Была ў мяне дзяўчына. Нiшто сабе габрэйка з вельмi заможнай сям’i, яе бацька помнiкi на могiлках рабiў. Адносiны ў мяне з габрэйкаю былi абуральна-цнатлiвыя, вось мы i хадзiлi ў кiно. У той раз, пра якi буду гаварыць, я ўзяў квiткi ў кiнатэатр “Цэнтральны”. Кiнатэатр неблагi, толькi стаiць занадта блiзка ад вакзала, i адпаведна публiка там, выбачайце, свiны мешань. На кiначасопiс мы спазнiлiся, i, як на гора, мне яшчэ захацелася ў прыбiральню. Праўда, я не з тых людзей, што саромеюцца сваiх жаданняў. Яшчэ ў дзiцячым садку мяне прывучылi паважаць арганiзм. “Пачакай, я хутка”, — сказаў я габрэйцы i пайшоў. Іду праз курылку. І якi разумнiк прыдумаў буфет i курылку з прыбiральняй побач зрабiць?! Буфет быў зачынены, а ў курылцы на лаўцы пляшка гарэлкi стаяла. Ну стаiць i стаiць. Мне што? Паглядзеў я кафлю над пiсуарам, вяртаюся. Пляшка на месцы. Зiхцiць! Узяў яе ў рукi. Закаркаваная. “Чыя гарэлка?” — спытаў я ў буфетных i прыбiральных дзвярэй. Цiха! Адкаркаваў я пляшку i выпiў з рыльца больш за палову цёплай, ледзь пракаўтнуць, вадкасцi. Паставiў я пляшку на месца i пайшоў цешыцца з дасягненняў кiнематографа. Як iшоў, як па чужых нагах таптаўся, як сеў — помню. А што на экране было — не помню. Адныя плямiны чырвоныя i зялёныя i яшчэ жоўтыя засталiся ў памяцi. Дзiва, што хоць плямiны засталiся. Кепска мне зрабiлася. Заля поўная, цёмна, дыхаць няма чым. Выйшаў я разам з брыдкiмi словамi, што ў мяне гледачы запускалi. Добра, што не званiтаваў iм на плечы. Абышлося.
А вось у кiнатэатры “Партызан” не абышлося. У Алеся Ласевiча была хата, так выйшла, што кватэру яму далi, а хату не знеслi. Мы ў ёй майстэрню зрабiлi. Мальберты, карцiны на сценах, канапа i, вядома, натуршчыцы. Маладыя гады, маладыя жаданнi, як пiсаў класiк. Запрасiлi мы Касю Рогаву. У Касi пастава, я вам скажу, усе мужыкi азiралiся. Не фатографы i розныя там кiна-тэле-клiпа-рэжысёры, а звычайныя пралетарыi. Высокая васемнаццацiгадовая дзеўка, а важыла, пэўна, цэнтнер. Вось так. “Верх здыму, а нiз не!” — сказала, як адрэзала, наша натуршчыца. “Здымеш, гэта толькi пачатак. Сорам адолееш i здымеш свае майткi. Як i ўсе папярэднiцы здымалi”, — падумаў я i пачаў фарбы на палiтру выцiскаць. “У цябе што, лажа?” — спытаў Алесь. Кася паружавела i сказала, што, калi б у яе была менструацыя, яна зусiм не прыйшла б, бо ў хаце нават гарачай вады няма. “Адвярнiцеся”. Мы адвярнулiся. “Усё!” Я павярнуўся i... закусiў шчаку, каб не засмяяцца. Кася Рогава стаяла пасярод майстэрнi, шырока расставiўшы свае манументальныя ногi i высока ўзняўшы галаву, не раўнуючы Жанна д’Арк у парыжскiм натоўпе. Важкiмi кулакамi Рогава ўпiралася ў свае смятанныя клубы. У адным з кулакоў яна зацiснула станiк. Я глянуў на Алеся i мацней закусiў шчаку. Што зрабiў Алесь, каб не зарагатаць, не ведаю. А я пракусiў сам сабе левую шчаку. У роце зрабiлася салёна. Я схiлiўся i плюнуў на палiтру, каб запэўнiцца, што поўны рот крывi, а не слiны. Смех прапаў.
“Пакладзi станiк i стань нармальна”. Голас у мяне быў нейкi вайсковы, i Кася паслухмяна паклала на канапу белы станiк, зняла майткi i стала спакойна i асуджана, як жанчыны становяцца ў доўгую чаргу. Я пiсаў толькi торс: плаўныя ключыцы, налiтыя грудзi з ружовымi, што мальвы, саскамi. “Мне холадна!” — Касiны блакiтныя i пустыя вочы глядзелi на мяне патрабавальна. “У мяне ёсць вiно”, — з-за мальберта вынырнуў рабы Алесеў твар. Мы выпiлi дзве бутэлькi горка-салодкага “Агдаму” i не прыдумалi нiчога лепшага, як пайсцi ў кiнатэатр.
Заля была паўпустая, мы селi на першы рад i пачалi смяяцца, пэўна, выходзiў той “ржач”, якi мы праглынулi ў майстэрнi. Кiначасопiс скончыўся, запалiлася святло, да нас прычыкiльдыгала наглядальнiца. Яе азызлы, што вараная цыбулiна, злосны тварык з выбеленымi вусiкамi i бурачковым ротам наблiзiўся да мяне: “Будзеш смяяцца, выведу з залi!” Смяяцца расхацелася, захацелася сыграць джаз. Пад экранам блiшчэла чорнае пiянiна. Алесь iграў, Рогава спявала, як жыхарка амазонскае сельвы цi як Іма Сумак, я iмiтаваў Армстронгаву трубу, заля свiстала, тупала, лаялася i крычала. Такi поспех здараецца адзiн раз на ўсё жыццё. На вулiцы было свежа пад буйнымi зялёнымi зоркамi. І я натхнiўся i, абняўшы Рогаву, сказаў, што самыя вялiкiя зоры адбiваюцца ў цёмнай вадзе Амазонкi.
А з вадою, толькi не з рачною, а басейнаваю, у мяне знiтаваны яшчэ адзiн выпадак. У кiнатэатры “Спартак”, цяпер гэта Дом работнiкаў гандлю, быў шыкоўны буфет. Мясцiўся ён на антрэсолях, а не каля прыбiральнi ў сутарэннях, як у “Цэнтральным” i “Партызане”, дарэчы. За стойкаю там усмiхалася круглатварая дзявуля, якую мы празвалi Рэпа. На верхняй палiцы ў Рэпы стаяла вiно. На iтальянскi фiльм “Мы так любiлi” у “Спартак” мы прыйшлi учацвярых — Я, Алесь, Жанна i Вовiк. Мы доўга разглядалi верхнюю палiцу з вiном. “Кабернэ”, “Рыслiнг“, “Такайскае”... Мы скiнулiся i ўзялi партугальскi “Марцiнес”. Мы сядзелi на першым радзе i пiлi чырвонае моцнае вiно i смяялiся i глядзелi трагiкамедыю.
Читать дальше