Удар
У кожнага мужчыны ўзнiкае жаданне разбiць твар iншаму, падобнаму да сябе. І раней цi пазней абставiны складаюцца на тое, каб злосць увасобiлася ў бойку. Чалавек — iстота ваенная. Нiчога не паробiш. З астатнiмi нiчога не зробiш, а сябе ўсё ж у пэўны момант можна пераарыентаваць. Удар, якi Мiрык абрынуў на тоўстае дзвярное шкло, каштаваў яму шмат. Шкло разляцелася на аскепкi, але i кулак ператварыўся ў крывавую кашу. Генiяльны, без перабольшання, хiрург Пал Палыч Беспальчук нейкiм магiчным чынам разабраўся ў крывавай кашы i сшыў, склаў, аднавiў братаву руку наноў. Тыднi тры Мiрык праляжаў у бальнiцы ў Беспальчука, скiнуў кiлаграмаў дваццаць i выйшаў падобны да падлетка. Яго сустрэла Таня, другая жонка, з-за якой i разляцелася тоўстае шкло. Мусiла разляцецца на кавалачкi галава Танiнага першага мужа, якi цяжка перажываў страту жонкi i часткi рэчаў. Каб хоць неяк выглядаць па-мужчынску, ён не аддаваў Танi яе вопратку, а тут прыйшоў Мiрык. Ударыў ён адбiтак Танiнага мужа, ударыў адлюстраванне, а не арыгiнал, разбiў цень, каб iстота, што цень наводзiла, спалохалася i ўцякла. Істота збегла. Скалечаная рука гаiлася доўга. Больш за год брат не адчуваў пальцамi нi холад, нi цяпло. Бывала, курачы цыгарэту, заўважаў, як на пальцы ўздзiмаецца пухiр апёку, але болю не чуў. Жахлiвы пах спаленай чалавечай скуры напаўняў пакой, але Мiрык нi разу не пашкадаваў пра тое, што зрабiў.
Бензiн
Як лёгка гарыць бензiн, без усялякага напружання! Гэта чыста мужчынскi занятак — палiць бензiн. Як пiць спiрт. Пра бензiн мы з Мiрыкам загаварылi, калi нам не вярнулi грошы. Быў такi час, калi грошы да нас прыходзiлi лёгка, а таму шмат каму здавалася, што iх можна пазычыць i не вярнуць. Так проста: узяў, сказаўшы, што вернеш, i нiбыта забыўся. Толькi грошы, насамрэч, прыходзiлi да нас цяжка, i за кожны рубель-даляр мы адпрацоўвалi напоўнiцу. А тут паверылi, як верылi нам, далi, а праз месяц зразумелi, што нiхто нам пазыкi вяртаць не збiраецца. Вялiкадушнасць, усёдараванне, любоў да чалавека — выдатныя рэчы, але яны не тычацца злодзеяў i шэльмаў. Папярэджаннi шэльма ўспрымаў спакойна. Абяцаў, хлусiў, час цягнуў... Вось i ўзнiкла думка: а цi не даць яму панюхаць бензiну. Ёсць жа асобы, якiм падабаецца вастрыня бензiнавай пары. Шэльма жыў на другiм паверсе, над аптэкаю. Ягоныя кватэрныя дзверы мы падперлi драўляным брусам, каб не выскачыў. Бутэльку з бензiнам кiдаў я. Каб кiдаў Мiрык, напэўна, пацэлiў бы ў шыбу, а я расхваляваўся i ўпiндзюрыў у раму. Такая злосць мяне ахапiла, хоць Мiрык i крычаў, што трэба ўцякаць, а я ўсё ж выдраў кавалак асфальта, вялiкi, памерам з два кулакi, i зафундырыў у шыбу. Ну, мусiў шэльма нюхнуць бензiну! Мусiў i нюхнуў. У дварах нас чакала машына, так што праз тры хвiлiны мы зноў былi на днi нараджэння ў сябра. Алiбi нiкому не шкодзiць, калi намерваешся даць панюхаць бензiну. Пах падзейнiчаў. Грошы вярнулiся. Не ўсе, але збольшага. І рэч тут не ў грошах. Галоўнае, мець брата, з якiм можна любой шэльме даць панюхаць бензiну.
Краiна кратаў
У рок-гурта «Улiс» ёсць песня:
Рака, што цячэ ля карчмы,
Каля рэчкi — мур.
Трынаццаць лiтар на iм.
У лiтарах смур...
А потым рэфрэн: «Краiна ў кратах!!!» Выконваў тую кампазiцыю Андрэй Патрэй. Генiяльна выконваў. Калi адхiлiцца ў бок белрок-н-ролу, дык акрамя Андрэя генiяльных вакалiстаў у iм не было. Можа, праз гэта Патрэй i звар’яцеў, праз сваю генiяльнасць. Выбраны ён быў, непараўнальны, ненармальны. Шкада, вядома, што Патрэй захварэў невылечна, але ж песня засталася. Песня пра Краiну ў кратах. А надпiс той зрабiў мой брат. Даўно, у 1984 годзе. Нi пра якую незалежнасць нiхто i думаць не думаў. Перабудова ў СССР яшчэ i не пачыналася. Панавала суцэльная задуха таталiтарызму. Свабода жыла на дысiдэнцкiх варэльнях i ў майстэрнях мастакоў. Васемнаццацiгадовы Мiрык са сваiм аднакласнiкам Сашкам пайшлi да Свiслачы, дзе ў яе ўпадае Нямiга, слаўна апетая ў «Слове аб палку Ігаравым», i стварылi першае менскае графiцi, цi, як цяпер кажуць, «пiс», адно што без аўтарскага подпiсу. За пiс з подпiсам можна было атрымаць гадоў пяць турмы. Калi цяпер хлопцы атрымлiваюць месяцы за гумарыстычныя надпiсы, то тады свяцiла поўная праграма з дурдомам i турмою. Але i канспiрацыя, i падыход да справы былi iншыя, сур’ёзныя, без карнавальнага размандзяйства i без справаздачаў за скарыстаныя балонiкi. Сэрца балела за Бацькаўшчыну. Таму, колькi нi зафарбоўвалi тыя 13 лiтараў, ўсе адно праступала на муры: «Краiна ў кратах».
Чужыя словы
Цi варта згадваць чужыя словы пра брата, калi сваiх яшчэ шмат не сказаных? І ўсё ж працытую, дзеля больш размаiтага i аб’ектыўнага партрэта... «Мiрык — звер! Так, так... Мiрык — звер! І я яго паважаю... У вас усiм кiруе Мiрык, мне так падаецца. І гэта правiльна. Кiраўнiк мусiць быць адзiн, каб справа не размазвалася. Кiраўнiк мусiць быць зверам!» — так разважаў настаўнiк бiялогii Карпейчык. А палiграфiст Хацкевiч за бутэлькаю вiскi ў самалёце сказаў наступнае: «Мiрык мне гаворыць: як Валодзя скажа, так i будзе. Уяўляеш, як гэта важна — мець у жыццi чалавека, якому можна цалкам давяраць... Як Вова скажа — так i будзе! У мяне няма такога. Я ў справах застаўся зусiм адзiн. Я люблю працаваць адзiн, прымаць рашэннi, за ўсё сам адказваць... Але часам так хочацца быць меншым, некага паслухаць, некаму даверыць свае самыя патаемныя думкi! Каб нехта сказаў, i я паверыў...» Чужыя словы — яны таму i чужыя, што не свае, а таму не зусiм дакладныя, але недзе памiж развагамi Хацкевiча i Карпейчыка ляжыць чыстая праўда.
Читать дальше