Ладынін хвіліну памаўчаў, потым прапанаваў:
— Ведаеш што? Вазьмі на сябе кіраўніцтва агітацыйнай групай у Дабрадзееўцы?
— Я? А Мяцельскі?
— Мяцельскага, яго жонку і Ліду я перакінуў у Лядцы. Там, брат, непачаты край.
— Цяжка мне будзе, Ігнат Андрэевіч!
— Нялёгка. Але затое карысна і для справы і для цябе. Будзеш і ты шукаць людзей, а то ты палюбіў, каб толькі цябе шукалі.
Васіль ведаў: карысці калгасу будзе нямнога, калі агранамію будзе вывучаць адзін ён. Каб падняць гаспадарку, павысіць ураджайнасць, трэба ўзброіць ведамі для пачатку хаця-б сваіх бліжэйшых памочнікаў: брыгадзіраў, звеннявых, загадчыка фермы, членаў праўлення. Таму, як толькі закончыліся палявыя работы, ён узяўся за арганізацыю такой вучобы. Сваю школу ён назваў сціпла: агранамічны гурток. Але сваіх памочнікаў ён абавязаў рэгулярна наведваць заняткі гэтага гуртка. Спачатку гэта выклікала маўклівае супраціўленне з боку асобных актывістаў. Нехта нават тайком паскардзіўся ў раён, абвінаваціўшы старшыню ў насаджэнні ваеннай дысцыпліны. Васіль адмахнуўся ад пустых размоў і настойліва дамагаўся аднаго: прышчапіць людзям любоў і цікавасць да вучобы. Дапамагла яму ў гэтым раённая газета. Рэдактар яе Прыпецень пабыў на адных занятках і распісаў добры пачын дабрадзееўцаў на цэлую паласу сваёй газеты. Потым прышоў на дапамогу Ладынін. Ігнат Андрэевіч параіў пашырыць праграму і сам пачаў чытаць слухачам лекцыі па статуту сельскагаспадарчай арцелі, па міжнароднай палітыцы і аб вопыце перадавікоў калгаснай гаспадаркі. Сціплы гурток ператварыўся ў сапраўдную агранамічную школу. Слава аб ім прайшла па раёну. Старшыня калгаса «Перамога», з суседняга сельсовета, Дзяргай, сам часта прыязджаў на заняткі і рашэннем праўлення абавязаў двух сваіх брыгадзіраў рэгулярна наведваць іх. З «Зоркі» прыходзілі дзве сястры Дудко, Ліза і Вера, хоць старшыня іх, Піліп Раднік, адносіўся да вучобы скептычна. З «Партызана» заняткі наведвалі чатыры дзяўчыны на чале з Машай Кацуба. Людзей набралася больш, чым Васіль спачатку меркаваў, А добрага спецыяліста-агранома не было. Покуль што ён спраўляўся сам. Але ўсё часцей і часцей слухачы пачалі задаваць такія пытанні, на якія яму, не звярнуўшыся да літаратуры, адказаць было цяжка. Спроба дамовіцца з участковым аграномам нічога не дала. Аграном быў стары практык, але чалавек без аўтарытэта, у калгасах яго не любілі за яго паводзіны ў часе акупацыі. Таму, як толькі Васіль даведаўся, што да іх назначаецца новы ўчастковы аграном, адразу-ж паехаў у раён і сустрэўся з ім.
Павел Паўлавіч Шышкоў — амаль аднагодак Лазавенкі. На вайну ён пайшоў з другога курса сельскагаспадарчага інстытута. Страціўшы на вайне левую руку, ён вярнуўся назад у інстытут і скончыў яго.
Яны спадабаліся адзін аднаму з першага знаёмства, і Васілю без асаблівай цяжкасці ўдалося сагітаваць Шышкова пасяліцца ў яго калгасе. Кватэры яму ён не стаў шукаць, а пасяліў у сваім доме ў той-жа бакоўцы, дзе стаяў і яго ложак.
За тры дні яны сталі сябрамі і ведалі адзін аб адным больш, чым, напрыклад, ведалі аб Васілю людзі, якія пражылі разам з ім амаль усё жыццё. Размовы іх у гэтыя першыя дні зацягваліся да пяці-шасці гадзін раніцы. Толькі пачуўшы рыпенне калодзежнага жураўля, яны схамяналіся і, дакараючы адзін аднаго, лажыліся спаць.
... Слухачоў набралася многа. Больш чым на любых папярэдніх занятках. Прышлі нават тыя, што раней ніколі не прысутнічалі. Асабліва многа было дзяўчат. Васіль разумеў: многіх прыцягнула сюды простая дзявочая цікаўнасць — пабачыць зблізу і паслухаць маладога агранома. «Толькі пра хлопцаў і думаюць», — але ў душы быў рад такой мнагалюднай аўдыторыі. Здзівіла яго ў той вечар нечаканае сяброўства Машы і Насці: яны сядзелі побач і мірна гутарылі. Ды і не аднаго яго гэта здзівіла. Ён бачыў, як шэпчуцца дзяўчаты, кідаючы на іх насмешлівыя позіркі.
Ён разумеў, чым выклікана змена ў адносінах Насці да Машы, і злаваўся.
«Дурніца, зноў, відаць, спадзяецца! Ліха ведае, што за дзяўчына!»
... Дзіўныя адносіны былі паміж імі. Насця Рагіна карысталася славай прыгажуні на ўвесь сельсовет. Гібкая, з чорнымі брывямі на белым, з тонкімі пяшчотнымі рысамі твары, з рудаватай, але прыгожай доўгай касой, — яна закружыла галаву не аднаму хлопцу. Яшчэ калі ёй было ўсяго шаснаццаць год, і яна толькі што скончыла сямігодку, да яе сватаўся настаўнік. Пасля вызвалення ў Дабрадзееўцы доўгі час стаяў на адпачынку артылерыйскі полк. Дык амаль усе маладыя афіцэры былі закаханы ў яе. А адзін маёр сватаўся па ўсіх правілах, да бацькоў прыходзіў. Насця смяялася, жартавала, не аднаму паабяцала чакаць. Але, калі полк выехаў, і яе пачалі засыпаць лістамі, яна не адказала ні на адзін ліст. А раптам сама першая пачала пісаць Васілю Лазавенку, які ў той час ляжаў у шпіталі. Яна была гады на чатыры маладзей за яго, і да вайны яны, мабыць, ні разу нават не пагутарылі па сур'ёзнаму. Хіба так калі, выпадкова, ён перакідваўся словамі з вясёлай дзяўчынкай. Таму перапіска гэтая здзівіла яе сябровак. Толькі старыя жанчыны ўхвалілі яе.
Читать дальше