«Хаця-б ён не праспаў», — падумала Маша аб механіку, хоць добра ведала, што аб гэтым паклапоціцца Васіль.
Яна падышла да акна. З глыбіні марознага неба прыветліва міргалі зоркі. На снезе цераз усю дарогу, ажно да саду ляжаў доўгі цень ад школы: дзесьці над заснежанымі гародамі ўзыходзіў месяц.
Машы ўспомніўся запіс у Алесіным дзённіку (учора ён выпадкова трапіў ёй у рукі):
«У чым паэзія нашага жыцця?»
Яна не прачытала адказ — пасаромелася, хоць ёй вельмі хацелася гэта зрабіць.
Цяпер захацелася адказаць самой.
Толькі яшчэ дзе-ні-дзе ў вёсцы замільгалі праз замёрзлыя шыбы агеньчыкі. Ні ў адной хаце яшчэ акно са двара не запылала чырванню ад полымя ў печы. Не пахла дымам, не рыпеў снег пад нагамі. Нават маўчалі яшчэ спрадвечныя будзільнікі — пеўні. Панавала цішыня. І раптам яе парушыла гучнае рыпенне дзвярэй. На ганку з'явілася Алеся ў кажушку, захутаная ў белую вязаную хустку. Яна весела скочыла з ганка на снег, і ён запішчэў, засмяяўся, зазвінеў пад яе нагамі на ўсю вёску.
Дзяўчына ажно спынілася на момант. Потым махнула рукой, засмяялася і пабегла па вуліцы. Каля такога-ж новага дома, у якім ужо гарэла святло, яна спынілася, хвіліну пачакала, пазіраючы на вокны.
Мароз залазіў пад кажушок, кусаў за шчокі; зліпаліся ноздры, цяжка было дыхаць. Але цела напаўнялася бадзёрасцю. Хацелася сарвацца з месца і бегчы, бегчы ўперад, у поле, насустрач наступаючаму дню, насустрач святу. А тут мусіш чакаць. Алеся ўзлавалася, яе дзявочая гордасць запратэставала: чаму павінна чакаць яна, а не ён?
— Ну, і дам! — яна пастукала кулаком аб кулак і вельмі павольна, нібы вартавы, рушыла назад. Адышлася крокаў за пяцьдзесят, павярнулася.
Супакоілі яе зоркі. Раптам адна з іх пакінула сваіх сябровак і паляцела ў бездань, начарціўшы на небе свой шлях доўгай агністай лініяй, за ёю — другая... Гэта — нібы разведчыкі, бо за імі неўзабаве цэлы рой зорак сарваўся, быццам з нябачаных галін і агнявымі пырскамі ўпаў недзе за сасоннікам. Алеся ні разу за сваё жыццё не бачыла такой прыгожай з'явы, і зоркі прываражылі яе, яна не зводзіла з іх вачэй, нібы чакала, што зараз усе яны сарвуцца з сваіх месц і закружаць у іскрыстым карагодзе.
Стрэлілі дзверы. Загаласіў снег. З двара таго дома, каля якога яна чакала, вышаў юнак. Убачыў яе — весела выгукнуў:
— Добрай раніцы, Алеся!
— Сануля! — адказала яна. — Я поўгадзіны чакаю цябе.
— Поўгадзіны?! — ён паўтарыў гэта такім радасным голасам, што яна тут-жа ў душы даравала яму тыя пяць хвілін, якія ён прымусіў яе чакаць.
— Пайшлі хутчэй! Якое я зараз бачыла дзіва! У хвойнік упаў цэлы рой зорак.
— У хвойнік! Рой зорак! — іранічна прамовіў Павел. — І чаму дзіва? Звычайная з'ява: метэоры...
Яна перапыніла.
— Паўлік, дарагі,-хоць у імя свята пазбаў ты мяне ад сваіх вучоных астранамічна-матэматычных разважанняў
— А ты мяне — ад сваіх вершаў.
— Адразу відзён сухар: у такі дзень — без вершаў!.. Хіба можна!
— Чытай чужыя, толькі не свае.
Яна засмяялася.
Вышлі ў поле. Незнарок, ад душэўнай прастаты і шчырасці, узяліся за рукі. І снег пад іх нагамі не галасіў ужо, а спяваў. А збоку, з вышыні на іх глядзеў стары, шчарбаты месяц і, вядома, зайздросціў іх маладосці, іх шчасцю.
Алеся спытала:
— Слухай, Паша, як ты думаеш, у чым паэзія нашага жыцця?
Да яе пытанняў, заўжды нечаканых і дзіўных, Павел адносіўся насцярожана, бо яна не аднойчы ўжо ставіла яго, выдатніка, «школьнага Ньютона» ў нялоўкае становішча. Можа таму, ён адказаў жартам:
— Для мяне — у рашэнні алгебраічных задач.
— Я сур'ёзна пытаю.
Ён падумаў.
— Для нас з табою зараз у тым, што мы падняліся ў чатыры гадзіны раніцы і, бязмежна шчаслівыя, радасныя, як дзеці, бяжым па марозу, па звонкаму снегу на выбарчы ўчастак, каб прагаласаваць першы раз у сваім жыцці...
Ён сказаў усё гэта з аднаго выдыху, нібы прадэкламаваў вершаваную страфу. Алеся засмяялася:
— О-о! Ды ты амаль паэт! — і пасля кароткай паўзы дадала:
— Шкада толькі, што ты не бяжыш, а цягнешся, як чарапаха, хоць на буксір цябе бяры. Чаму ты ўвесь час запавольваеш хаду? Давай прабяжым!
Але ён, сумеўшыся раптам, не адгукнуўся на яе прапанову.
— Будзеш лаяць?
— А што? — насцярожылася яна.
— Мушу сказаць табе, што мой неспакойны дзед вышаў раней за нас.
Алеся спынілася і так бліснула на яго вачыма, што ў яго, хоць ён і не мог убачыць іх выразу, ёкнула сэрца.
— Эх ты, формула алгебраічная! — і яна рашуча загадала: — Дагнаць і перагнаць!
Читать дальше