— Няважна ты пачынаеш сваю дзейнасць. Доўга, відаць, яшчэ калгасам будзе кіраваць Шаройка, а не ты.
Максім успыліў.
— Я бачу — табе хочацца кіраваць нашым калгасам. Ды не толькі нашым. Ты не супраць і украінскага суседа прыхапіць... Дзеяч сусветнага маштаба!..
— Глупства!
— Глупства? Я ведаю, чаго ты хочаш, — кіраваць калгасам-гігантам... Я памятаю, што ты аднойчы казаў... Забыў?
— Не, не забыў.
— Табе, відаць, і гідрастанцыя для гэтага патрэбна. Каб хоць ускосна... Гігантаман!
— Дурань ты, браце, пасля гэтага! — Васіль адвярнуўся, даючы зразумець, што ён не жадае больш і гаварыць.
Максім не на жарты абурыўся.
— Таварыш Ладынін! Я патрабую разабраць нашы адносіны на партыйным сходзе. Я не першы раз чую ад яго падобную абразу. А з-за чаго?..
— Пакіньце, Лескавец! Што вы, як пеўні... Сорамна — змораным голасам адказаў Ладынін. — Падумайце лепш добра аб яго прапанове. Сур'ёзна, па-партыйнаму, выкінуўшы з галавы ўсю лухту, якую вы зараз пачалі верзці...
Васіль, не развітаўшыся, вышаў на вуліцу і там чакаў Ладыніна і Байкова.
Была адліга. Са стрэх падалі буйныя кроплі. Дарога была цёмная і слізкая.
— Я — злосны, як піліпаўскі воўк, — сказаў Васіль, калі яны, нарэшце, закрочылі насустрач моцнаму заходняму ветру, што прынёс адлігу. — На душы такі нагар. Ну, чорт з ім! Не хочуць — не трэба. Пабудуем без іх!
Ладынін сціснуў локаць яго рукі.
— Не гарачыся, Мінавіч. Будаваць будзем разам. Я табе скажу: сённешні сход прынёс больш карысці, чым той, на якім адразу прынялі-б тваю прапанову. На поўмесяца хопіць размоў і самых гарачых спрэчак. А мы павінны ў гэты час не драмаць. Галоўнае: пераканаць, што ў іх хопіць сіл і паказаць, адкуль узяць гэтыя сілы і сродкі.
Байкоў ішоў крыху ззаду і маўчаў. Сход зрабіў пераварот і ў яго душы: знік яго скептычны настрой, цяпер і ён быў за электрастанцыю.
Машы выпала дзяжурыць апошнія гадзіны. Усё падрыхтаваўшы, члены камісіі разышліся адпачыць якіх пару гадзін перад, магчыма, больш, чым сутачнай напружанай і адказнай работай. Маша засталася адна. Пачаўся той дзень, дата якога макамі гарэла на шматлікіх плакатах па ўсёй краіне. Пачалося свята. Маша адчувала яго сэрцам. З часу звароту Максіма ў яе ні разу яшчэ не было такога светлага радаснага настрою; ён завалодаў усёй яе істотай, напоўніў кіпучай энергіяй, якую яна не ведала, куды падзець.
Нячутна ступаючы мяккімі валёнкамі, яна вышла з настаўніцкай у цёмны вестыбюль, па чарзе абышла класы. Усюды палілася ў грубках. Весела трашчалі сухія дровы. Водсвет полымя цераз паддувала, цераз шчылінкі ў дзверцах падаў на падлогу пучкамі. Гэтыя дзіўныя снапы святла трапяталіся, нібы жывыя.
Грубкі дыхалі гарачынёй. Густое паветра пахла елкай.
«Ап'янець можна ад такога водыру», — шчасліва падумала Маша.
У адным класе дзверцы грубкі былі адчынены зусім, і гарачае полымя дагараючых дроў аддавала пакою ўсё сваё чырвонае, трапяткое святло. Па баках, каля дзвярэй і каля вокнаў, быў мяккі поўзмрок, а супрацьлеглая сцяна была ярка асветлена. На сцяне — вялікі плакат: Сталін у поўны рост, за ім — у празрыстай дымцы — вежы Крэмля, блакіт неба. Маша доўга не магла адарваць вачэй. Ружаваты водсвет полымя калыхаўся і па колеру нагадваў ранішні золак, калі толькі што ўзыходзіць сонца, і над роснымі палямі трымціць, калышацца вось такое-ж ружова-празрыстае мроіва. Машы на момант здалося, што Сталін са сваёй шчырай бацькоўскай усмешкай ідзе проста да яе. І ёй вельмі захацелася прывітаць яго і падзякаваць яму за ўсё, што ён зрабіў для народа і асабіста для яе, для іх сям'і.
Убачыўшы, што з аднаго боку плакат адклеіўся ад сцяны, яна падышла і пяшчотна прыгладзіла яго. З яловых галінак, што зялёным вянком аздаблялі плакат, пасыпаліся на падлогу маленькія іголачкі.
«Так хутка высахлі! — здзівілася Маша. — Трэба свежых»...
Яна вышла ў калідор, дзе, ведала, засталіся яловыя лапкі, прынесла іх у клас і доўга і любоўна ўпрыгожвала дарагі партрэт.
Потым ёй захацелася ўсё агледзець яшчэ раз, усё праверыць, хоць гэтым цэлы вечар займалася камісія. Яна ўключыла святло. Ярка ўспыхнулі лямпачкі. Гледзячы на іх, па-дзіцячаму прыжмурыўшыся, яна з удзячнасцю думала пра Васіля.
Працуючы, яна спявала, ціха, часам без слоў — адну жыццерадасную мелодыю, і, прыслухоўваючыся да ўласнага голасу, не пазнавала яго.
Пасля таго, як яна канчаткова пераканалася, што ўсё на сваім месцы, усё, як належыць падрыхтавана, ёй раптам захацелася выйсці, адыйсціся да сельмага і з узгорку паглядзець на залітую святлом школу. Але покуль яна апраналася, лямпачкі пачалі цьмець і праз хвіліну патухлі. Электрастанцыя спыніла работу.
Читать дальше