Яны ішлі, гутарылі і смяяліся. Але ў канцы саду Маша раптам спынілася, нібы наскочыла на нейкую перашкоду.
— Вася! Ладынін!
Да любой сустрэчы яна-б аднеслася зараз абыякава, нават, здавалася, каб раптам спаткаў іх Максім... Але Ладынін... А раптам сакратар не ўхваліць яе ў гэтую светлую, незабыўную хвіліну? Ён можа зрабіць гэта не словамі — адным позіркам.
Ладынін ішоў па сцежцы паўз агароджу.
— Ну, дык што, што Ладынін? — і, зразумеўшы яе, Васіль усміхнуўся. — Ён ведае. Я сказаў яму... Яшчэ ўчора...
Ладынін убачыў іх і, спыніўшыся, чакаў.
Бровы яго сышліся ў адну лінію, утварыўшы зморшчынкі на ілбе. Позірк у яго быў суровы, і ў Машы спалохана ёкнула сэрца. Але праз момант яна зразумела: такім чынам Ігнат Андрэевіч намагаўся схаваць усмешку. І не здолеў. Яна пырснула раптоўна,— добрая, ласкавая, асвятліла яго твар. Ён працягнуў Машы руку і сказаў адно толькі слова, простае і шчырае:
— Віншую.
А паціскаючы руку Васілю, дадаў:
— Ад шчырага сэрца.
Васіль кіўнуў галавой у бок свайго дома:
— Зойдземце, Ігнат Андрэевіч?
— Не, не. Я ведаю, калі трэба зайсці. Не турбуйся. Апрача таго, мне трэба ехаць... Чакаю Лескаўца... Калі ласка, — ён з павагай саступіў са сцежкі, і яны, адышоўшы, адчувалі на сабе яго добры позірк, і сэрцы іх усё больш і больш напаўняліся адчуваннем шчасця.
Старая Кацярына палола грады і, як заўсёды, думала пра сына, уздыхала. Слаўны яе сын, паважаны на ўвесь раён. Але для поўнага матчынага шчасця нехапала аднаго... Сапраўды, няўжо няма для яго дзяўчыны? Падабаецца яму доктарава дачка — сватаўся-б да яе, не цягнуў-бы. Старая ўпэўнена, што выйсці замуж за такога чалавека, як яе сын, найвялікшае шчасце нават і для доктаравай прыгажуні. Праўда, у душы яна за тое, каб сын жаніўся на прасцейшай дзяўчыне. Але хіба яму ўкажаш? Ды, урэшце, Ліда таксама дзяўчына неблагая. Яна і грады палоць умее не горш за любую вясковую, і карову падоіць... А выйдзе замуж — дык, вядома, кіне з хлапчукамі на каньках бегаць, ды ў мяча гуляць...
— Мама, ідзі сюды!
Яна выпрамілася і ўбачыла сына: ён стаяў каля паркана. Побач з ім стаяла Маша. Але, убачыўшы яе, Кацярына нічога не падумала, бо ці мала цяпер ходзіць людзей, і старых і маладых, да яе сына, тым больш, што ў хаце калгасная канцылярыя. І яна спытала:
— А навошта я табе?
— Ідзі, ідзі хутчэй.
Яна падышла.
— Мый, мама, рукі і жар яешню — частуй нявестку,— Васіль сказаў гэта проста, з гарэзнай усмешкай, і маці спачатку падумала, што ён жартуе. Але, зірнуўшы на Машу і ўбачыўшы сарамлівы румянец на яе твары, ахнула, ажно прысела і не ведала, што рабіць са сваімі запэцканымі ў вільготную зямлю рукамі. Потым хуценька выцерла іх аб фартух, кінулася да Машы, абняла.
— Машачка, родная мая! Не дарма я цябе ў сне сёння бачыла, — і заплакала.
— Не трэба, мама, — цалуючы яе, сказала Маша і ўздрыгнула. «Мама!» — слова гэтае кранула самыя найлепшыя пачуцці ў душы. Восем год яна не мела каму сказаць гэтае самае дарагое слова і толькі, успамінаючы маці, шаптала яго, часцей за ўсё ў хвіліны роспачы і гора. І вось яна прамовіла гэтае слова ў радасці, звяртаючыся да жывога чалавека. Ад гэтага яшчэ больш светлым зрабілася яе шчасце, і яна адчула, што шчокі яе мокрыя ад слёз.
Нядоўга Маша затрымалася ў свякрухі — толькі паснедалі. Але гэтай нейкай гадзіны — не больш — было дастаткова, каб навіна маланкай абляцела і Дабрадзееўку і Лядцы.
Жанчыны яе брыгады палолі лён каля самых гародаў, у баку ад дарогі. Убачыўшы Машу яшчэ каля сасонніку, яны ўсе, як адна, пасталі і, засланіўшыся далонямі ад сонца, глядзелі на яе. Маша зразумела, што яны ўсё ведаюць, і рушыла да іх. Дзяўчаты кінуліся ёй насустрач. Падбеглі, абхапілі дзесяткам пар рук, павіслі на шыі, потым амаль панеслі.
— Віншуем, Машанька!
— Не віншаваць, а біць трэба! Гэта-ж сказаць: такое ад сябровак хавала!
— А я ведала, — адгукнулася Дуня.
— Ведала?
— Ведала, але маўчала.
— Усёадно не даруем Машы!
— На каго ты нас пакінеш?
— Не пусцім мы цябе ў «Волю»!
— Не пусцім, дзяўчаты!
— Няхай Васіль да нас ідзе!
Да гэтага часу Маша ні разу не падумала, дзе, сапраўды, яна павінна жыць, як будзе з яе брыгадзірствам. І Васіль ні слова не сказаў пра гэта.
— Я нікуды не пайду!
Але на словы яе не звярнулі ўвагі. Толькі нехта з жанчын адгукнуўся:
— Расказвай! Ведаем мы! На крылах паляціш!
Жанчыны паводзілі сябе больш стрымана — не абнімалі, не цалавалі, нават асабліва не віншавалі, толькі добра, ласкава ўсміхаліся, прыязна ківаючы галовамі. Ухвалялі практычна, разважліва.
Читать дальше