоў — самы ўзрост, каб займець уласны баявы пiсталет i паслаць адукацыю да д’ябла. З пiсталетам у кiшэнi Мiрык хадзiў на кватэры, дзе гулялi ў карты на грошы. Чым бы гэта ўсё магло скончыцца, можна толькi здагадвацца. Але лёс зрабiў па-свойму... Брат закахаўся, праз тое каханне трапiў у бальнiцу, з бальнiцы — у школу рабочай моладзi, дзе за магiльнае маўчанне ставiлi моцнае «тры», са школы — ва унiверсiтэт, а з унiверсiтэта — у войска. Галоўнае — нечага моцна захацець, i жаданне здзейснiцца. Хочаш зброю? На@ табе палiгон! Паўтара года брат праслужыў на палiгоне ў Чэхii на самай мяжы з радзiмай усiх войнаў i ўсёй зброi — Нямеччынай. Настраляўся на ўсё астатняе жыццё. Часам здараюцца рэцыдывы. Яму, як афiцэру, без праблемаў далi дазвол на паляўнiчую стрэльбу. Ён i скрыню жалезную замовiў, нават дзве скрынi: большую для стрэльбы, меншую для патронаў. Але ў апошняе iмгненне адмовiўся i ад скрынак, i ад стрэльбы. Захваляваўся: а раптам сын залезе, бяды наробiць... Чэсь, сын, вельмi да брата падобны, i ўзрост гэты збройны ды антыадукацыйны наблiжаецца. «На чорта мне ружжо?! Я i так любога тхара голымi рукамi задушу, а калi не змагу — ты дапаможаш...» — разважаў брат, п’ючы чорную гарбату з японскага кубка. «Тхара задушыць? Вядома, дапамагу, няма пытанняў».
Сны
Больш як дзесяць гадоў я працую з братам. Раней, у маладосцi, былi iлюзii, што некаму можна давяраць. Адна за адной тыя надзеi развеялiся; ад некаторых i слядоў не засталося, а iншыя пакiнулi ў памяцi шнары на ўсё жыццё. Вельмi балюча, калi цябе прадае лепшы сябар цi каханая жанчына перакiдаецца ў драпежную хцiвую фурыю... Тата памёр, мама састарэла, i я аберагаю яе ад перажыванняў, давяраю толькi брату. У мяне ад брата сакрэтаў няма. Ёсць сякiя-такiя дробныя недагаворкi наконт творчых планаў ды летуценных каханняў. Улюблiвы я занадта ў параўнаннi з братам. А так ён пра мяне ведае ўсё. Наколькi адзiн чалавек можа ведаць усё пра другога. Я ганаруся тым, што ёсць чалавек, якому можна верыць. Звычайна, каб схаваць сваю няверу ў людзей, гавораць пра веру ў Бога, у Цуд, у Лёс. А як можна верыць у Найвышэйшае, калi сваiм родным не давяраеш? А большасць разумных, навучаная горкiм вопытам здрады, нiкому не верыць. Пра дурняў няма гаворкi, яны самi сабе не вераць. Я веру брату. Гэта важна. Важна настолькi, што, з’язджаючы ў адпачынак, я днi тры-чатыры сню адзiн i той жа сон... Быццам прыходжу на працу, вару каву, прыходзiць брат, мы п’ем ранiшнюю каву i абмяркоўваем справы. Натуральна так гаворым, бывае, што i слушныя думкi прамаўляюцца. Тады я тэлефаную i пераказваю свой працоўны сон брату. Збольшага, праўда, гаворыцца нейкая абракадабра; можа, у сне i былi разумныя думкi, але, калi iх пачынаеш перацягваць на працоўны стол рэальнасцi, стройнасць i логiка прападаюць. Зрэшты, у адпачынку свая логiка — добра адпачыць, каб вярнуцца i даць адпачыць брату, якi працуе за двух.
Прабачэнне
У кожнай справе галоўнае — зазiрнуць наперад. Цi то ты селянiн i разважаеш пра будучы ўраджай, цi рамеснiк i думаеш, як выканаць замову i выгадней прадаць плён рук сваiх, цi як брат лiтаратар, выдавец, мысляр. Яго здатнасць бачыць будучыню мяне заўсёды радавала i дзiвiла, бо сам я — чалавек настрою, люблю хуткаплыннасць, зменлiвасць, незавершанасць... Таму ў мастацтве раблю накiды i шкiцы, у лiтаратуры пiшу лiрычную прозу, а ў выдавецтве кiрую праектамi сезонных кнiжак. Брат — iншы, ён супрацьлегласць мне, ягоная стыхiя — доўгатэрмiновыя праекты. Калi мы толькi распачыналi працу над «Сусветнай гiсторыяй» у 24 тамах i толькi збiралiся выкасоўваць цытаты марксаў-ленiнаў, а факт паставiць вышэй усялякiх каментароў i трактовак, я толькi на адсоткаў трыццаць верыў у поспех (якi поспех?!), у простае выкананне працы аб’ёмам у 12000 кнiжных старонак. Брат верыў, ён бачыў гэтыя кнiгi, ён бачыў iх дзесяцiразовае перавыданне i пераўтварэнне ў iлюстраванае каляровае выданне. Цяпер, калi нашы кнiгi па сусветнай гiсторыi налiчваюць больш за сотню тамоў, а колькасць замоваў толькi на гэтую тэму не змяншаецца, я магу любога скептыка падвесцi да палiцы з кнiгамi i сказаць: мой брат здатны зазiрнуць у будучыню, i ягоная здатнасць, увасобленая ў сотнi i тысячы тамоў, — тут, перад Вамi.
Читать дальше