— За абразу я на цябе падам у суд.
— Давай, давай. Найцікавейшы працэс будзе. Хвіліну «госць» перад дзвярыма бубніў нешта неразборлівае, потым сказаў плаксівым голасам:
— Ах, вы так? Дык я лягу перад вашымі дзвярамі i... памру. Памру! Няхай людзі скажуць...
Што скажуць людзі, Аксён Пракопавіч не пачуў, бо Ірына ўчапілася ў яго рукаў, адвяла ад дзвярэй, горача зашаптала:
— Сеня, ён сапраўды можа легчы, п'яны ён, што вар'ят... дурны. Калі ён ішоў ад тралейбуснага прыпынку, то прамок. A ў нас у пад'ездзе скразняк. A ў яго мінулай зімой было запаленне.
— Добрая душа. Дык, можа, адчыніць яму? I падставіць яму морду? Няхай б'е. Некалі хацеў пабіць яго... I ад гэтага п'янага жадання атрымаў шчасце — цябе.
— А што рабіць? Што?
Камяк змоўк, але гукі за дзвярамі засведчылі, што ён сапраўды лажыцца.
Тэлефонны апарат стаяў у прыхожай на палічцы. Аксён Пракопавіч набраў нумар i гучна крыкнуў:
— Міліцыя!
Ірына павісла на яго руце.
— Не трэба, Сеня, не трэба!
Ён прашаптаў:
— Не перашкаджай. Я набраў нумар сваёй кафедры.
У яе здзіўлена расшырыліся вочы. А ён зноў гукнуў:
— Міліцыя! Да нас у дзверы ломіцца п'яны хуліган. Пагражае. Хто гаворыць? Прафесар Крапіўка. Наш адрас... Выязджаеце? Прашу хутчэй! Я бяссільны даць яму адпор. I суседзі баяцца.
Ірына прытулілася да яго.
— Які ты вынаходлівы.
— Цішэй. Чуеш?
За дзвярыма пачулася крахценне, лаянка, а потым, сціхаючы, злыя крокі на лесвіцы — Камяк уцякаў.
— Нахабнік i трус!
Ірына нервова засмяялася.
— Перашкодзіў дапісаць старонку. Ну, ды Бог з ёю. Будзем слухаць музыку. Яна супакойвае. Пра яго забудзем.
Нейкі час глядзелі i слухалі канцэрт моўчкі.
Але Ірына не стрымалася, уздыхнула.
— Баязлівец i ... п'яны дурань. Але мне шкада яго. Несалодка, відаць, з Ядвігай...
— Выкінь з галавы, Іра! — бадай сурова загадаў Аксён.
Яна сцялася, захуталася ў пуховую хустку.
— Я даўно забылася. Даўно. I каб ён не з'явіўся...
— Не верадзі душу. Ты ж добра знаеш фантазію п'яных.
— Яго фантазіі я знаю. Перад суседзямі няёмка.
— Растлумачым. Няхай пасмяюцца. З нас смяяцца не будуць. Бачаць, як мы жывём.
— Дзякуй табе, Сеня.
— Табе дзякуй, Іра, — павярнуў галаву i пацалаваў яе шчаку, да якой вярнулася заўсёдная смуглявасць. Яна ўзяла яго руку i пацалавала, чым збянтэжыла яго, хоць цалавалі яны рукі адно аднаму сотні разоў. I столькі ж прызнаваліся ў каханні — як юныя. I на гэты раз Ірына не ўстрымалася:
— Я люблю цябе, Сеня.
— А я дзякую Богу, што ён падарыў мне тваё каханне.
Аксён Пракопавіч выйшаў з двара бальніцы i ўбачыў сваю былую жонку. Ядвіга спускалася з ганку прыёмнага пакоя з пакетам у руцэ.
У яго не было ніякага жадання сустракацца з ёй, але сутыкнуліся тварам у твар — не схаваешся.
— А, Аксён! — бадай радасна выгукнула жанчына. — Здароў, прафесар!
— А-а, ты, — ён як бы здзівіўся. — Наведвала кагось?
— Не. Сама выпісалася.
— Хварэла? Што з табой?
— Ты не ведаеш, з чым ляжаць у гэтай бальніцы? Калі была з табой, я двойчы аказвалася тут — у «камандзіроўках». Ад цябе тайна. Ты — карась-ідэаліст, не зразумеў бы. А ты чаго аціраешся каля бабскай бальніцы?
— Я? — на хвіліну завагаўся: казаць? не казаць? А чаму не сказаць пра радасць сваю! — Я... мне толькі што Іра праз акно паказала дочачку нашу, тры дні назад нарадзілася. Вылітая Ірачка.
Ядвіга пазелянела i як бы збянтэжылася. Але на міг. Тут жа саркастычна хмыкнула:
— Ты робішся бабай, пан прафесар. «Вылітая Ірачка!» Ірачка! Якая сентыментальнасць! Усе бацькі такія слюнцяі?
— Чаму ты такая злосная? Зайздросціш?
— А чаму мне радавацца?
— Табе нявесела жывецца?
— Вельмі весела.
— А весялосць i ёсць радасць.
— Зануда ты, Аксён. «Вылітая Ірачка»... Ха!
— Ірыну не чапай.
— Цаца-цаца. Парадзіха па-за падазрэннем, як каралева. Маўчу. Але пачастуй мяне.
— Чым?
— Я хачу выпіць. A ў мяне няма грошай. Мама не перадала. Мяне цягне выпіць!
— Не зрабіся алкагалічкай.
— А можа, я ўжо стала ёю. У пад'ездах, праўда, не валяюся. Дама рэспектабельная... Але выпіць люблю. Хіба пры табе я не піла? Святы адзін ты... Усе астатнія грэшныя.
Хацеў сказаць, што ў яго няма грошай, але пабаяўся, што яна можа вылаяць яго, сапсаваць радасны настрой. I трохі шкада яе стала. Ды i ўрэшце, чаму i яму не выпіць чарку каньяка ці бакал віна за сваю Славяначку... Імя прыдумала Ірына, але яму спадабалася.
Пайшлі ў бок Вяснянкі.
— У цябе не цяжкая торба? Дай я пранясу.
Читать дальше