— Дай божа, каб кіраваў так, як бацька яго. А што малады, дык гэта нічога. Лазавенка таксама малады, а Шаройка вунь стары, а карысці з яго, як з таго казла...
Толькі ў сям'і Кацубаў вестка гэтая выклікала спрэчкі. Пеця быў гарой за Максіма: афіцэр, ордэнаносец, «такі гультаям паблажкі не дасць». Алеся была супраць:
— Нічога з яго не выйдзе. Не ў бацьку пайшоў.
Маша слухала і маўчала, у самой яе думка аб яго абранні была супярэчлівая: і хацелася, каб за старшыню быў ён — а раптам гэта зробіць яго сапраўдным чалавекам!— а яна жадала яму толькі найлепшага. І была трывога за калгас — а калі ён не здолее падняць яго, калі звіхнецца?
Сход пачаўся спакойна. Справаздачу Шаройкі выслухалі моўчкі і крытыкавалі яго ўжо спакойна, стрымана — у мінулым часе. Дарэмна Ладынін і Байкоў намагаліся разварушыць сход.
Гэтак-жа спакойна прайшлі і выбары старшыні. Калгаснікі самі назвалі Лескаўца. Толькі калі пачалі абмяркоўваць кандыдатуру будучага старшыні, ад дзвярэй малады, задзірысты голас спытаў:
— А каня ён умее запрэгчы?
Там, ззаду, пракаціўся кароткі смех. Хваля яго не закранула пярэдніх радоў. Наперадзе засмяялася адна Алеся Кацуба,— засмяялася звонка, весела. Яна сядзела за асобным столікам, у кутку: яе і другога дзесяцікласніка, Паўла Лескаўца, папрасілі весці пратакол. Максіма гэты яе смех непрыемна кальнуў, ён прыкметна пачырванеў, скоса зірнуўшы на яе.
Больш жвавасці ўнесла заўвага Клаўдзі Хацкевіч.
— Скажы, жаніцца ты думаеш? — сур'ёзна спытала яна Максіма. — А то за бабамі будзеш бегаць, а на калгасныя справы забудзеш. Я вашага брата ведаю!
Тут ужо засмяяліся ўсе, маладыя і старыя. Пасыпаліся жарты.
— Ого, яна ведае нашага брата!
— Бяры, Клаўдзя, лейцы ў рукі: будзь за сваццю.
— А як-жа, цікава ёй за сваццю быць! Яна ў нявесты цэліць!
Максім заўважыў, што і Маша смяецца разам з усімі,— спакойна, нават не пачырванеўшы.
Выбралі праўленне. Першай у склад яго назвалі Машу. Ладынін радаваўся за яе, назіраючы, з якой аднадушнасцю і павагай за яе галасавалі. Адначасова ён здзівіўся колькасці галасоў за Шаройку: мала чаго нехапіла, каб і ён зноў трапіў у праўленне.
«Моцныя-ж, браце, у цябе корані, — падумаў Ігнат Андрэевіч. —Давядзецца карчаваць».
У сувязі з тым, што брыгадзіра Лукаша Бірылу выбралі за намесніка старшыні, а інвалід Сяргей Кацуба сам папрасіўся, каб яго вызвалілі ад гэтай пасады, бо яму цяжка хадзіць, узнікла пытанне аб новых брыгадзірах. Усе разумелі, што лягчэй яго вырашыць тут, на агульным сходзе, а не на паседжанні праўлення. Але і для сходу гэта аказалася досыць-такі нялёгкай задачай.
Адзін — адмаўляўся сам, выстаўляючы ўважлівыя прычыны, другі — выклікаў моцныя пярэчанні сходу.
Ладынін кіўнуў Машы.
— Вазьміцеся вы, Марыя Паўлаўна.
Жанчыны, нібы чакалі гэтага сігналу, — адразу падтрымалі:
— Правільна!
— Лепшага брыгадзіра не знайсці!
— За ёй мы ўсе — хоць у ваду і ў агонь!
— Расступіся, мужчыны, — дарогу жанчыне!
— Хопіць вам камандаваць! Цяпер мы вамі пакамандуем!
Як заўсёды, без жартаў не абыходзіліся.
Ад «паважных гаспадароў» выступіў калгасны каваль Сцяпан Прымак.
— Мы ўсе паважаем Машу. Ніхто, канешне, не можа сказаць супраць яе і слова, а хай хто паспрабуе — я таму язык на кавадла і трыццаціфунтовым молатам... Ведай, лайдак, што гаварыць. Але Маша — чалавек мяккі, з усімі ласкавая, далікатная, а народ у нас цяжкаваты. Ў нас — не тое, што ў Дабрадзееўцы. У нас другога покуль добра па галаве не дзеўбанеш, дык ён не паварушыцца...
— А першага цябе!
— Чыя кароўка мычала-б, а твая маўчала-б!..
— Святы Сцяпан заступнік!
Каваль махнуў на жанчын рукой:
— Ат!.. Хіба вас перакрычыш, калі ў вас глоткі, як той мех у маёй кузні!..
Ладынін зноў звярнуўся да Машы:
— А як думае сама Марыя Паўлаўна?
Маша паднялася, павярнулася тварам да калгаснікаў. Жанчыны весела заківалі ёй галовамі: згаджайся. Яна пашукала дзяўчат свайго звяна: што скажуць яны? З дзяўчат яна нікога не знайшла, а раптам убачыла Васіля. Старшыня «Волі» сядзеў каля сцяны, сярод мужчын. Позіркі іх на момант сустрэліся. Ён ледзь прыкметна ўсміхнуўся, кіўнуў галавой. Машы здалося, што ён сказаў: згаджайся. І гэта вырашыла. Прыкметна пачырванеўшы ад хвалявання, яна адказала:
— Я — як народ... Толькі каб у сваёй брыгадзе...
Калі пачалі назначаць другога брыгадзіра, выступіў
Шаройка. Усім кінулася ў вочы, як ён згорбіўся, пастарэў і стаў ніжэйшы ростам. І голас яго змяніўся.
Читать дальше