Ура! Таварышы! Ура! Ну, вядома, блiжэйшых сваякоў за iндусаў беларусы нiколi не мелi, бо расейцы i ўкраiнцы не рыфмуюцца. А iндусы i беларусы рыфмуюцца, толькi чаму iндусы, а не тунгусы? Га? Але не ў гэтым закавыка, а ў iншым. Гэты вершык з назовам “Лагер Дружбы” мае яшчэ адну каштоўнасць. Яго склаў чалавек, якi адсядзеў за калючым дротам у канцэнтрацыйным сталiнскiм лагеры больш за дзесяць гадоў. І што, спытаеш ты? А нiчога, скажу я. Можа i сапраўды, калi глядзець на Артэк з Гулага, дык ён i нiшто сабе, i дружбаноў можна займець цi проста пазнаёмiцца з кiм цiкавым.
Да прыкладу, у Артэку я пазнаёмiўся яшчэ з петразаводскiм Ванем, чарнавокiм велiказубым хлопцам. Ён i падараваў мне паштоўку з архiтэктурным краявiдам Кiжоў. На паштоўцы пад сiнюшным небам стаяла шэрая цэркаўка, збудаваная без адзiнага цвiка. Белазубы Ваня расказваў, што ў XVIII стагоддзi расейскiя майстры маглi будаваць з адной толькi сякераю. Хто яго ведае, можа, яно i так. Паспрабуй, зацягнi на Поўнач тыя цвiкi. А так, з адной сякераю на плячы, расейскiм каланiстам было ямчэй рухацца на ўсе чатыры бакi ад Масквы. Сякера вельмi зручная рэч у справе мiрнага далучэння чужых земляў да iмперыi. Асаблiва да Расейскай, асаблiва ў XVIII стагоддзi, калi ў яе быў ваўчыны апетыт. Хто не згодны? Сякера хутка знойдзе шлях да згоды. І не трэба нiякiх цвiкоў, каб распiнаць i будаваць саборы ў гонар распятых, трэба прасцей: хто не згодны — кладзi галаву на калодку. Хру-у-упсь!
Вось з такiм — касцяным i адначасна плюгкiм гукам вылецелi два верхнiя пярэднiя зубы ў петразаводскага Ванi, калi ён упаў тварам на прыступку. Акуратную, майстравiта абкладзеную белай кафляй, а таму вастрарэбрую прыступку, якая вяла з калiдора на гаўбец. Ваневы далонi прызямлiлiся, прыпадлозiлiся каля самай прыступкi, i каб яе не было цi каб яна была крышку далей, дык твар аднаатрадаўца спынiўся б на бяспечнай адлегласцi, а два пярлiнна-блiскучыя разцы не вывернулiся б з верхняе дзясны i не выплюнулiся б на слiзкую кафлю разам з крывёю. І Ваня не плакаў бы, седзячы на кукiшках па-над чырвоным пляўком. Ну i я разам з Вiцем з Вiцебска не туляўся б побач i не задаваў бы сабе малапрыемнае пытанне... А цi не выганяць мяне з Артэка за бойку, у якой пiянер страцiў пярэднiя верхнiя разцы? Цi вышлюць толькi мяне, цi разам з Вiцем патураць? Што я скажу бацьку? Да пытанняў далучалiся розныя неразумныя развагi... Каб вылецелi не пярэднiя, а бакавыя зубы, дык можна было б угаварыць Ваню, каб шырока не раскрываў рот пры важатай Галiне, i гэтак у таямнiцы схаваць вынiкi бойкi. Толькi iнцыдэнт i бойкаю назваць цяжка. Я ж падышоў да Ванi зусiм блiзенька, каб ён не змог размахнуцца i ўдарыць. Памiж нашымi насамi засталося сантыметры са тры, не болей. І я цiхенька штурхануў яго ў грудзi. Ён, вядома, чакаў штуршка цi ўдару, але i думаць не думаў пра Вiцю, якi ў яго ззаду прысеў i скурчыўся каля самых ног. Ваня кульнуўся праз Вiцеву спiну вельмi па-цыркавому i нават паспеў перакруцiцца, каб упасцi спружынiста на рукi. А тут, лiха на яе, — прыступка.
Толькi буду шчыры: калi б петразаводскi Ваня ўпаў больш удала i не згубiў зубы, я б даў яму па твары нагою. Быў у мяне такi баявы намер, пакуль не пачулася ломкае хру-у-упсь i Ванева галава неяк страшна i рэзка тарганулася, нiбыта хлопца кальнула токам. Намер дабiць ворага знiк. А ворагам Ваня стаў неспадзявана i для самога сябе, ён прагаварыўся, ён зусiм не намерваўся нiкога крыўдзiць, сказаўшы ўголас тое, што думалася. З кожным можа такое здарыцца, але далёка не кожнаму за неабачлiвасць выбiваюць пярэднiя разцы. І вядома ж, пасля бойкi я пашкадаваў Ваню, але далёка не на ўсе сто працэнтаў, бо так цi iнакш, але ён павiнен быў прыняць пакаранне за абразу, кiнутую ў мой бок.
Я стаяў на калiдоры разам з Вiцем i спакойненька гаварыў, як цяпер памятаю, пра кедравыя шышкi. Мы дамаўлялiся пайсцi пашукаць iх у артэкаўскiм парку. Звычайная размова. Адна асаблiвасць яе была ў тым, што я гаварыў па-беларуску. А петразаводскi Ваня, стоячы поплеч, цiха ўсклiкнуў: “Какое мерзкое наречье!” Пачуўшы голас сэрца, якi вылецеў з савецкага пiянера, я падышоў да яго, каб удакладнiць несвоечасовыя думкi наконт маёй роднай беларускай мовы. Ваня ж замест прабачэння прачытаў зусiм кароткi, але вельмi змястоўны курс лекцый пра злiццё нацый i моў. Мяне, дарэчы, заўсёды здзiўляла наiўнасць савецкiх чалавечкаў, яны ж сапраўды верылi i вераць у тое, што ўсе нацыi сальюцца ў савецкую нацыю i на зямлi запануе бела-жоўта-чорны iнтэрнацыянальнамоўны чалавек. Ванеў iмперскi шавiнiзм я падбадзёрваў бясконцым паўтарэннем слова “гавары”. І Ваня дагаварыўся. Вось так мы пакаралi петразаводскага хлопца, пакаранне атрымалася крыху больш жорсткае, чым меркавалася, але я i цяпер нiколi не дарую чалавеку, якi абразiць маю нацыю. Гэта зусiм не азначае, што я адразу пачну выбiваць яму пярэднiя зубы, але надыдзе момант, i я... Хай сабе i буду пакараны, як тады ў Артэку: мне i Вiцю з Вiцебска забаранiлi ў той вечар iсцi на танцы. І мы стаялi на гаўбцы i глядзелi, як пад намi на ярка асветленай пляцоўцы бяззубы Ваня вытанцоўвае “летку-еньку”. Я не зайздросцiў яму.
Читать дальше